“Сёння я згуляю белымі“ Турнір вызначыў лепшых шашыстаў

Традыцыйны турнір па шашках сабраў шмат аматараў гэтага віду спорту. Гасцей вітала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Шчучынскага ТЦСАН А.К. Шостак. Сярод 16 удзельнікаў былі не толькі наведвальнікі аддзялення, але і выхаванцы Васілішкаўскага і Шчучынскага дамоў-інтэрнатаў.

Гульня пачалася. Хтосьці доўга абдумваў ход і асцярожна перасоўваў шашку з клеткі на клетку. Хтосьці ўпэўнена браў курс і спяшаўся ў дамкі. На спаборніцтвах не абышлося без хвалявання, таму і дапускалі спартсмены няправільныя хады. Былі выпадкі, калі дапушчаная ў пачатку гульні памылка стала крокам да пройгрышу. За адным сталом чорныя шашкі за некалькі хвілін “з’ядалі” белыя, за другім – наадварот. Партыя за партыяй – і з’яўляліся пераможцы. У саперніцтве шашыстаў адчуваліся інтрыга і здаровы спартыўны азарт да самага апошняга тура. За ходам гульні ўважліва сачылі суддзі В.А. Струкель, В.М. Гардзееў і кіраўнік шахматна-шашачнага гуртка М.П. Малашыцкі. 
Самі ўдзельнікі адзначылі, што для іх, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, такія сустрэчы – сапраўднае свята. У аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Шчучынскага ТЦСАН яны спяшаюцца з задавальненнем, таму што тут іх заўсёды чакаюць. 
Неўзабаве гульня скончылася. Сёлета лідарамі спаборніцтваў сталі Аляксандр Ульянаў, Барыс Мяцько і Анатолій Паталета. Усе трое – пастаяльцы Шчучынскага дома-інтэрната. Пераможца турніру Аляксандр Ульянаў прызнаўся, што ўжо не ўяўляе свайго жыцця без шашак! Гэта – любімая гульня ў іх доме-інтэрнаце. Мужчына перакананы, што галоўнае – сабрацца і дзейнічаць стрымана, разважліва, пралічваць свае хады і магчымую рэакцыю саперніка.
Гэта ў Аляксандра Ульянава атрымліваецца выдатна. 
Між іншым, у той дзень без прызоў не застаўся ніхто. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама парадаваў шашыстаў салодкімі падарункамі. 
– Прыемна адзначыць, што шашкі і шахматы карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў дарослых, але і ў моладзі, – гаворыць Максім Пятровіч Малашыцкі, які зараз прывівае любоў да гэтых гульняў хлопчыкам і дзяўчынкам і вядзе ў Шчучынскім ЦКіНТ шахматна-шашачны гурток.
– Гульня ў шашкі і шахматы спрыяе развіццю інтэлектуальных здольнасцей дзяцей, выхоўвае ў іх цярплівасць, лагічнае мысленне. Радуе, што рабяты ахвотна разбіраюць камбінацыі, аналізуюць дапушчаныя памылкі і з задавальненнем удзельнічаюць у спаборніцтвах і ставяцца да іх сур’ёзна. Добра гуляюць у шахматы Павел Трахімчык, Аляксандр Калашнікаў, Кірыл Санкевіч, Арцём Палубятка і іншыя. А сярод дарослых няма роўных В.М. Гардзееву і С.Г. Маламу. 
Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)