70 гадоў – гэта толькі пачатак. ААТ “АграГЖС” адзначыла юбілей

У актавай зале Навадворскага Дома культуры сабраліся работнікі ААТ “АграГЖС”, каб адзначыць70-гадовы юбілей роднай гаспадаркі. Павіншаваць аграрыяў са святам прыехалі намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.І. Тодрык, генеральны дырэктар ААТ “Гроднажылбуд” А.І. Ушкевіч, былы старшыня Шчучынскага райвыканкама С.І. Ушкевіч і шматлікія іншыя высокія госці. 

 

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуўся дырэктар ААТ “АграГЖС” Віктар Генрыхавіч Паўлюкевіч:

 

– За гісторыю свайго існавання наша гаспадарка некалькі разоў рэарганізоўвалася і мяняла назву, але нязменнымі заставаліся падыходы людзей, якія працавалі з поўнай аддачай і ўкладвалі душу ў любімую справу. Таму і паказчыкі ўвесь час раслі. Да прыкладу, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, пачынаючы з 2010 года, павялічылася амаль удвая і склала 8088 галоў. Сёння валавы збор малака дасягнуў 13600 літраў.

 

 

Упэўнены, у канцы года мы атрымаем больш за 7000 літраў малака ад кожнай рагулі. За ўсімі гэтымі лічбамі стаіць напружаная праца ўсяго працоўнага калектыву, у якім арганічна спалучаюцца вопыт і маладосць. Нізкі паклон вам за неабыякавасць і высокі прафесіяналізм! 

 

Цёплыя словы ў адрас работнікаў ААТ “АграГЖС” выказаў і намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык:

 

– Сёння мы ўшаноўваем тых, хто сваімі працавітымі рукамі ствараў гісторыю гаспадаркі-юбіляра. Сваёй добрасумленнай працай вы заслужылі павагу. Дзякуй за вернасць выбранай прафесіі і добрасумленнае выкананне працоўных абавязкаў!

 

 

Да слоў Анатолія Іванавіча далучыліся генеральны дырэктар ААТ “Гроднажылбуд” Алег Іванавіч Ушкевіч і былы старшыня райвыканкама Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч, які ў свой час узначальваў гэту гаспадарку. Яны павіншавалі аграрыяў ААТ “АграГЖС” з юбілеем і пажадалі моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і поспеху ва ўсіх пачынаннях, а роднай гаспадарцы – далейшага развіцця і новых працоўных перамог.

 

Затым ва ўрачыстай абстаноўцы заслужаным работнікам былі ўручаны высокія ўзнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны жывёлавод Віктар Іосіфавіч Сярко. Пісьмы-падзякі старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў атрымалі галоўны ветурач Дзяніс Васільевіч Саковіч, галоўны інжынер Леанід Мікалаевіч Сарока і трактарыст Дзяніс Антонавіч Чапля. Дырэктар ААТ “АграГЖС” Віктар Генрыхавіч Паўлюкевіч уручыў граматы загадчыку малочнатаварнай фермы “Астрына 777” Юрыю Паўлавічу Нагорнаму, галоўнаму эканамісту Вользе Юр’еўне Цеслюкевіч, аператарам машыннага даення Але Міхайлаўне Бузук і Ганне Іванаўне Семянчук, вадзіцелям Сяргею Вітальевічу і Андрэю Сяргеевічу Шалешкам і іншым перадавікам. Не засталіся без падарункаў ветэраны працы і працоўныя дынастыі.

 

 

Завяршыўся святочны вечар яскравым выступленнем артыстаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!