Адноўленая школа мастацтваў, брэндавыя мерапрыемствы, гатоўнасць сустрэць бязвізавага турыста… Што абмяркоўвалі работнікі культуры, падводзячы вынікі года
Сёння ў актавай зале Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў сабраліся работнікі культуры раёна, каб падвесці вынікі сваёй дзейнасці за 2019 год і вызначыць задачы на перспектыву. Месца сустрэчы выбралі не выпадкова. У выніку трансгранічнага міжнароднага праекта будынак ДШМ рэканструяваны: тут створаны ўмовы для плённай працы педагогаў і вучняў. -- Гэта добры прыклад партнёрства для іншых, -- падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, якая таксама прыняла ўдзел у выніковай нарадзе.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Ганчарук запрасіла калег да жывога і канструктыўнага дыялогу, які б акрэсліў новыя накірункі работы. Сваімі напрацоўкамі падзяліліся мастацкі кіраўнік Жалудоцкага Дома культуры Валянціна Клімовіч, загадчыца сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва Таццяна Ціцяк і загадчыца аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ Ірына Хвайніцкая, бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі Ганна Карповіч, дырэктар Шчучынскай ДШМ Іосіф Сасноўскі.
Аб тым, якія задачы сёння стаяць перад сферай культуры, расказала ў сваім выступленні намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама С.В. Куратчык. Словы падзякі за плённую працу выказала прысутным у зале А.В. Пасюта. Шэраг работнікаў культуры быў ўзнагароджаны граматамі і лістамі падзякі. Прыемным падарункам для ўсіх стаў канцэрт народнага ансамбля “Дывертысмент” Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.