Трыццаць тры гады мінула з дня чарнобыльскай трагедыі. А памяць жыхароў Шчучыншчыны і сёння захоўвае тыя жудасныя карціны…

Трыццаць тры гады мінула з дня чарнобыльскай трагедыі. Яе адгалоскі чуваць і да нашых дзён. А памяць жыхароў Шчучыншчыны, якія пабывалі на месцы катастрофы, і сёння захоўвае тыя жудасныя карціны…

Падзеі больш чым трыццацігадовай даўнасці ўспаміналі ветэраны Шчучынскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, якія сабраліся разам у Дзень чарнобыльскай трагедыі па запрашэнні старшыні ветэранскай арганізацыі Мікалая Фёдаравіча Тарасевіча. Цёпла сустракаў былых работнікаў в.а. начальніка Дзмітрый Уладзіміравіч Аляшкевіч. 

Уладзімір Аляксандравіч Родзін, Вацлаў Генрыхавіч Комар, Мікалай Барысавіч Бурновіч, Анатолій Мацвеевіч Сідлярэвіч, Іван Іосіфавіч Дзятчык – усе яны пабывалі ў чарнобыльскай зоне. Рызыкуючы здароўем, выконвалі свой грамадзянскі абавязак. 


– У чарнобыльскай зоне я правёў два месяцы ў 1988 годзе, – расказвае Вацлаў Генрыхавіч. – Мы ахоўвалі аб’екты на выселеных тэрыторыях. Сачылі за тым, каб не было раскрадання маёмасці. Кантралявалі пасты ў пачатку зоны адчужэння і каля рэактара, замяралі ўзровень радыяцыі. Працавалі ў Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах. Заходзіш у дом – і жудасна становіцца. На сценах – сямейныя і вясельныя фотаздымкі, у пакоях – асабістыя рэчы. Здаецца, праз хвіліну сюды зойдзе гаспадар… У нашы абавязкі ўваходзіў і кантроль за недапушчэннем пранікнення ў ахоўваемую зону. Прыязджалі людзі на могілкі да сваіх родных. А адна бабулька нейкім чынам умудрылася вярнуцца ў свой дом. Там яна і жыла. Я і сам купляў ёй прадукты харчавання, хлеб. Вельмі шкада яе было. Яна нават зерне малола і хлеб пякла.
У той дзень ветэраны службы, якія пабывалі ў Чарнобылі, атрымалі памятныя медалі з нагоды ліквідацыі трагедыі, якія ім уручыў М.Ф. Тарасевіч, і прэміі. А.М. Сідлярэвіч, які не змог прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, атрымае медаль пазней. 


Фота – на памяць, і зноў загучалі ўспаміны. Былым саслужыўцам ёсць пра што пагутарыць…
Ганна РУДСКАЯ.  
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!