127 тон бярозавіку ўжо нарыхтавалі і рэалізавалі насельніцтву і прадпрыемствам работнікі Шчучынскага лясгаса

Сезон нарыхтоўкі бярозавага соку ўжо, лічы, заканчваецца. Некалькі дзён – і гэты вітамінны напітак страціць свае смакавыя якасці і стане непрыгодным для ўжывання.
– Сёлета мы нарыхтоўвалі бярозавік у чатырох лясніцтвах нашага лясгаса – Шчучынскім, Дэмбраўскім, Жалудоцкім і Мастоўскім, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віктар Станіслававіч Маркевіч. – Сок дастаўлялі сваім транспартам на Гродзенскі кансервавы завод, а таксама на прадпрыемства “АВС”. Жыхары горада і сельскай мясцовасці, якія хацелі нарыхтаваць сок для ўласных патрэб, звярталіся ў лясніцтвы, дзе леснікі паказвалі ім месцы, адведзеныя для збору бярозавіку, праводзілі інструктаж і кантралявалі выкананне падсочкі. 
Каб убачыць, як вядзецца нарыхтоўка бярозавіку, накіроўваемся ў Жалудоцкае лясніцтва. Якраз трапляем туды падчас закачкі соку ў ёмістасці, устаноўленыя на МАЗе для транспарціроўкі. Працэс, сапраўды, наладжаны. Па ўсім лесе бялеюць дзясяткі поліэтыленавых мяшкоў, прымацаваных да бяроз. Дзесьці яны практычна напоўненыя, дзесьці сок толькі пачынае паступаць. З мяшкоў леснікі пераліваюць сок у вялікія “кубы”, а адтуль пры дапамозе мотапомпы ён перакачваецца для перавозкі.

– Нарыхтоўкай соку разам з сынам займаемся ўжо дзявяты год, – расказвае ляснік Жалудоцкага лясніцтва Генадзій Іосіфавіч Грыневіч. – Сын працуе егерам у Шчучынскім лясгасе. Галоўнае ў гэтай справе – сабраць свежы якасны прадукт. Калі сок перастойвае, ён пачынае закісаць, а такі бярозавік прадпрыемствы ўжо не прымаюць. 
За адзін рэйс, як расказаў інжынер па лесанарыхтоўцы і перапрацоўцы Дзмітрый Аляксандравіч Купрыянчык, вывозіцца каля васьмі тон соку. Па дамоўленасці з прадпрыемствам такіх рэйсаў за дзень можа быць некалькі.
Сёлета для насельніцтва бярозавік рэалізоўваўся па цане 18 капеек за літр. Па такім жа кошце яго набываў Шчучынскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!