Васілішкаўскія дзяўчынкі з "Арсенала" сталі пераможцамі ў абласным конкурсе па страявой падрыхтоўцы

Нядаўна ў маёнтку "Каробчыцы" прайшоў адкрыты абласны агляд-конкурс па страявой падрыхтоўцы ваенна-патрыятычных клубаў і ваенна-патрыятычных класаў Гродзенскай вобласці, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Шчучыншчыну ў гэтым мерапрыемстве прадстаўляла аддзяленне дзяўчынак ваенна-патрыятычнага клуба "Арсенал" Васілішкаўскай СШ. Нашы дзяўчаты выступілі  выдатна: яны сталі пераможцамі ў сваёй узроставай групе!

– Канечне, мы вельмі задаволены выступленнем, – гаворыць Генрых Мар'янавіч Рушніцкі – кіраўнік клуба "Арсенал". – Уявіце сабе: канкурэнцыю школьніцам састаўлялі вучні кадэцкіх класаў! І нашы дзяўчаты разам са сваім камандзірам Дар'яй Васілеўскай не пакінулі ім ніводнага шанца.

Генрых Мар'янавіч, які працуе ў школе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, ужо пяць год займаецца з выхаванцамі клуба "Арсенал". Заняткі, на якія і хлопцы, і дзяўчаты заўсёды прыходзяць з задавальненнем, праводзяцца ў пазаўрочны час. Яны займаюцца не толькі страявой, але ўвогуле і фізічнай падрыхтоўкай.

– Падчас выступлення неабходна было прадэманстраваць розныя элементы, – працягвае Генрых Мар'янавіч. – Прыгажосць строя, форму адзення, выхад са строю, страявыя практыкаванні, адзіночную страявую падрыхтоўку, праходжанне ўсяго строю маршам, а таксама з песняй і іншыя. Асобна ацэньвалася дзейнасць камандзіра. Было вельмі прыемна, калі пасля выступлення да нас падышоў падпалкоўнік, які займаецца з кадэтамі, і выказаў сваё захапленне падрыхтоўкай дзяўчынак. А яны і сапраўды справіліся на "выдатна".

– Перад выступленнем вельмі хвалявалася, – прызнаецца камандзір Дар'я Васілеўская. – Разумела, якая на мне ляжыць адказнасць. Успомніла, чаму вучыў нас Генрых Мар'янавіч і пастаралася выканаць усё належным чынам. І дзяўчаты не падвялі: усе мае каманды выконвалі дакладна і зладжана.

Даша займаецца ў клубе ўжо два гады. Першае сур'ёзнае выпрабаванне ў статусе камандзіра яна прайшла яшчэ летась, калі васілішкаўскія школьнікі прымалі ўдзел у "Зарніцы", што праходзіла ў Гродне. Тады ў страявой падрыхтоўцы яны занялі першае месца ў вобласці, а агульнакаманднае – другое. Дар'я валодае ўсімі якасцямі лідара і да таго ж звонкім голасам. Дзяўчынка наведвае гурток па вакальных спевах.

Ужо другі год у клубе "Арсенал" і Ксенія Скараход.

– Наведваць заняткі мне прапанаваў Генрых Мар'янавіч, – гаворыць дзяўчынка. – Я згадзілася. Выступаць вельмі няпроста. Часам ад хвалявання нават можна пераблытаць "лева" з "права". Хоць падчас рэпетыцый пра гэта нават не думаеш – усё атрымліваецца само сабой.

Вельмі задаволены выступленнем сваіх выхаванак і Генрых Мар'янавіч.

– Шчыра прызнацца, займацца з дзяўчынкамі нават прасцей, чым з хлопчыкамі, – гаворыць трэнер. – Яны больш адказныя, схватваюць усё імгненна, цярпліва трэніруюцца. А хлопцы лічаць, што ўсё ўмеюць. Рыхтуючы да выступлення аддзяленне дзяўчынак, хацелі зрабіць ход канём – ведалі, што такіх каманд больш не будзе. Але мае пераможцы смяюцца, што мы зрабілі ход не канём, а … дзяўчатамі. І не прагадалі. Малайцы яны!

І гераіні дня, і іх трэнер вельмі ўдзячны за падтрымку і дапамогу кіраўніцтву ААТ "Васілішкі" – у прыватнасці дырэктару Уладзіміру Часлававічу Серахану – і ўсім, хто хварэў за іх і дапамог атрымаць перамогу.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота з асабістага архіва Г.М. Рушніцкага. 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!