“З нецярпеннем чакаем выхаду кожнага нумару “Дзянніцы”. Наш даўні падпісчык Мікалай Сямашка расказаў, за што палюбіў раёнку

 

У гэтым нам прызнаўся наш даўні чытач Мікалай Сямашка. Між іншым, зусім нядаўна Мікалая Паўлавіча блізкія, сябры ды знаёмыя віншавалі з 70-годдзем. Тэлефанавалі настаўніку і былыя вучні: працоўнае жыццё гэтага чалавека цалкам прайшло ў Берштаўскай школе, а ў ягонай працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс!

 

– Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута менавіта сюды прыехаў выкладаць фізіку, – узгадвае наш суразмоўца. – Тады ж упершыню і пазнаёміўся са Шчучынскай раёнкай, якая выходзіла пад назвай “Савецкая вёска”. Сам я родам з Міншчыны, з утульнай вёсачкі Рачкевічы Капыльскага раёна. А Бершты ўразілі размахам і маштабам, прыгожымі ваколіцамі і маляўнічай прыродай. У той час гэта было вялікае мястэчка: школа мела статус сярэдняй, у кожным з класаў спасцігалі веды па тры-чатыры дзясяткі вучняў. Многія з іх паступалі ў прэстыжныя ВНУ, у тым ліку – тэхнічныя. Напрыклад, адзін з выпускнікоў стаў студэнтам славутага МАМІ – зараз гэта Маскоўскі дзяржаўны машынабудаўнічы ўніверсітэт. Сапраўды, фізіка – навука цікавая і адкрывае сваім знаўцам вялікія магчымасці. Ніколі я не пашкадаваў, што закончыў аддзяленне фізікі.

 

Аднак настаўнік ніколі не абмяжоўваўся рамкамі свайго прадмета. Заўжды актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, у свой час узначальваў добраахвотную народную дружыну па захаванні правапарадку. А раённая газета, па яго ж прызнанні, здорава дапамагала ў лектарскай рабоце, у ролі прапагандыста і палітагітатара. Вось і атрымліваецца, што з нашай газетай Мікалай Паўлавіч сябруе ўжо амаль паўстагоддзя!

 

Даведаліся мы ад юбіляра, што іх сям’я рыхтуецца яшчэ да адной знакавай даты. У студзені (а новы год не за гарамі!) яны з жонкай адзначаць залатое вяселле. Сустрэў Мікалай сваю палавінку яшчэ ў студэнцкія гады. Галіна Паўлаўна – матэматык, таксама ўсё жыццё ў Берштаўскай школе выкладала. Зараз супружная пара на заслужаным адпачынку, але спакой ім толькі сніцца. У сезон адпраўляюцца на ціхае паляванне па баравікі, любяць агароднічаць і радавацца дарам прыроды.

 

Аднак, як бы ні былі занятыя работай на зямлі, Сямашкі ніколі не прапусцяць падпісную кампанію. Друкаваныя выданні для іх былі і застаюцца не проста інфармацыйным полем, але яшчэ і своеасаблівым спажыткам для душы.

 

– Дзякуючы газеце мы ўпэўнена трымаем руку на пульсе ўсіх лакальных і рэспубліканскіх падзей, – гаворыць наш чытач. – Любім артыкулы па гісторыі роднага краю. Ганарымся, што наш вучань, а цяпер доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Токць падарыў нам уласную кнігу з дароўным подпісам. Не меней цікавімся і апублікаванымі ў газеце гісторыямі асобных людзей, перыпетыямі іх лёсаў, асабліва, калі гэта нашы добрыя знаёмцы. Да прыкладу, шмат пазітыўных эмоцый выклікала публікацыя ў “Дзянніцы” пра нашу калегу Любоў Мікалаеўну Русілку, уразіла тады і яе паэма, што таксама друкавалася на старонках “Дзянніцы”.

 

Такія газетныя нумары беражліва захоўваюцца ў дамашніх архівах. А ўвогуле ў нашай сям’і ўсе з задавальненнем чытаюць раёнку і з нецярпеннем чакаюць кожнага яе выхаду.

 

Сыны Сямашкаў – Павел і Сяргей – засталіся вернымі малой радзіме. Для іх “Дзянніца” таксама стала роднай газетай, хоць, зразумела, што аператыўнае знаёмства з навінамі для іх найчасцей адбываецца праз новы фармат – сацыяльныя сеткі.

 

Не так даўно Мікалая Паўлавіча аднавяскоўцы абралі старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі. Быць у адказе за іншых, дапамагаць людзям – гэта было і ёсць у правілах былога фізіка з адкрытай душою заўзятага лірыка.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!