Па сцяжынках роднага краю з цікавасцю крочаць выхаванцы Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства

“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”, – сцвярджае ў сваім вершы вядомы паэт Алесь Ставер. Толькі наўрад ці можна да канца пагадзіцца з яго словамі. Пераканацца ва ўнікальнасці і прыгажосці нашай роднай зямлі можна вельмі проста: для гэтага не трэба ехаць за мяжу, а дастаткова наведаць самыя знакамітыя мясціны нашай Бацькаўшчыны.

Менавіта так і паступаюць выхаванцы Шчучынскага цэнтра турызму і краязнаўства разам са сваімі педагогамі. Ужо каторы год у рамках праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” летам яны накіроўваюцца ў паходы па зараней распрацаваных маршрутах. Юныя краязнаўцы вывучаюць гісторыю сваёй вялікай Радзімы, але разам з тым не забываюць і пра мясціны, дзе нарадзіліся і выраслі…
– Наш раённы цэнтр турызму і краязнаўства яшчэ даволі малады, – расказвае яго дырэктар Алена Іванаўна Арабчык. – Ён адчыніў свае дзверы ў 1990 годзе і спачатку называўся раённай турыстычнай базай. Месца яго знаходжання было не вельмі зручнае: чамусьці турбазу размясцілі ў Андрушоўцах. У свой час летам там працаваў лагер піянерскага актыву, затым спартыўны. З той пары цэнтр не раз пераязджаў, пакуль у 2004 годзе канчаткова не асталяваўся ў будынку былой казармы па вуліцы Астроўскага ў Шчучыне. І вось хутка зноў справім наваселле. 


Сама Алена Іванаўна прыйшла працаваць у гэту ўстанову дадатковай адукацыі ў 1993 годзе. Біёлаг-хімік па спецыяльнасці, яна вельмі любіла гісторыю, таму маладога спецыяліста ніколькі не засмуціла, што прыйдзецца працаваць метадыстам на турбазе. 
– У той час дырэктарам быў Віктар Барысавіч Лісоўскі – чалавек, апантаны сваёй справай, – успамінае Алена Іванаўна. – Ён не толькі сам захапляўся турыстычнымі паходамі, але і заражаў гэтым сваіх выхаванцаў. У бытнасць Віктара Барысавіча мы арганізавалі больш за дзесяць паходаў па горным Крыме, Карпатах і Каўказе, хадзілі ў славацка-польскія Татры. Гэта В.Б. Лісоўскі развіў паходны рух на Шчучыншчыне. Менавіта з таго часу і пачаўся актыўны перыяд станаўлення нашага цэнтра, які выходзіў на лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. І сёння мы стараемся іх утрымліваць. 


Алена Іванаўна ўзначальвае цэнтр турызму і краязнаўства ўжо дзесяць год. За гэты час не адно прызавое месца заваявалі юныя шчучынскія турысты і краязнаўцы на спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Сведчанне гэтага – цэлая калекцыя кубкаў, дыпломаў і грамат, якія беражліва захоўваюцца ў кабінеце дырэктара. 
– Сёння больш за 360 рабят наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, што дзейнічаюць на базе цэнтра ў Шчучыне, а таксама ва ўстановах адукацыі раёна, – расказвае Алена Іванаўна. – Заняткі з дзецьмі праводзяць педагог-арганізатар Таццяна Францаўна Грыгаровіч, метадыст Аляксандр Юр’евіч Карасік, спецыялісты Вікторыя Уладзіміраўна Емельянчык, Мікалай Мікалаевіч Трахімчык, Арцём Аляксандравіч Халецкі, а таксама сумяшчальнікі ў школах. Асабліва запатрабаваны ў рабят турыстычны накірунак нашай дзейнасці. Яны гатовы хадзіць у паходы, вучыцца ўсім турысцкім прамудрасцям, займацца веласіпедным і водным турызмам, асвойваць байдаркі. Разам з тым нашы выхаванцы з не меншым задавальненнем вывучаюць гісторыю роднага краю, наведваюць гурткі “Юныя экскурсаводы”, “Юныя фалькларысты”, “Юныя турысты-эколагі”, “Юныя краязнаўцы”, “Ваенная гісторыя Беларусі”, “Юныя турысты”, “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, “Веласіпедны турызм”, “Юныя суддзі турысцкіх спаборніцтваў” і іншыя. 


Педагогі цэнтра займаюцца каардынацыяй усёй экскурсійнай і краязнаўчай дзейнасці ў раёне, музейнай педагогікі. Нядаўна на абласным этапе конкурсу юных экскурсаводаў Максім Сельхановіч – вучань гімназіі г. Шчучына – заняў першае месца і будзе абараняць гонар раёна на рэспубліканскім этапе. Лаўрэатамі абласнога этапа сталі астрынскія экскурсаводы. 
Прыемна, што шчучынскія мясціны цікавыя для нашых суседзяў. На днях вучні пачатковых класаў мастоўскай школы прыязджалі на экскурсію ў наш горад. А.І. Арабчых пазнаёміла юных гасцей са Шчучынам. Трэба сказаць, што педагогі цэнтра турызму і краязнаўства фарміруюць цікавыя туры і гатовы пазнаёміць турыстаў з нашай прыгожай малой радзімай.


– Цяпер мы рэалізуем сур’ёзны праект “Віртуальны музей Шчучынскага раёна”, – расказвае Алена Іванаўна. – Там будзе сабрана ўся інфармацыя пра цікавыя і знакамітыя мясціны нашай малой радзімы, пра архітэктурныя помнікі, гістарычныя падзеі і многае іншае. Пакуль ён у стадыі распрацоўкі. Калі работа будзе завершана, спадзяёмся, што атрымаецца сапраўдная скарбніца інфармацыі, у тым ліку і для турыстаў, якія абавязкова захочуць наведаць нашу Шчучыншчыну. 
Дарэчы, у цэнтры распрацаваны шматлікія буклеты ў дапамогу падарожнікам: “Малая радзіма вялікіх людзей”, “Залатое кальцо Шчучыншчыны”, “Шчучыншчына партызанская”, “Крылы над горадам” і шматлікія іншыя. А яшчэ педагогі цэнтра на чале з Аленай Іванаўнай працавалі над стварэннем Летапісу г. Шчучына з 1517 па 2011 гады, які заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе. З мэтай выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у музейнай педагогіцы і стварэння адзінага інфармацыйнага цэнтра аб музеях і музейных пакоях устаноў адукацыі Шчучынскага раёна рэлізуецца доўгатэрміновы раённы праект “Музеі Шчучыншчыны: віртуальны партал”.


Сёння выхаванцы цэнтра турызму і краязнаўства пабывалі ў многіх цудоўных куточках Беларусі. Іх не спыняюць ні адлегласці, ні цяжкасці паходнага жыцця. Скалясілі Гомельскую і Магілёўскую вобласці, пабывалі на Віцебшчыне, пазнаёміліся з Міншчынай. У наступным сезоне плануюць накіравацца на Брэстчыну. У іх распрацавана многа цікавых маршрутаў. А што тычыцца абмундзіравання – гэтага ў дастатку. 
– Для паходаў у нас ёсць усё сваё, – ганарыцца дырэктар цэнтра. – Хапае не толькі самім, але можам і з другімі падзяліцца – здаём у пракат. Закуплена многа спецыяльнай амуніцыі для заняткаў турызмам на больш высокім узроўні. Гэта карабіны, манарагі , прыстасаванні для хуткаснага спуску і многае іншае. Ёсць у нас байдарка, чатыры веласіпеды, на якіх мы прымаем удзел у спаборніцтвах па велатурызме, куплены невялікі скаладром, вяровачны гарадок, а таксама тэнісны стол і многае іншые. 


Цяпер, калі цэнтр турызму і краязнаўства справіць наваселле, а нагадаю, ён перабіраецца ў былы будынак дзіцячага садка №3 у. Шчучыне, педагогам будзе дзе развярнуцца. Па-першае, знойдзецца месца для захоўвання ўсяго спартыўнага інвентару. Па-другое, там будуць створаны бюджэтныя месцы для пражывання. Да ўсяго, абавязкова знойдзецца пакой для музея. У планах Алены Іванаўны – аказваць платныя паслугі па арганізацыі святаў для дзяцей, напрыклад, дзён нараджэння. Чаму б не падумаць пра гульнявую спартыўную праграму, у якой можна задзейнічаць і скаладром, і сетку для ўзбірання ўгору, і вяровачны гарадок. Хутчэй за ўсё такое турыстскае свята будзе карыстацца папулярнасцю ў юных шчучынцаў. 


Турызм – гэта не толькі лад жыцця Алены Іванаўны. І сваіх сыноў яна навучыла шматлікім турыстычным хітрыкам. Старэйшы Яўгеній служыць у арміі і вельмі ўдзячны маме за веды, што атрымаў на занятках гуртка. Яны дапамагаюць юнаку ў армейскім жыцці. Малодшы Стас разам з іншымі рабятамі наведваў аб’яднанне па інтарэсах “Юныя суддзі турысцкіх спаборніцтваў” . А яшчэ моцна захапляўся футболам. Цяпер ён займаецца ў школе алімпійскага рэзерву. Няпроста далося маме рашэнне адпусціць сына. Яна паступіла мудра: дазволіла яму прафесійна займацца гэтым відам спорту. Мэтанакіраванасць і настойлівасць, без сумнення, дазволяць хлопчыку стаць знакамітым футбалістам. 
Сама ж Алена Іванаўна марыць толькі пра тое, каб у яе з’явілася магчымасць крыху пашырыць штат: тады яны маглі б рэалізаваць яшчэ больш цікавых ідэй. Праўда, хутка заканчвае вучобу наш зямляк, былы выпускнік цэнтра, таксама апантаны турыст Мікалай Трахімчык. Ён мае намер прыйсці працаваць у Шчучынскі цэнтр турызму і краязнаўства.
Ну як, не надумалі накіравацца ў паход па знакамітых мясцінах малой радзімы? Час да лета яшчэ ёсць. Толькі доўга не разважайце. Паверце, не пашкадуеце!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара 
і з архіва А.І. Арабчык.