80-я вясна Генрыха Шчэрбы. Пра што ўспамінае сёння былы дырэктар саўгаса “Вялікае Мажэйкава”

Як кожны час года цудоўны па-свойму, так непаўторныя ў сваёй прыгажосці і “ўзроставыя сезоны” чалавечага жыцця. Гэта думка міжволі засела ў свядомасці пасля сустрэчы з сённяшнім імяніннікам: сваю 80-ю вясну сустракае Генрых Флар’янавіч Шчэрба. 30 год ён кіраваў, бадай, самым унікальным саўгасам на Шчучыншчыне, дзе для ўсёй краіны вырошчваюць экалагічна чыстую сыравіну для вырабу лекаў. За шматгадовую плённую працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і з нагоды юбілею Генрыху Флар’янавічу сёння былі ўручаны  Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў, а таксама раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, сумесная Падзяка райвыканкама і райсавета. Прыемным дапаўненнем сталі падарункі і кветкі.

 

Павіншаваць ветэрана працы прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Аверка, лідар прафсаюза аграрыяў раёна Генрых Юрэвіч, старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі. Надзвычай радаснай атрымалася і сустрэча юбіляра са сваімі маладымі калегамі – дырэктарам саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзем Калядой і старшынёй прафкама гаспадаркі Наталляй Шанчук. Безумоўна, не абышлося без пажаданняў моцнага здароўя на доўгія гады, а яшчэ – без успамінаў і зацікаўленага дыялогу пра дзень сённяшні.

 

 

-- Сельская гаспадарка мяне не адпускае. З любімай газеты “Дзянніца” імкнуся даведацца, як ідуць справы ў аграпрадпрыемствах раёна, што новага ў маіх родных Васілішках, дзе нарадзіўся і вырас, -- кажа Генрых Флар’янавіч. -- А саўгас “Вялікае Мажэйкава” ўвогуле асаблівая глава жыццёвай кнізе. Узначаліў гаспадарку, калі яна мела… саюзнае падпарадкаванне. Вырошчвалі тады на палях не тое што рамонак і календулу, а нават корань жыцця --  жэньшэнь.  Пасля нарадаў і семінараў у Маскве імкнуўся закупляць новую тэхніку, пашыраць плошчы і вытворчасць лекавых раслін, бо менавіта яны давалі асноўны прыбытак. Уявіце сабе, аднаго толькі кораню валяр’янкі ў сушаным выглядзе атрымлівалі па 150, а то і 180 тон у год! Нават у самыя крызісныя 90-я гады нашы працаўнікі мелі стабільныя заробкі. А па-сапраўднаму саўгас стаў дынамічна развівацца падчас упэўненага станаўлення суверэннай Беларусі. За сваю прадукцыю, якасць якой вельмі прынцыпова кантралявалася мноствам ведамстваў, мы атрымлівалі высокія ўзнагароды, у тым ліку і міжнародныя. Па выніках спаборніцтва гаспадарка не раз заваёўвала пераходныя Чырвоныя Сцягі. Рэнтабельнасць вытворчасці дзякуючы лекавым раслінам у нас складала да 30 % і болей!

 

Здаецца, Генрых Флар’янавіч і сёння цудоўна валодае лічбамі дасягнутых эканамічных паказчыкаў, цікава расказвае пра згуртаваны калектыў і дружную каманду кампетэнтных спецыялістаў саўгаса.

 

 

-- Без людзей самы здольны кіраўнік нічога не зробіць. Няхай ён піша самыя разумныя загады і распараджэнні, але яны нічога не будуць значыць, калі сам асабіста не падыдзе да простага радавога працаўніка і не пагутарыць з ім, не раскажа, як гэта важна своечасова і якасна выканаць, можа, нават папросіць. І тады чалавек абавязкова адгукнецца, паслухае і выканае ўсё найлепшым чынам. Гутарыць варта з людзьмі, -- дзеліцца перажытым умудроны жыццёвым вопытам дырэктар. – Гэткая методыка кіраўніцтва не ўстарэе ніколі, нават пры самых дасканалых і найноўшых тэхналогіях.

 

 

Сёння Генрых Флар’янавіч разам з жонкай Галінай Іосіфаўнай, якая, дарэчы, таксама пачынала з загадчыцы ўчастка ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”, жывуць у Шчучыне. Земляробства не пакідаюць: з асалодай працуюць на дачы, любяць адпачываць з дзецьмі і ўнукамі, цікавяцца грамадскім жыццём раёна і краіны. Асаблівае месца ў іх жыцці займае духоўнае развіццё. Вось і сёння супружная пара абавязкова наведае касцёл, дзе замоўлена імша за здароўе і даўгалецце юбіляра.

 

 

-- Ведаеце, калі ты з Богам, то і Бог – з табой! – крылатае выслоўе Генрыха Флар’янавіча трапляе, здаецца, у самае сэрца. – А калі гэта так, то мы, якія б беды на сваім шляху не перажылі, зноў радуемся быццю, марым пра шчасце і абавязкова верым у добрае…

 

Сто год Вам, шаноўны юбіляр!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ,

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!