330 рабят Шчучыншчыны адпачываюць на асенніх канікулах у прышкольных аздараўленчых лагерах
13 устаноў адукацыі нашага раёна запрасілі дзяцей цікава правесці вольны час. Сярод іх тры гарадскія школы (лагер у СШ №1 арганізаваны сумесна з ДЮСШ), а таксама Васілішкаўская, Астрынская, Жалудоцкая сярэднія школы, Ражанкаўскі, Дэмбраўскі, Першамайскі, Галавічпольскі, Орлеўскі, Каменскі, Ракавіцкі дзіцячыя сады-сярэднія школы. Экскурсіі, спартыўныя мерапрыемствы, творчыя гульні і конкурсы – кожны, хто запісаўся ў лагер, знойдзе сабе занятак па душы.
У Астрынскай школе працуе лагер “Сонейка” мастацкага профілю, дзе адпачываюць дваццаць дзяцей. Прэзентацыя-калаж “Што нам восень падарыла”, відэаальманах “Вандроўка ў краіну гнома-эканома”, першынство лагера па шашках, піянерболе, свята народных гульняў, квэст-гульня “Па казачных станцыях” і многія іншыя мерапрыемствы не дазваляюць сумаваць школьнікам у лагеры.
Ганна РУДСКАЯ.