Валанцёрскі атрад “Продвижение” перамог у рэспубліканскім конкурсе “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”

Пра добрыя справы валанцёраў Астрынскай СШ імя А.С. Пашкевіч ведаюць не толькі ў вобласці, але нават у рэспубліцы. Доказ таму – перамога валанцёрскага атрада “Продвижение” ў конкурсе “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”, які штогод ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, а таксама ГА “БРСМ”.
– Для ўдзелу мы падрыхтавалі фотасправаздачу па выніках працы за мінулы год, – расказала кіраўнік атрада Наталля Васільеўна Санько. – У ёй паказалі вынікі нашых акцый, такіх, як “Малым рэкам – вялікі клопат”, “Адновім святыні Беларусі”, “Клопат”, “Добраўпарадкуем “Касмадром” і іншыя.
У атрадзе 16 валанцёраў і 16 цімураўцаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у працоўных акцыях і агульнашкольных суботніках. Перамога ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод моладзі, якая навучаецца” прынесла астрынчанам грашовы прыз – чатырыста беларускіх рублёў. На гэтыя сродкі ў хуткім часе плануецца набыць каляровы прынтар.
Юлія ЦІМАШЧУК.