9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты. Святлана Іосіфаўна Будзіловіч - сапраўдны “паштовы чалавек”

“Паштовы чалавек” – так у Шчучынскім раённым вузле паштовай сувязі называюць работніка, які праз 2-3 гады пасля таго, як прыйшоў сюды працаваць, зразумеў: гэта і ёсць справа, якой ён гатовы служыць верай і праўдай. З кагорты такіх душой і сэрцам адданых пошце людзей і старшы інструктар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях Святлана Іосіфаўна Будзіловіч.

 

“Вельмі кампетэнтная, адказная, добрасумленная, ініцыятыўная супрацоўніца. Пастаянна папаўняе свой багаж ведаў, ахвотна дзеліцца з іншымі. Дасканала ведае не толькі сваю работу, але і кожнага паштальёна, аператара… Як рэвізор строгая, калі бачыць парушэнні. Разам з тым гэта вельмі чулая і добразычлівая жанчына, – з гонарам пералічвае прафесійныя і чалавечыя вартасці Святланы Іосіфаўны начальнік РВПС Аксана Сяргееўна Земская. – Нездарма нашы паштавікі аднагалосна абралі яе сваім прафсаюзным лідарам”.

 

Пасля такой характарыстыкі прыемна знаёміцца з гераіняй. Прыязнасць і адкрытасць Святланы Іосіфаўны дапамагаюць у размове. Распавядае, як 14 год таму прыйшла на працу ў Шчучынскі РВПС зусім юнай – адразу пасля заканчэння Брэсцкага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа сувязі, дзе атрымала спецыяльнасць аператара сувязі. А потым у адукацыйную скарбонку гэтай мэтанакіраванай маладой асобы дабавіліся дыпломы дзвюх ВНУ – Вышэйшага каледжа сувязі, што ў Мінску, і Маскоўскага дзяржаўнага індустрыяльнага ўніверсітэта, а значыць, і новыя прафесіі – тэхніка сувязі і менеджара.

 

 Работа Святланы Іосіфаўны, так бы мовіць, за кадрам – нябачная для атрымальнікаў газет і карэспандэнцыі, кліентаў, якія прыходзяць у аддзяленні сувязі, каб аплаціць рахункі за камуналку, адправіць грашовы перавод ці пасылку… Іх абслугоўваюць іншыя супрацоўнікі. Між тым у яе не менш важныя абавязкі і функцыі.

 

– Палавіну свайго рабочага часу я праводжу на выездзе – у аддзяленнях сувязі, – тлумачыць яна. – Правяраю, як працуюць калегі. Пры гэтым сама ведаю ўсё да драбніц, бо часам падмяняю начальнікаў аддзяленняў, напрыклад, падчас водпускаў...

 

Зрэшты, Будзіловіч не адмаўляе сваю гатоўнасць параіць, падзяліцца ведамі. Так, калі ў РВПС устанаўліваюць новую камп’ютарную праграму, спачатку асвойвае яе сама, каб мець магчымасць пракансультаваць іншых. І нейкі час тэлефон з рук не выпускае – на сувязі з калегамі не толькі ў рабочы час. Тое ж самае, калі ўкараняецца новы від паштовых паслуг, зазначае субяседніца. Нядаўна, напрыклад, у аддзяленнях паштовай сувязі арганізавалі прыём адпраўленняў ва ўпакоўцы з аплачанай перасылкай. 
Не менш ахвотна С.І. Будзіловіч гаворыць пра свой калектыў:

 

– І як рэвізор па службовых абавязках, і як прафсаюзны лідар, і як звычайны чалавек скажу так: нашы паштавікі – рабацягі! На іх плячах – вялікі аб’ём работы: трэба выканаць вытворчыя заданні, культурна і якасна абслужыць кліентаў, каб яны прыйшлі да нас яшчэ не раз. Разуменне адказнасці работы ёсць ва ўсіх. Напрыклад, многа сіл аддае любімай справе вопытны начальнік аддзялення паштовай сувязі Гурнофель Марыя Іванаўна Козел. “Наш чалавек” і Таццяна Песцярняк з Вялікага Мажэйкава. Павагі заслугоўваюць і многія іншыя супрацоўнікі 26 аб’ектаў паштовай сувязі.

 

 Як расказала начальнік РВПС А.С. Земская, адказная Святлана Іосіфаўна свой рабочы дзень пачынае з наведвання сартыроўкі: ці ўсё ў парадку ў самых ранніх “птушак” – тут работа кіпіць з пяці гадзін раніцы. А яшчэ, калі адкрываецца новы маршрут мабільнай пошты, спецыяліст абавязкова сама праедзе ад вёскі да вёскі, ацэніць усе “за” і “супраць”, прааналізуе паслугу з пункту гледжання яе запатрабаванасці і эканомікі. А потым выкажа свае прапановы па ўдасканаленні работы. “І пры гэтым заўсёды адстойвае інтарэсы людзей”, – падкрэсліла Аксана Сяргееўна.

 

А яшчэ Святлана Будзіловіч – клапатлівая дачка для сваёй матулі, якая жыве ў Жалудку і куды яна спяшаецца па выхадных, каб дапамагчы, падзяліцца навінамі, прытуліць да сэрца роднага чалавека. Прытым робіць гэта не ва ўрон уласнай сям’і: трымае ў парадку дом, завіхаецца на кухні – гатуе смачныя стравы для мужа Андрэя і дачушкі Міланы. 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.