З адзінага дня інфармавання. Культура – "душа" грамадства, эканоміка – падмурак жыцця

Аграгарадок Васілішкі – культурны і духоўны цэнтр аднайменнага сельсавета.  Менавіта гэты населены пункт быў абраны для правядзення сустрэчы ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва па тэме захавання і развіцця традыцый беларускага народа, нацыянальнай культуры. Былі таксама абмеркаваны актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, дэмаграфіі і аховы здароўя, занятасці, бяспекі жыццядзейнасці.

 На сустрэчу з калектывамі Васілішкаўскай сярэдняй школы і іншых арганізацый прыехалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, кіраўнік абласной арганізацыі РГА "Белая Русь", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.Г. Жук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук, іншыя службовыя асобы.

Дзяржава надае вялікае значэнне развіццю культурнай сферы, выступае галоўным "спонсарам" і гарантам выканання сацыяльных стандартаў. У Беларусі забяспечана агульнадаступнасць культурнай дзейнасці, культурных каштоўнасцей і культурных даброт, любая творчая асоба мае права праявіць сябе, падкрэсліла, выступаючы перад аўдыторыяй, Таццяна Васільеўна Ганчарук. На ўтрыманне і развіццё сферы культуры выдзяляюцца сур'ёзныя бюджэтныя сродкі. Да прыкладу, сёлета ў  раённым бюджэце прадугледжана звыш  3 мільёнаў рублёў.

 

Красамоўныя лічбы і факты сведчаць: культурная прастора Шчучыншчыны, як і ўсёй краіны, – разнастайная і самабытная, багатая гістарычнымі і культурнымі падзеямі. Сфера культуры раёна прадстаўлена 39 установамі. Залатым фондам лічацца 16 творчых калектываў са званнем "народны" і "узорны". Традыцыйнымі сталі авіяцыйна-спартыўнае свята ў Шчучыне, фестываль кветак у Жалудку, свята музыкі Чэслава Немэна ў Старых Васілішках. У раёне 40 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Славіцца Шчучыншчына і сваімі маладымі талентамі.

Расказваючы аб развіцці эканомікі раёна, Ганна Станіславаўна Хвядзюк зрабіла акцэнт на інвестыцыйнай прывабнасці Шчучыншчыны. Так, у інвестыцыйным партфелі – 30 праектаў і 12 прапаноў, аб'ём інвестыцый складае 327 мільёнаў рублёў. Чатыры праекты ўжо рэалізаваны. Да 2021 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 12 новых аб'ектаў, з якіх 5 – вытворчага значэння, 3 – сацыяльнага. Будзе мадэрнізавана 13 вытворчасцей і створана да 300 рабочых месцаў. Дастаткова актыўна працуе раён у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Прыклад такога супрацоўніцтва – спартыўны комплекс па вуліцы Авіятараў, у бліжэйшы час мяркуецца ажыццявіць яшчэ два праекты.

– Шчучынскі раён знаходзіцца на перадавых пазіцыях, таму што работа ў гэтым напрамку праводзіцца дастаткова вялікая, – лічыць старшыня абласнога Савета дэпутатаў І.Г. Жук.

Ігар Георгіевіч адзначыў, што "развіццё эканомікі і чалавечага патэнцыялу – галоўныя мэты рэгіянальнай палітыкі". Практычна ўсе прагнозныя паказчыкі макраэканамічнага развіцця вобласць выконвае. Гэта значыць, эканоміка дэманструе рост, у бюджэце з'яўляецца больш сродкаў.

– На Гродзеншчыне развіваецца прыватны бізнес, малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, сюды прыходзіць замежны бізнес. Гэта добра: гэта рабочыя месцы, падаткі і прадукцыя. Да таго ж эканоміка дае магчымасць развівацца сацыяльнай сферы, – падкрэсліў Ігар Георгіевіч.

А тыя праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, улада бачыць і займаецца іх вырашэннем, запэўніў ён. Усё робіцца для таго, каб у чалавека была работа, дастойная зарплата, каб ён быў здаровы і доўга жыў, выхоўваў дастойных дзяцей – будучае нашай краіны.

Бяспецы жыццядзейнасці насельніцтва прысвяцілі свае выступленні намеснік начальніка РАНС С.К. Бакун і намеснік начальніка аддзела АПП РАУС У.І. Гваздоўскі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.