Танцуюць “Кантрасты”!

Нядаўна выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі – танцавальны калектыў “Кантрасты”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Таццяна Дзмітрыеўна Дзякевіч, вярнуўся з перамогай з рэспубліканскага танцавальнага фэсту “M&DANCE”, што адбыўся ў Мінску. Журы, у склад якога ўваходзілі дацэнты кафедры харэаграфіі, бакалаўры ў сферы танцавальнага мастацтва, пераможцы міжнародных конкурсаў, высока ацаніла майстэрства юных танцораў, творчую работу іх кіраўніка – Таццяны Дзмітрыеўны і акампаніятара Алы Казіміраўны Насцечынай. 

Выдатныя выступленні – звычайная справа для танцавальнага калектыву “Кантрасты”. Толькі мала хто ведае, якія творчыя пошукі і карпатлівая штодзённая праца стаяць за імі. Але і самой Таццяне Дзмітрыеўне, і яе нязменнай памочніцы Але Казіміраўне, і яе выхаванцам гэта толькі ў радасць: яны прыдумваюць новыя танцавальныя пастаноўкі, разам разважаюць над сюжэтам танцаў, абмяркоўваюць касцюмы і … зноў едуць на чарговае выступленне!

Таццяна Дзмітрыеўна працуе ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі ўжо больш за дваццаць год. Упершыню парог гэтага храма юных талентаў, а называўся ён Домам піянераў і знаходзіўся ў цэнтры горада, яна пераступіла, калі вучылася ў шостым класе. Менавіта тады дзяўчынка са сваімі бацькамі пераехала ў Шчучын, каб застацца тут назаўсёды.
– Мой тата быў ваенным лётчыкам, служыў у Азербайджане, у Германіі, а затым яго перавялі ў Шчучын, – расказвае Таццяна Дзмітрыеўна. – Калі выйшаў на пенсію, разам з мамай яны вырашылі вярнуцца жыць на яго радзіму ў Ніжні Ноўгарад. Я ж пераязджаць не хацела: па-першае, ужо вучылася ў Гродзенскім каледжы мастацтваў, а па-другое – вельмі палюбіла гэты ціхі самабытны гарадок. 
– Займацца ў каледжы аказалася нялёгка, – успамінае Таццяна Дзмітрыеўна. – Адной харэаграфіі было толькі шэсць гадзін у дзень. Нагрузка каласальная – некаторыя не вытрымлівалі. Танцавалі класіку, сучасныя, народныя і бальныя танцы. Гэта было маё! Да паступлення нам вельмі дапамагла падрыхтавацца Таццяна Панова, якая працавала на той час у Шчучынскім раённым Доме культуры. 
Па размеркаванні выпускніца каледжа павінна была ехаць у г.п. Мір. Толькі яна хацела вярнуцца ў Шчучын. Дзякуючы Ірыне Пятроўне Дзегцяровай – дырэктару цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Таццяна прыйшла працаваць у гэту ўстанову дадатковай адукацыі.


– Набірала групы, працавала з дзеткамі, – расказвае Таццяна Дзмітрыеўна.—Спачатку нават назвы ў нашага танцавальнага калектыву не было. Калі пачалі прымаць удзел у конкурсах – прыйшлося задумацца пра ўласнае “імя”. Адразу чамусьці назвалі “Каскад”, толькі мне гэта зусім не падабалася, не ляжала душа. Перад другім сваім водпускам па доглядзе дзіцяці мы з дзяўчынкамі ставілі танец “Кантрасты”. Ужо выйшаўшы на работу, падумала, а чаму не? Так і атрымаў наш танцавальны калектыў сваю назву – “Кантрасты”. 
Сёння ў Таццяны Дзмітрыеўны займаюцца дзеці з першага да адзінаццатага класаў. Са сваімі выхаванцамі яны прымалі ўдзел у самых розных конкурсах. Але ёсць такія, што для юных шчучынскіх танцораў найбольш важныя. 
– Некалькі год запар мы ўдзельнічаем у Міжнародным танцавальным фестывалі “Dance of Europe”, – расказвае Таццяна Дзмітрыеўна. – Першыя гады ніяк не маглі падняцца вышэй за чацвёртае месца. А ў 2017-ым мае малышы з танцам “Коробка с карандашами” занялі першае месца! Колькі радасці было! А ў мінулым годзе старэйшыя дзяўчаты атрымалі дыплом трэцяй ступені. Вельмі прэстыжны для нас фестываль-конкурс “За гранью”, у якім таксама прымаем удзел. Сёлета паспяхова выступілі на Міжнародным дзіцячым фестывалі “Сонца, радасць, прыгажосць” у Балгарыі і вярнуліся з дыпломам трэцяй ступені. Ды хіба пералічыш усе нашы паспяховыя выступленні за гэтыя гады!

Як сцвярджае Таццяна Дзмітрыеўна, у яе юных танцораў вельмі разумеючыя бацькі. Яны абедзвюма рукамі “за”, каб іх дзеці развіваліся і дэманстравалі свае поспехі на конкурсах розных узроўняў. Таму падтрымліваюць не толькі маральна, але і матэрыяльна. А дзеці на выступленні не шкадуюць нават сваіх кішэнных грошай. 
– Больш за ўсё мы выступаем з маімі выхаванцамі, якія займаюцца ў 4-5 класах школ горада, – гаворыць педагог. – На іх у мяне вялікія надзеі. Дзяўчынкі не проста стараюцца, гатовы займацца і ў палацы, і дома. Яны сябруюць паміж сабой. У пераважнай большасці дзяўчынак выдатныя расцяжкі, акрабатыка. Без гэтага ў танцы аніяк. 
Сама Таццяна Дзмітрыеўна пастаянна знаходзіцца ў пошуку, часам звяртаецца па дапамогу да калег. Пры редагаванні музыкі яе першы памочнік Леанід Францавіч Бортнік.
– Бывае, прыйдзе якая-небудзь новая ідэя, дык я да ранку не чакаю, а і ў час ночы магу схапіцца і адпрацоўваць танцавальныя рухі, – прыадкрывае тайну сваёй творчай майстэрні педагог. – Мне муж кажа: “Ты ж суседзяў пабудзіш сваімі скокамі!”. А я ціхенька стараюся. Ведаю, што многім харэографам цікавыя ідэі прыходзяць менавіта ноччу. А калі муза пра мяне ўвогуле забывае, адпускаю сітуацыю і чакаю натхнення. Або ўключаю дзецям музыку і кажу: “Каўбасімся!” Здараецца, і так нешта нараджаецца. 
Касцюмы для юных танцораў Таццяна Дзмітрыеўна прыдумвае разам са сваім акампаніятарам Алай Казіміраўнай Насцечынай, якая гэтыя касцюмы і шые. Раскроіць будучыя ўборы дапамагае ім Алена Феліксаўна Чашчэвік, кіраўнік узорнай студыі “Гармонія”. 


Цяпер Таццяна Дзмітрыеўна рыхтуе са сваімі выхаванцамі новыя танцавальныя пастаноўкі. Гераіняй адной з’яўляецца бабуля, якая штосьці вяжа. У планах таксама – танец прышэльцаў і танец гномікаў. 
– Часам працуеш над танцам і да апошняй хвіліны не ведаеш, што ўбачыш у выніку, – гаворыць педагог. – Іншы раз нумар увогуле атрымлівае незвычайны паварот. Сёлета мы зноў плануем пабываць на Міжнародным танцавальным фестывалі “Dance of Europe” і абавязкова прадставім некалькі нашых нумароў.
…Наша размова скончылася: на рэпетыцыю прыбеглі дзяўчынкі. Хуценька пераапрануліся і накіраваліся ў харэаграфічную залу, над абуладкаваннем якой у свой час доўга разважалі і дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі І.П. Дзегцярова, і сама Таццяна Дзмітрыеўна, і нават яе сяброўкі. Хацелася ж зрабіць утульны пакой для заняткаў!
– Мне вельмі падабаецца займацца, – гаворыць Ганна Майко, якая захапляецца танцамі і прыходзіць да Таццяны Дзмітрыеўны ўжо чацвёрты год. – Здорава пастаянна працаваць над сабой, выступаць на конкурсах, заваёўваць перамогі. 
Дарэчы, сёння многія дзяўчынкі – выхаванкі Таццяны Дзмітрыеўны мараць стаць харэографамі. Ці ж не гэта лепшае пацвярджэнне талента педагога? Новых вам перамог, юныя танцоры!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара і з архіва Т.Д. Дзякевіч.