36 год у газавай гаспадарцы. Галіна Вайцяховіч узяла актыўны ўдзел у эвалюцыі газавай гаспадаркі нашага раёна
Як прынесці цяпло ў дамы, забяспечыць камфорт і бяспеку пражывання, пра ўсё гэта рупяцца работнікі Шчучынскага раёна газазабеспячэння. Ні для каго не сакрэт, што газавая галіна нашага раёна імкліва развіваецца і ўдасканальваецца.
Калі ў 1998 годзе працягласць газавых сетак на Шчучыншчыне складала ўсяго 93,4 км, то сёння – 446,8 км. Газіфікацыю прайшлі 17334 кватэры, з якіх прыродным газам карыстаюцца ў 11045.
Актыўны ўдзел у эвалюцыі газавай гаспадаркі нашага раёна ўзяла Галіна Вайцяховіч, якая працуе ў райгазе на працягу 36 гадоў. У 1987 годзе яна пачынала сваю дзейнасць у якасці майстра цэха прыроднага і звадкаванага газу. На гэтай пасадзе Галіна Генрыкаўна непасрэдна кіравала працэсам дастаўкі газу, абслугоўвання сістэм і мантажу ўстановак газазабеспячэння.
Плённай працай Галіна Вайцяховіч заслужыла аўтарытэт і рэпутацыю стараннага і адказнага работніка. Таму калі ў 1998 годзе адбылася рэструктурызацыя арганізацыі, яе назначылі на пасаду інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела, дзе Галіна працуе і па сённяшні дзень.
– На новым месцы асноўны аб’ём працы быў звязаны з дакументацыяй, – адзначае Галіна Генрыкаўна. – У мае абавязкі ўваходзіць рэгістрацыя газаправодаў, падрыхтоўка тэхнічнай і вытворчай дакументацыі, кантроль і нагляд за будаўніцтвам аб’ектаў газазабеспячэння, а таксама праца з насельніцтвам.
Па словах Галіны Вайцяховіч, звязаць сваё жыццё з газавай галіной яна вырашыла не адразу.
– У дзяцінстве, як і большасці дзяўчынак з вёскі, мне падабалася вышываць, таму я марыла стаць швачкай. Пасля школы захацела паспрабаваць сябе ў гэтай справе і таму паўтара года працавала на швейнай фабрыцы. Аднак у мяне не вельмі атрымліваліся складаныя аздобныя работы. Таму вырашыла паступіць у Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. Тады дзяўчаты часцей выбіралі спецыяльнасць “газавая гаспадарка”. У гэтым кірунку пайшла і я, а пасля вучобы трапіла па размеркаванні ў Шчучын.
Сёння, гледзячы на той выбар Галіны Генрыкаўны, можна з упэўненасцю сказаць, што ён быў удалы. За 36 гадоў працы ў райгазе яна дасканала вывучыла газавую карту нашага рэгіёна, ведае, дзе праходзіць кожны ўчастак газаправода. Калі нейкі аб’ект не бачыла на свае вочы, то абавязкова ведае пра яго ўсю інфармацыю з дакументацыі.
Немалаважным складнікам добрай працы Галіна Вайцяховіч лічыць добрыя ўзаемаадносіны ў рабочым калектыве. На яе думку, паразуменне і ўзаемапавага дапамагаюць ёй і калегам дасягаць найбольшай эфектыўнасці на працы. “З любой няпростай сітуацыі можна знайсці выхад, галоўнае – рабіць гэта разам”, – лічыць інжынер.
За адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў Галіну Вайцяховіч паважаюць не толькі ў Шчучыне. Неаднаразова яна прызнавалася адным з лепшых работнікаў газавай гаспадаркі ў Гродзенскай вобласці.
– Мне падабаецца мая праца таму, што мы нясем людзям цяпло. Па выніках нашай работы ў чалавека з’яўляецца газ, ацяпленне, ён задаволены. І мяне цешыць тое, што свой унёсак у гэтую важную справу раблю і я. Прыемна, калі чалавек сыходзіць ад цябе радасны. Гэта натхняе, – кажа Галіна Генрыкаўна.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
Шчучынскі райвыканкам і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці Шчучынскага раёна з прафесійным святам, выказваюць шчырыя словы падзякі за добрасумленную працу, жадаюць моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту ім і іх сем’ям!