Як зрабіць вясковую краму прыбытковай. Пра гэта дакладна ведаюць Ірына Руткевіч і Алена Касач – прадаўцы магазіна аграгарадка Орля

Іх невялікі калектыў (можна сказаць, працоўны дуэт!) па выніках работы за мінулы год стаў пераможцам у раённым спаборніцтве сярод вытворчых падраздзяленняў і ўзнагароджаны пераходным вымпелам. Тэмп росту вытворчасці працы тут склаў 126,2%, а тавараабарот у 2022 годзе дасягнуў амаль 600 тысяч рублёў. Гэта пры тым, што насельніцтва Орлі складае каля 350 чалавек.

 

У чым жа сакрэт поспеху сціплага сельмага? Прыемна ўразілі чысціня і акуратнасць у гандлёвай зале, зручная для пакупніка выкладка тавараў і, безумоўна, разнастайны асартымент. Дый сустракаюць тут наведвальнікаў надзвычай добразычліва. Ці ж сакрэт, што ад прамяністай ды шчырай усмешкі прадаўца іншы раз залежыць наш настрой на ўвесь дзень.

 

– Сваіх пакупнікоў мы добра ведаем, бо не адзін год жывём побач, уважліва вывучаем попыт і зацікаўлена фарміруем заяўкі, – дзеліцца прадавец 6-га (самага высокага!) разраду Ірына Руткевіч, якая да таго ж выконвае абавязкі загадчыцы магазіна. – З многімі вытворцамі і пастаўшчыкамі кантактуем напрамую. Амаль штодня абзвоньваю мясакамбінаты Гродна і Слоніма, Ашмян і Віцебска: менавіта іх прадукцыя даспадобы нашым пакупнікам. Хлеб і здобную выпечку заказваем у Мастах, спецыі – у Лідзе, слодычы – на мінскай “Камунарцы”… Карыстаюцца папулярнасцю і пастаўкі з нашага Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства – рулет “Любімы”, свініна па-сялянску, галубцы “Зарэўскія”, што як паўфабрыкат гатуюць у шчучынскім кафэ “Залаты бераг”. Вельмі падабаецца нашым арлянцам скумбрыя халоднага вэнджання, якую прапануе рыбны цэх філіяла. А вось “малочку” найболей хутка разбіраюць тую, што пад брэндамі “Савушкін прадукт” і “Беллакт”.

 

Здаецца, насамрэч ведае ўсё пра густы сваіх землякоў Ірына Станіславаўна. Нездарма ж яна некалькі год таму прызнавалася лепшай па прафесіі сярод перадавікоў раёна, а зараз упершыню ў пераможцы яны выйшлі як вытворчае падраздзяленне. Сваім майстэрствам прафесіянал з 30-гадовым стажам работы ў гандлі шчодра дзеліцца з каляжанкай – Аленай Касач.

 

– Мы разам спасцігалі новыя тэхналогіі, калі ў 2020-м годзе цалкам перайшлі на аўтаматызаваныя працэсы ў рабоце магазіна. Заўважце, крама хоць і сельская, але аснашчана і камп’ютарамі, і відэакамерамі – усё, як у гарадскіх маркетах! – уступае ў нашу гаворку Алена Міхайлаўна, скарыстаўшыся момантам, калі ўсіх пакупнікоў ужо абслужыла.

 

Пэўна, перавага сельскага магазіна якраз-такі ў тым, што няма тут у адначассі вялікага патоку людзей і з кожным можна працаваць індывідуальна. Не сакрэт, што сельскі магазін гэта яшчэ і месца сустрэч ды чалавечых зносін, а сама па сабе фігура прадаўца – вельмі значная для вяскоўцаў. Ірына Станіславаўна і Алена Міхайлаўна карыстаюцца аўтарытэтам у сваіх землякоў: іх меркаваннем цікавяцца, на іх параду разлічваюць, іншы раз просяць прывезці штосьці пад заказ, напрыклад, камбікармы. Пры гэтым людзі дакладна ведаюць, што дадзенае слова работнікі прылаўка стрымаюць на “ўсе сто”.

 

– Нагрузка на кожнага прадаўца ў магазіне аграгарадка Орля складае 23 тысячы рублёў пры норме 17 тысяч, – адзначыла яшчэ адзін эканамічны складальнік поспеху нашых гераінь начальнік гандлёвага аддзела Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства Жанна Ткачук. – Мы цэнім орлеўскіх прадаўцоў за добрасумленнасць у працы, багаты прафесіянальны вопыт, уменне аказваць якасныя паслугі.

 

Я таксама не ўтрымалася, каб не зрабіць некалькі пакупак у сельмагу, які на слыху. Вельмі ж пераканаўча расказвалі Ірына і Алена пра толькі што атрыманую свежую і апетытную прадукцыю. Дэгустацыя паказала: у Орлі дрэннага не параяць!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!