Музейны пакой ствараецца ў Шчучынскім філіяле аблспажыўтаварыства

Лічыльная машынка ВК-1, бадай што першы бухгалтарскі калькулятар, стане адным з экспанатаў музейнага пакоя, які ствараецца ў Шчучынскім філіяле аблспажыўтаварыства. 

– Ідэя такім чынам захаваць для будучых пакаленняў гісторыю шчучынскай спажыўкааперацыі выношваецца даўно, – гаворыць начальнік аддзела кадраў, ідэалагічнай і арганізацыйна-кааператыўнай работы філіяла Валянціна Антонаўна Кандрацюк. – Ухвалілі яе кіраўніцтва, прафсаюзная і ветэранская арганізацыі. Нядаўна ў адміністрацыйным будынку вызваліўся адзін з кабінетаў, дзе мы і вырашылі размясціць рэчавыя артэфакты, дакументы, фотаздымкі і іншыя цікавыя экспанаты.
 Плануецца размясціць некалькі экспазіцый, якія засведчаць повязь пакаленняў. Так, адну з іх прысвецяць падзеям і людзям, якія ўнеслі адметны ўклад у развіццё кааператыўнага руху ў раёне. Несумненна, выклічуць цікавасць звесткі пра работнікаў, адзначаных за самаадданую працу высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Асобная экспазіцыя раскажа пра сённяшні дзень спажыўкааперацыі ў фармаце “было і стала” і яе лепшых прадстаўнікоў, у тым ліку пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства. Інфармацыйныя і фотаматэрыялы ўжо гатовы.
– У кабінетных архівах захавалася многа пажаўцелых чорна-белых здымкаў. Часам складана ўстанавіць, што за людзі на іх адлюстраваны, – расказвае В.А. Кандрацюк. – “Расшыфраваць” дапамагаюць работнікі, якія працуюць і працавалі ў нас многа год. Так, вялікую дапамогу аказвае старшыня ветэранскай пярвічкі філіяла Ніна Аляксееўна Яцкевіч.
Кіраўнік кадравай службы пераканана: у сямейных фотаальбомах, у дальніх шуфлядах у дамах ветэранаў спажыўкааперацыі абавязкова знойдуцца рэчы, якія засведчваюць прыналежнасць да некалі вялікай кааператыўнай суполкі. Яна просіць былых калег перагледзець уласныя архівы і падзяліцца знаходкамі. Дарэчы, сама В.А. Кандрацюк унёсак у добрую справу ўжо зрабіла – перадала ў будучы музейны пакой цікавы дакумент.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.