Голасу права – вялікая справа

Акурат у 8 гадзін раніцы адчыніў свае дверы і Астрынскі ўчастак для галасавання №15. Першы выбаршчык з’явіўся тут практычна адразу. Прыйшоў сюды, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, і Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч з жонкай Святланай Іванаўнай. Гэтыя паважаныя ў Астрыне людзі патрэбы ў прадстаўленні не маюць. Святлана Іванаўна – загадчыца гарпасялковай бібліятэкі. А вядомасць яе мужа даўно выйшла за межы пасёлка і раёна. На працягу 11 год С.І. Ушкевіч узначальваў мясцовую вертыкаль, потым прадстаўляў наш рэгіён у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А гэта значыць, дэпутацкая работа яму добра вядома, прычым, на ўсіх узроўнях.

У актавую залу ў адміністрацыйным будынку ААТ “АграГЖС”, дзе праходзіць галасаванне, Ушкевічы зайшлі па-святочнаму апранутыя, у прыўзнятым настроі. Пасля таго, як Сяргей Іосіфавіч вызначыўся са сваім выбарам і апусціў бюлетэнь у скрыню, прашу яго выказацца пра важнасць гэтага мерапрыемства і значнасць статусу народнага абранніка.

-- Мясцовыя выбары не менш важныя, чым прэзідэнцкія і парламенцкія, – падкрэслівае ён. – Лічу, кожны павінен прыняць удзел у выбарах – выканаць свой грамадзянскі абавязак. З уласнага вопыту ведаю, што дэпутаты актыўна садзейнічаюць мясцовай вертыкалі ў развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы, вырашаюць, няхай не глабальныя, але не менш важныя для людзей надзённыя пытанні.  

У гэты ж момант у памяшканне для галасавання зайшлі яшчэ некалькі астрынчан-выбаршчыкаў. Людзі прыязна павіталіся з С.І. Ушкевічам, распачалі дыялог пра жыццё-быццё і надзённыя справы. З жыхарамі пасёлка пашчасціла паразмаўляць і мне.

 "Мне прадастаўлена права выбару – я ім скарыстаўся", – кажа Мікалай Уладзіміравіч Кулак.

 Яшчэ адзін астрынчанін прызнаецца, што разлічвае на прыстойнасць, прафесіяналізм, ініцыятыўнасць дэпутатаў, іх неабыякавасць да вырашэння жыццёвых пытанняў і наказаў сваіх выбаршчыкаў. А жанчына-пенсіянерка запэўнівае, што заўжды галасуе у асноўны дзень выбараў: маўляў, такім чынам прыналежнасць да важнай падзеі адчуваеш ярчэй, ды і знаёмых, з якімі даўно не бачыўся, сустрэнеш…

Пакуль мы гутарым, выбарчы працэс набірае абароты, камісія працуе, як добра адладжаны механізм. “У яе складзе людзі надзвычай адказныя і вопытныя”, -- зазначае старшыня участковай камісіі Іна Валянцінаўна Анцута.

   Яўка добрая. Людзі ідуць на выбары па адным, парамі і сем’ямі. Практычна суцэльным патокам – пасля 12 гадзін. Якраз скончылася служба ў мясцовых храмах – касцёле і царкве, і прама адтуль астрынцы кіруюць на участак для галасавання. Дзеці з цікавасцю назіраюць за дзеяннямі дарослых, якія спакойна і чынна праходзяць знаёмы рытуал -- ад атрымання бюлетэняў да апускання іх у скрыню.

  За ходам галасавання сочаць унутраныя назіральнікі. Сярод іх і Аркадзій Часлававіч Залога. "Выбары праходзяць празрыста і дэмакратычна", -- аўтарытэтна заяўляе ён.

Па добрай традыцыі, якая бярэ пачатак у савецкія часы, дзень выбараў – па-сапраўднаму святочны дзень. Вось і сёння на ўчастку №15 гучыць музыка, выступаюць артысты Астрынскага Дома культуры.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.