Ад механізатара да дырэктара. Станіслаў Юльянавіч Гузень сёння святкуе 65-гадовы юбілей

На дзіва шчодрым на юбілеі аказаўся сёлетні год як для філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, так і для яго дырэктара – Станіслава Юльянавіча Гузеня. Адна з лепшых гаспадарак раёна рыхтуецца адзначыць 80-годдзе, а яе кіраўнік сёння святкуе уласны 65-гадовы юбілей. Адметна і тое, што роўна паўстагоддзя мінула з тае пары, як хлапчуком-падлеткам Станіслаў Гузень прыйшоў на работу ў мясцовую гаспадарку. Ці думаў тады хто-небудзь, гледзячы на снаравітага юнага прыцэпшчыка, які раз-пораз уручную ўздымаў плугі пры рабоце яшчэ такога недасканалага ў параўнанні з сучасным трактара, што міне час, фантастычна зменіцца тэхніка, а гэты дапытлівы малады чалавек дарасце да вопытнага і кампетэнтнага кіраўніка-гаспадарніка, упіша свой важкі радок у летапіс роднага сельгаспрадпрыемства? 

Дарэчы, яшчэ адна знакавая дата выклікае гонар у жыхароў Прынёманскага краю: сёлета наша Гродзенская вобласць адзначае 75-годдзе. Працоўная біяграфія героя гэтай публікацыі наліўным зернеткам прарастае ў слаўную гісторыю рэгіёна. Імя Станіслава Юльянавіча Гузеня занесена як у Кнігу Славы Гродзенскай вобласці, так і ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна. Ён узнагароджаны знакам “За заслугі перад Гродзенскай вобласцю”, у свой час быў удастоены звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.
Нядаўна мы сустрэліся з юбілярам і шчыра пагутарылі пра першыя крокі ў прафесію і першую ў жыцці зарплату, адносіны да працы, ступені росту чалавека і аграпрадпрыемства.

“ Наш Жалудок калісь быў райцэнтрам”

– Станіслаў Юльянавіч, узгадваючы мінулае, якім паўстае Жалудок з Вашых дзіцячых і юнацкіх успамінаў?
– Па-першае, гэта быў раённы цэнтр у складзе спачатку Баранавіцкай, а з 20 верасня 1944 года – Гродзенскай вобласці. “Сэрцавіну” мястэчка ў народзе празвалі Плошчай Сямі Дарог, і гэта адпавядала рэальнасці. У Жалудку быў надзвычай развіты гандаль, і тут заўжды віравала жыццё. На аўтастанцыю кожныя паўгадзіны прыбывалі аўтобусы з мноствам пасажыраў, якія жвава адпраўляліся па сваіх справах. Само сабой, што ў цэнтры знаходзіўся райвыканкам. Працаваў ваенкамат. Увогуле ў пасёлку было шмат ваенных, таму што дыслацыраваліся тры вайсковыя часці. 
Акрамя школы, дзе ў дзве змены вучыліся 900 чалавек, дзейнічала медвучылішча. Пры бальніцы ніколі не пуставаў радзільны дом. На ўвесь рэгіён грымеў Дом культуры з яго мастацкай самадзейнасцю, а на вечарах адпачынку ўтвараліся дружныя маладыя пары, урэшце з’яўляліся новыя сем’і.
Гісторыя нашай гаспадаркі, паводле архіўных даных, распачалася з арганізацыі ў 1939 годзе сельгасарцелі імя Сталіна. З 1961 года калгас атрымаў назву “Зара камунізму”, а з 1993 года – “Жалудоцкі”. 

Ад механізатара да дырэктара

– Станіслаў Юльянавіч, ведаю, што Ваш уласны працоўны шлях пачаўся яшчэ ў 15 год.
– Мяркую, што нават значна раней, бо ў вялікай сям’і, дзе шасцёра дзяцей, кожны працаваў з самага маленства. А пасля заканчэння васьмі класаў я адразу ўладкаваўся на работу ў калгас, каб хоць крыху дапамагчы бацькам. Жылі бедна – на мізерныя трудадні, а тата з мамай ад непасільнай працы рана сталі інвалідамі. Вось я і пайшоў у прыцэпшчыкі. У чэрвені 1969 года атрымаў першую ў сваім жыцці зарплату – 60 рублёў. Купіў сабе касцюм з іголачкі, туфлі адмысловыя і паехаў паступаць у тэхнікум. Падчас вучобы практыку заўжды праходзіў у роднай гаспадарцы. Дый на канікулах ні дзянька не адпачываў. На трактары, на камбайнах працаваў, машынай кіраваў. СК-3 і СК-4 былі практычна без кабіны: адзін казырок над галавой ад пякучага сонца. Дамоў са жніва вяртаўся выматаны, чорны, як шахцёр. Мама загадзя грэла на вулічнай пліце дзве вываркі вады, каб адмыцца. Вось такія ўмовы былі калісь. І самае дзіўнае, што ніхто не скардзіўся на цяжкасці.
– Затое сёння ў “Жалудоцкім агракомплексе” адзін з лепшых машынна-трактарных паркаў у раёне.
– Не толькі ў раёне, але і ў вобласці, ды нават у рэспубліцы. Як сведчанне – той факт, што па выніках работы 2017 года мы занялі першае месца ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе землекарыстання высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання мехдвароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў. У якасці прыза атрымалі новенькі МТЗ-82. Увогуле тэхніка ў нас адмысловая. 
– Станіслаў Юльянавіч, з 50 гадоў працоўнага стажу амаль два дзесяцігоддзі Вы займаеце дырэктарскую пасаду…
– Аднак да гэтага я прайшоў практычна ўсе ступені: працаваў механікам, загадчыкам вытворчага ўчастка, начальнікам комплексу калгаса “Жалудоцкі”, а ў 2001 годзе быў назначаны дырэктарам асобнага прадпрыемства – філіяла “Жалудоцкі свінагадоўчы комплекс”. Цёплым словам успамінаю тых кіраўнікоў, з якімі пачынаў сваю працоўную біяграфію і ў якіх было чаму павучыцца. Гэта Пётр Ціханавіч Сёмкін, Іван Кірылавіч Козіч, Аляксандр Васільевіч Шэршань. Усе яны, як і нашы радавыя аграрыі, закладвалі надзейны падмурак для сённяшняга росквіту жалудоцкай зямлі.
– Мабыць, сур’ёзным іспытам стала далучэнне да вашага эканамічна моцнага прадпрыемства “Жалудоцкі свінагадоўчы комплекс” сельгаскааператыва “Жалудоцкі”, які на тыя часы здаў свае пазіцыі і патрабаваў новых падыходаў і пэўных антыкрызісных дзеянняў.
– Далучэнне адбылося сем год назад – у красавіку 2012 года, і гэта сапраўды быў няпросты перыяд у гісторыі нашай гаспадаркі. Але калектыў дастойна пераадолеў усе выклікі і справіўся з пастаўленымі задачамі. Мяркуйце самі, тады гадавы ўдой на адну карову складаў 3 тысячы 700 літраў, а ў 2018 годзе гэты паказчык вырас ужо да 7 тысяч 350 л. Сёлета ўвогуле мы плануем наблізіцца да 8-тысячнага рубяжа.
Намалот зерня ў 2012 годзе складаў 6,5 тоны, а летась мы нават больш чым падвоілі гэту лічбу, намалаціўшы 14 тысяч тон. У прадстаячым сезоне ў нас ёсць усе падставы дабіцца 16-тысячнага намалоту. Вось яна – дынаміка росту і развіцця нашага аграпрадпрыемства.
Сёння філіял “Жалудоцкі агракомплекс” – лепшае падраздзяленне холдынга ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. Мы лідзіруем практычна па ўсіх пазіцыях: і па малацэ, і па прывагах жывёлы, і па валавой вытворчасці. Нашу высакаякасную прадукцыю, якую мы пастаўляем у гандлёвыя сеткі ў сучаснай вакуумнай упакоўцы, ведаюць па ўсёй Беларусі, уключаючы Мінск. 
– У чым жа сакрэт поспеху?
– У рацыянальнай арганізацыі працы, высокім узроўні дысцыпліны, зацікаўленасці ўсяго калектыву ў плённым выніку, – лічыць Станіслаў Юльянавіч Гузень. – Мой працоўны дзень пачынаецца ў пяць гадзін раніцы і, бадай, не бывае так, каб я не аб’ездзіў палі, не наведаў вытворчыя аб’екты, не пагутарыў напрамую з людзьмі. Трымаць руку на пульсе, быць патрабавальным да сябе і да падначаленых, умець правільна вызначаць прыярытэты і своечасова выконваць пастаўленыя задачы – гэта надзвычай важна для любога кіраўніка, як і ўменне глядзець наперад, ужо сёння закладваць падмурак на будучае. 
А дзеля гэтага ў гаспадарцы ў апошнія гады маштабна вядзецца рэканструкцыя ключавых вытворчых аб’ектаў, актыўна ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі, ідзе тэхнічнае пераўзбраенне, замена абсталявання на энергазберагальнае. У гэтым і наступным гадах стаўлю перад сабой задачу завяршыць поўную рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў гаспадаркі. Да прыкладу, сёлета канчаткова ўправімся з капітальным рамонтам свінагадоўчага комплексу. 
– Галоўнае пры такіх падыходах мець надзейную каманду…
– Усе спецыялісты – нашы мясцовыя. Так ужо здавён павялося, што кадры мы ўзрошчваем свае. Вось і зараз без адрыву ад вытворчасці вышэйшую адукацыю набываюць восем чалавек. Гэта наш рэзерв, наш кадравы патэнцыял.
Людзі – галоўнае багацце. А працоўны калектыў у нас згуртаваны, кожны даражыць сваім рабочым месцам і рабочым гонарам. Дзеля гэтага важна ствараць дастойныя ўмовы працы, умець дайсці да кожнага, разумець душу простага чалавека і яго спадзяванні. Не толькі за паказчыкамі гнацца, але і думаць пра рэальны дабрабыт людзей. Дзейнічае для членаў калектыву важкі сацыяльны пакет. Мабыць, таму і няма ў нас кадравага дэфіцыту, цякучкі. Як кажуць, хто тут нарадзіўся – той і прыгадзіўся.

Заквітнеюць дзевяць тысяч цюльпанаў!

– Станіслаў Юльянавіч, якія мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі ладзяцца ў рамках Года малой радзімы? 
– Вельмі шмат зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Старыя збудаванні мы зносім, а пусткі ператвараем у дадатковыя пасяўныя плошчы. Сочым за станам мясцовых дарог. Узорны парадак у нас на вытворчых плошчах. Да прыкладу, дзевяць тысяч цюльпанаў высаджана толькі на тэрыторыі Жалудоцкага свінагадоўчага комплексу. Ды кожная ферма ў нас патанае ў кветках! Ёсць і свая цяпліца па вырошчванні расады дэкаратыўных раслін. Пасадачным матэрыялам мы забяспечваем і клумбы роднага пасёлка, і “зялёная праекты” свайго галаўнога прадпрыемства – ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. 
– Нездарма Жалудок – сталіца кветкавага фестывалю, які грыміць на ўсю Гродзеншчыну і нават рэспубліку!
– Так, я як дэпутат і мясцовага, і раённага Савета падтрымліваю гэту ініцыятыву, а наша аграпрадпрыемства не толькі актыўна ўдзельнічае ў фестывалі, але і бярэ на сябе нямала арганізацыйнай нагрузкі.
– Адкуль гэта ў Вас – любоў да кветак?
– З дзяцінства – ад мамы. Яна вырошчвала ў палісадніку ля дома каля 30 відаў гладыёлусаў, а яшчэ мальвы, флёксы, вяргіні… У нас у Жалудку ўсе любяць кветкі. Прыемна, што гэта традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. У мяне ля дома адна палова ўчастка засаджана кветкамі, а другая адведзена пад дзіцячую пляцоўку – на радасць унукам.

“У асабістым жыцці я таксама чалавек канкрэтны”

– Цікава, як утварылася Ваша сям’я, як Вы сустрэлі сваю чароўную палавінку?
– З дня знаёмства са сваёй будучай жонкай да моманту прыняцця лёсавызначальнага рашэння прайшло роўна … два тыдні. Пры гэтым былі ўсяго тры кароткія сустрэчы, але і гэтага было дастаткова, каб я зразумеў, што гэта мая жанчына, маё сапраўднае каханне. І як чалавек канкрэтны, які не любіць нічога адкладваць на потым, у чарговы прыезд Галіны з вучобы цвёрда заявіў: “Вядзі да сваіх бацькоў знаёміцца.” Так я папрасіў яе рукі. І мы, не памыліўшыся ў выбары, разам крочым па жыцці ўжо 42 гады! 
Выхавалі дваіх дзяцей. Радуе, што сын Віталій – добры сем’янін, жыве ў Гродне, працуе на прадпрыемстве “БіяКом”. Ганарымся і сваёй нявесткай Марынай, якая працуе ў Гродзенскім аблвыканкаме, займаецца пытаннямі аздараўлення працоўных, часта выступае на тэлебачанні.
І сын, і дачка ў нейкай ступені пайшлі па маіх слядах, бо закончылі Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Дарэчы, Іна працуе на кафедры аховы раслін аграўніверсітэта, у навукова-даследчай лабараторыі. Яны з зяцем Леанідам падарылі нам цудоўных унукаў. 15-гадовы Дзяніс – не на жарт захапляецца спортам, ужо баксёр-разраднік. А 12-гадовая Ніна – сапраўдная артыстка: прыгожа спявае, акампаніруе на піяніна, іграе на клавішным інструменце “Ямаха”. 
У сына таксама двое нашчадкаў. Даша ў свае 15 вельмі сур’ёзная, марыць стаць урачом, выдатна вучыцца, а 8-гадовая Машанька імгненна знаходзіць агульную мову з усімі катамі і сабачкамі, не баіцца ніякіх звяркоў і насякомых, сцвярджае, што будзе ветэрынарам.
– Бачна, што Вы вельмі любіце дзяцей.
– Яны – наша шчасце, наша будучыня. Унукі цяпер аб’ядналіся і рыхтуюць музычную праграму да майго юбілею, сямейнае святкаванне якога мы перанеслі на Вялікдзень. Дзяніс узяў на сябе абавязкі вядучага. Так што свята абяцае быць сапраўды радасным і ўрачыстым.
– Мы таксама ад душы віншуем Вас, Станіслаў Юльянавіч, з юбілеем, жадаем здароўя і душэўных сіл ажыццявіць усё задуманае на роднай зямлі.
Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!