Свае людзі з Гомельшчыны. Завіталі ў госці да сям’і Тарасенкаў, для якіх Шчучыншчына стала другой малой радзімай
Шчучынскі сельсавет – спрыяльная тэрыторыя для жыцця, упэўнены Міхаіл і Алена Тарасенкі з вёскі Янчукі. Яны прыехалі ў наш раён 12 гадоў таму з Гомельскай вобласці. За гэты час паспелі абжыцца, выйсці на пенсію і знайсці новы дом ужо на Шчучыншчыне.
На Гомельшчыне сям’я Тарасенкаў жыла ў гарадскім пасёлку Лоеў, што знаходзіцца на самым ускрайку Беларусі, ля мяжы з Украінай. Суседняя краіна была літаральна праз раку.
– Наш сын служыў у войску ў Гродне, – кажа Алена Тарасенка. – Пазнаёміўся тут з дзяўчынай, яны ажаніліся і пачалі будавацца ў Навасёлках Шчучынскага сельсавета. Вядома, мы прыязджалі да сына, дапамагалі чым маглі, унука гадавалі, але самі разумееце, што адлегласці вялікія, часта не наездзішся. І неяк аднойчы сын нам прапанаваў пераехаць да яго, і мы пагадзіліся. А пасля яшчэ і дачку нашу з сям’ёй сюды перацягнулі, каб непадалёку ўсім разам жыць.
Спачатку нашы героі жылі разам з сынам у Навасёлках, а потым, як купілі домік, пераехалі ў Янчукі. Зразумела, што ў розных канцах краіны жыццё мае свае асаблівасці і адметнасці, якімі з намі падзяліўся Міхаіл Тарасенка:
– На Гродзеншчыне, у параўнанні з Гомельскай вобласцю, добра развіта сельская гаспадарка, землі тут урадлівыя і заробкі годныя. Напрыклад, на Усходзе бульбы мала, а тут яна добра родзіць. Але прырода лепшая ўсё ж на малой радзіме. Мы жылі ў Лоеве, які знаходзіцца ў жывапіснай мясціне на беразе магутнага Дняпра, дзе ў яго ўпадае Сож, майму сэрцу там прыгажэй было. А людзі, як па мне, аднолькавыя. Што там, што тут добрых людзей хапае, таму ніякіх складанасцяў з адаптацый на новым месцы ў нас не ўзнікла.
Да пераезду Міхаіл Сцяпанавіч працаваў шафёрам, а Алена Аляксандраўна – краўчыхай. На новым месцы галава сям’і ўладкаваўся сантэхнікам у МПМК-167, а яго жонка пераключылася на хатнія клопаты. Зараз яны на пенсіі, жывуць спакойна, вядуць гаспадарку, гадуюць унукаў.
– Раней трымалі многа парасят і садзілі шмат бульбы. Але з часам паглядзелі, што ўжо ў краме можна шмат чаго прыкупіць, і таму вырашылі плошчу пад бульбу паменшыць, а каб участак не ператварыўся ў бур’ян, пачалі разводзіць авечак. Калі толькі пераехалі ў Янчукі, то за домам была сметніца. Мы ачысцілі тэрыторыю, вывезлі смецце, зрабілі добраўпарадкаванне і ўзялі гэты ўчастак у арэнду пад пашу, на якой зараз пасвяцца нашы авечкі, – дзеляцца Міхаіл і Алена.
На сёння Тарасенкі маюць дзесяць авечак. Гэтыя жывёлы вельмі падабаюцца ўнукам, якія асабліва любяць пазабаўляцца з ягнятамі. Алена Аляксандраўна расказала нам пра сваё любімае захапленне – кветкі:
– Люблю вырошчваць ружы, клематыс, бружмель, сальвіі, розных раслін хапае летам на надворку, гэтае захапленне не адняць. Самыя любімыя мае кветкі – партулак.
Вядома, што сувязі з малой радзімай сям’я Тарасенкаў не парывае. На Гомельшчыне засталося шмат сваякоў, з якімі яны заўсёды рады сустрэцца. Кожны год Міхаіл і Алена ездзяць на магілкі продкаў, даглядаюць іх. Як кажуць нашы героі, у родныя мясціны цягне ў любым узросце, але і Шчучыншчына ўжо стала не чужым месцам.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.