Выберыце жыццё!

Да гэтага заклікалі жыхароў Орлеўскага сельсавета прадстаўнікі раённай улады і зацікаўленых служб падчас сельскага сходу, які прайшоў днямі ў Орлеўскім дз/с-СШ

Толькі за пяць месяцаў гэтага года ў нашым раёне ў пажарах загінулі сем чалавек, трое з іх – у Орлеўскім сельсавеце. Прычына практычна ўсіх гэтых трагедый – п’яная цыгарэта. А калі разважаць маштабна – людская бяспечнасць і абыякавасць у адносінах да ўласнага жыцця. Пасля ўжывання спіртнога наўрад ці хто можа мысліць адэкватна. Таму і кураць у ложку, а затым пакідаюць гэты свет у абнімку з попельніцай, як гэта здарылася з жыхаром в. Рымкі. Дарэчы, пакуль яшчэ дакладна не ўстаноўлена па якой прычыне ён пайшоў з жыцця: мяркуецца, што ўзніклі праблемы з сэрцам. А здарылася гэта якраз ў той момант, калі мужчына курыў у ложку…

 Ва ўсе званы сёння б’юць кіраўніцтва раёна, мясцовая ўлада, усе адказныя службы. Яны разам шукаюць выйсце з гэтай няпростай сітуацыі. Адзін са спосабаў дастукацца да людзей – сельскія сходы. Таму і накіраваліся ў мінулы чацвер у Орлю старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Я.Б. Майсей, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі аграрыяў Г.Ф. Шандроха, супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўтаінспекцыі і РАУС, прадстаўнікі электрычнай і газавай службаў, работнікі пракуратуры і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Нават дзеці не застаюцца ў баку ад гэтай праблемы. У сваім выступленні вучні Орлеўскага дз/с-СШ заклікалі дарослых выконваць усе правілы бяспекі, думаць пра жыццё сваё і блізкіх людзей, не пакідаць маленькіх дзяцей адных. А чым можа абярнуцца бяспечнасць дарослых расказалі кадры відэафільма, знятыя на рэальных фактах дзіцячай гібелі…


Няпростая сітуацыя з пажарамі склалася ў цэлым на Гродзеншчыне. Аб гэтым расказаў намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС А.Я. Ясеў. Сёлета здарылася 335 пажараў, у агні загінулі 22 чалавекі, кожная трэцяя гібель – у Шчучынскім раёне. 
– Немагчыма зразумець пазіцыю тых вяскоўцаў, якія атрымалі прадпісанне на ўхіленне выяўленых падчас супрацьпажарных рэйдаў недахопаў па рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі і нічога не выканалі, – гаворыць Аляксандр Яўгеньевіч. – Справа нават не ў тым, што яны праігнаравалі патрабаванні пажарнай службы. Трэшчыны ў печцы, адсутнасць прытопачнага ліста, аголеныя правады могуць стаць прычынай трагедыі, а людзі не спяшаюцца прывесці ў парадак сваю хатнюю гаспадарку. 
Асаблівую ўвагу прысутных А.Я. Ясеў звярнуў на пытанне бяспекі дзяцей. Падчас летніх канікулаў ім неабходна ўдзяляць самую пільную ўвагу, каб уберагчы ад няшчасця. 


Тэму пажарнай бяспекі прадоўжыў начальнік Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.Д. Малюгін.
– Вельмі хацелася б, каб мясцовыя жыхары займалі больш актыўную грамадзянскую пазіцыю і пра ўсе выпадкі, якія могуць каштаваць жыцця аднавяскоўцам, паведамлялі нам, праваахоўнікам або ў сельсавет, – звярнуўся да ўдзельнікаў сходу Аляксандр Дзмітрыевіч. – Магчыма, такая інфармацыя дапамагла б захаваць жыццё многім людзям. Як, напрыклад, у сітуацыі, калі ў Орлі згарэла супружная пара. Пры апытанні высветлілася, што многія жыхары аграгарадка ведалі, што загінуўшыя пенсіянеры не раз бывалі ў закінутым доме і распівалі там спіртныя напіткі, хоць работнікі мясцовай гаспадаркі закалацілі там вокны і дзверы. Аднак, ніхто не забіў трывогу, ніхто не папярэдзіў. А гарэлка – у крыві ўтрымлівалася каля чатырох праміле алкаголю – прывяла да бяды. 
А.Дз. Малюгін яшчэ раз нагадаў, наколькі небяспечна курыць у ложку, папярэдзіў, што за невыкананне правілаў пажарнай бяспекі можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь, заклікаў берагчы дзяцей і сваіх састарэлых бацькоў і не рызыкаваць сваім жыццём. 
Прычынай няшчасных выпадкаў можа стаць няправільная эксплуатацыя электрычных прыбораў, пашкоджаная электраправодка. На патрабаваннях правілаў электрабяспекі спыніўся інспектар інспекцыі Энерганагляду С.М. Бабылёў. 
Наколькі важна выконваць правілы карыстання газам у быце, своечасова замяняць газавае абсталяванне, у тым ліку газавыя пліты, тэрмін эксплуатацыі якіх закончыўся, нагадала ўдзельнікам сходу майстар Шчучынскага раёна газазабеспячэння Г.Г.. Шырокая. 


Орлеўскі сельсавет займае трэцяя месца ў раёне па ўзроўню злачыннасці. Таму гэты рэгіён трэба трымаць пад асобым кантролем. Аб гэтым гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі. Больш падрабязна прааналізавалі сітуацыю намеснік пракурора Шчучынскага раёна Дз.Ю. Гайдукевіч і намеснік начальніка Шчучынскага РАУС Д.Д. Кірылаў. А старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ А.Г. Шэршань спыніўся на пытаннях дарожнай бяспекі. 
З асобай просьбай да жыхароў сельсавета, якія прысутнічалі на сходзе, звярнуўся І. Ю. Сакалоўскі. Ён выказаў надзею, што гэта сур’ёзная гутарка атрымае шырокі рэзананс: кожны вясковец раскажа аб пачутым сваім родным, суседзям, сябрам, каб і яны ведалі, да чаго прыводзіць грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі.
– Мы павінны ўсе разам аб’яднаць свае намаганні, каб перамагчы п’янства, – гаварыў Іван Юльянавіч. – Раённая ўлада, прадстаўнікі ўсіх служб робяць усё магчымае, каб уберагчы людзей, не дазволіць бядзе пераступіць парог ніводнага дома. Толькі мы адны не зможам пераламаць сітуацыю да той пары, пакуль кожны чалавек не скажа сабе: я выбіраю жыццё! Падумайце пра гэта!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!