Выхаванка Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Сафія Хільмановіч атрымала запрашэнне на майстар-клас па вакале ў Мінск
Першага ліпеня на міжнародным музычным фестывалі ў Мінску “На крылах лета” выхаванка Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Сафія Хільмановіч стала лаўрэатам ІІІ ступені. Дзяўчынка выдатна выканала беларускую народную песню “Прыляцелі куры”.
За сваё цудоўнае выступленне Сафія атрымала грант на ўдзел у міжнародным конкурсе ў Польшчы DIGI-ART of CULTURE CARAVAN у рамках XIV міжнароднага праекта “Караван культуры”, а таксама запрашэнне на майстар-клас па вакале аднаго з членаў журы – Нэлі Дукавай – у Мінск.
– Конкурс, грант на ўдзел у якім атрымала Сафія, праходзіў дыстанцыйна, – расказвае педагог дадатковай адукацыі Палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірына Анатольеўна Краўчук, у якой займаецца Сафія. – Відэа, на якім яна выконвала дзве песні – “Прыляцелі куры” і “Сластёна”, – мы выкладвалі ў YouTube, а журы накіроўвалі спасылку аб размяшчэнні.
31 жніўня сталі вядомы вынікі конкурсу: Сафія заняла другое месца. Акрамя таго, яна атрымала спецыяльную прэмію ад фонду “Бенефіс” – “За захаванне і папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны”, якая дае права на ільготны ўдзел у міжнародным вочным конкурсе “Караван культуры”, які пройдзе з 30 мая па 2 чэрвеня наступнага года на востраве Волін на Балтыцы.
Ганна РУДСКАЯ.