17 жніўня ў васямнаццаты раз ў гарадскім пасёлку Жалудок пройдзе традыцыйнае свята – Фестываль кветак

На адкрытай пляцоўцы па вуліцы 17 Верасня збяруцца аматары і знаўцы прыгажосці, прыроды і дызайну.
Удзельнікі мерапрыемства змогуць палюбавацца незвычайнымі ландшафтнымі кампазіцыямі, набыць на фестывальнай выставе пасадачны матэрыял, каб аформіць свае прысядзібныя ўчасткі.
Прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Жалудоцкага сельсавета, прадстаўнікі іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак шчучынскага рэгіёна прадставяць свае кветкавыя прэзентацыі. На свяце будуць арганізаваны выставы-продажы вырабаў народных умельцаў, лекавых траў, прадукцыі пчаляроў, гандаль сувенірамі. У гандлёвых радах будзе прадстаўлена прадукцыя сельгаспрадпрыемстваў і фермераў, індывідуальных прадпрымальнікаў.
У фестывальнай праграме запланаваны выстава-продаж кветак, пакаёвых раслін, тавараў для садаводаў, правядзенне конкурсаў на лепшы кветнік маладой сям'і і пажылых грамадзян, кветкавую кампазіцыю, букет, кветкавы касцюм, вянок, саламяную скульптуру, кулінарны конкурс і іншае.
Канцэртныя нумары гледачам падораць творчыя калектывы і народныя таленты Шчучынскага раёна. Урачыстае адкрыццё фестывалю запланавана на 11.00 гадзін.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
