Яны ў страі, каб парадак быў у нас

Сёння ў аддзеле ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за першае паўгоддзе бягучага года.

Нарада прайшла з удзелам начальніка упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама генерал-маёра міліцыі В.І. Сіняўскага, старшыні Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчніка, пракурора раёна А.У. Дзямідава, начальніка раённага аддзела Следчага камітэта А.Я. Кізілевіча.

Аператыўная абстаноўка знаходзіцца пад кантролем, падкрэсліў начальнік АУС райвыканкама падпалкоўнік міліцыі С.М. Сыцэвіч. Гэта рэзультат цеснага ўзаемадзеяння міліцыі з іншымі праваахоўнымі органамі і суб'ектамі прафілактыкі па падтрыманні належнага ўзроўню правапарадку ў раёне, забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, грамадскага парадку пры правядзенні масавых і іншых мерапрыемстваў.

 Райаддзел міліцыі ў першым паўгоддзі 2018-га паказаў дастаткова стабільныя вынікі работы па асноўных напрамках аператыўна-службовай дзейнасці, далажыў Сяргей Мікалаевіч Сыцэвіч. Разам з тым трэба прыняць дадатковыя меры, каб знізіць узровень злачыннасці (у першым паўгоддзі адбылося нязначнае павелічэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў па лініі ўсіх службаў). У прыватнасці, рост па грабяжах, зарэгістраваны замах на забойства...  Да таго ж учынены 2 згвалтаванні, 4 угоны, 8 махлярстваў, хаця за адпаведны перыяд летась аналагічныя злачынствы не рэгістраваліся.

А вось крадзяжоў сёлета менш – 59 супраць 78 у першым паўгоддзі мінулага года. Ёсць і іншыя паказчыкі, якія супрацоўнікі міліцыі могуць запісаць у свой актыў.

– Не дапушчана цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, росту колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і пры іх удзеле, а таксама крымінальных праяў у сельскай мясцовасці і ўчыненых асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, – адзначыў С.М. Сыцэвіч.

Важна, што павысілася эфектыўнасць работы па ўстанаўленні падазроных ва ўчыненні злачынстваў. Пры гэтым патэнцыял для больш эфектыўнай работы ў шчучынскіх сышчыкаў ёсць, перакананы начальнік РАУС.

Начальнік УУС аблвыканкама Вадзім Іванавіч Сіняўскі нагадаў крылаты выраз: правапарадак у краіне ацэньваецца не наяўнасцю злачынцаў, а ўменнем улады іх абяззбройваць.

Кіраўнік міліцыі вобласці вызначыў напрамкі дзейнасці, якія патрабуюць асаблівай увагі. Гэта супрацьдзеянне алкагалізацыі насельніцтва, работа з непаўналетнімі па недапушчэнні імі супрацьпраўных дзеянняў і кантроль над раней судзімымі асобамі. Пры гэтым падкрэсліў: "Работа павінна быць мэтавая, планавая і эфектыўная".

Увогуле варта больш настойліва працаваць над прафілактыкай крыміналу ў розных яго праявах. Нельга спыняцца ў выяўленні эканамічных злачынстваў, у тым ліку карупцыйнай накіраванасці. Па ранейшаму асаблівая ўвага супрацьдзеянню наркаманіі, гандлю людзьмі, недапушчэнню росту рэцыдыўнай злачыннасці. Сярод задач – моцная заслона незаконнаму абароту алкаголю, захаванне належнага ўзроўню дарожна-транспартнай бяспекі і многія іншыя.

На нарадзе быў зроблены грунтоўны аналіз работы ўсіх службаў і падраздзяленняў, вызначаны алгарытм вырашэння праблем і напрамкі, па якіх людзям у пагонах неабходна дабавіць службовых высілкаў. Аб выніках работы далажылі першы намеснік начальніка РАУС Д.Г. Фомчанкаў, намеснікі Д.І. Жынко і Д.Д. Кірылаў. Абмеркавалі пытанні рэгістрацыйна-уліковай дысцыпліны, гаварылі таксама пра кадравы патэнцыял, узаемадзеянне службаў і суб'ектаў прафілактыкі.

– Разам мы многае зрабілі. Ад сябе асабіста, жыхароў і гасцей раёна дзякуй за спакой у нашым агульным доме! Гэта – вынік вялікай работы, – адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік.

У прыватнасці, кіраўнік раёна станоўча ацаніў дзеянні праваахоўнікаў па папярэджанні крымінальных праяў у сельскай гаспадарцы, у тым, што датычыць захаванасці матэрыяльных і тэхнічных сродкаў.

Пад заслону службовай нарады шэрагу супрацоўнікаў РАУС былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды кіраўніцтва УУС аблвыканкама, райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.  Ганаровыя граматы, падзячныя пісьмы атрымалі Д.І. Жынко, А.А. Жарнасек, С.І. Кузьмянкоў, М.М. Майко. Медалём "За бездакорную службу" 3 ступені ўзнагароджаны Д.С. Волчкевіч. Нагрудны знак УУС аблвыканкама "За адзнаку" з'явіцца на кіцелі С.М. Асовіка. Аб'яўлена падзяка начальніка УУС В.С. Кавальчуку, Т.А. Жук і А.С. Пачабуту. Дзевяці міліцыянерам прысвоены чарговыя спецыяльныя званні і ў прысутнасці калег уручаны новенькія пагоны.

За аказанне садзейнічання ў ахове грамадскага парадку, выкананні задач, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў, актыўную жыццёвую пазіцыю Падзячным пісьмом РАУС і грашовай прэміяй заахвочаны супрацоўнік РАНС А.А. Арцюхоў, работнікі ААТ "Кардэна" А.Ф. Леванеўскі і Д.У. Савіцкі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!