Футбольны верасень

У Мінску прайшоў рэспубліканскі этап спаборніцтваў па футболе “Скураны мяч” сярод рабят 2007-2008 гадоў нараджэння. Гонар Шчучыншчыны на турніры абараняла зборная каманда “Юніор”, у склад якой увайшлі вучні гарадскіх школ і гімназіі, а таксама юныя футбалісты з Васілішак, Ракавіч і Ражанкі.

Нашы спартсмены разграмілі з лікам 7:0 сапернікаў з Буда-Кашалёўскага раёна і перамаглі з розніцай у адзін мяч – 2:1 – футбольную дружыну Крычаўскага раёна. А вось сталічную “Фартуну” ім абыграць не удалося. Дарэчы, менавіта гэта каманда і стала пераможцай турніру.

Гульня за трэцяе месца са зборнай “Алімпія” Першамайскага раёна г. Мінска выдалася для шчучынцаў вельмі напружанай. Амаль увесь матч гаспадары поля лідзіравалі, аднак за пяць хвілін да канца другога тайма наш ігрок Дзімід Лобач трапна прабіў штрафны ўдар і зраўняў лік. Калі да фінальнага свістка заставалася ўсяго некалькі секунд, яго таварыш па камандзе Рэнат Савук забіў яшчэ адзін гол і тым вывеў шчучынскую зборную ў прызёры. Дарэчы, Рэнат быў прызнаны лепшым паўабаронцай турніру і ўзнагароджаны каштоўным падарункам і індывідуальным кубкам.

Між іншым, пакуль на футбольным полі не сціхала барацьба за лідарства, паралельна былі арганізаваны спаборніцтвы па выкананні элементаў тэхнікі футбола: удары левай і правай нагой, вядзенне мяча, падача аута, выкідванне варатаром мяча ў поле і лёгкаатлетычная эстафета. Шчучынскія футбалісты прадэманстравалі высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі і майстэрства і занялі другое агульнакаманднае месца. Дадому рабяты вярнуліся з граматамі, медалямі і кубкам.

*     *     *

Нашы юныя спартсмены вярнуліся з Ліды, дзе прымалі ўдзел у рэспубліканскім этапе спаборніцтваў па футболе ў рамках спартакіяды “Каласок” сярод сельскіх юнакоў 2003-2005 гадоў нараджэння. Падчас турніру шчучынскія футбалісты заваявалі тры перамогі і двойчы згулялі ў нічыю і тым самым заваявалі “срэбра”.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Чытайце таксама: Ничья – это только начало
                                  Кручу, педали, кручу…
                                Их объединили футбол и любовь к музыке

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!