Школьнікі Шчучыншчыны пабывалі на ХХХІ Міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску

На днях школьнікі Шчучыншчыны ў суправаджэнні педагога дадатковай адукацыі Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Я.М. Чашчэвіка пабывалі на ХХХІ Міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску. 
Больш за 80 касманаўтаў з 17 краін свету сабраліся на форум. У сераду яны сустракаліся з вучнямі і студэнтамі беларускіх навучальных устаноў. 
Цікавы, змястоўны дыялог адбыўся ў шчучынскіх школьнікаў і рабят з іншых раёнаў з расійскім касманаўтам Аляксандрам Паўлавічам Аляксандравым і амерыканскім касманаўтам Джонам Фабіянам у гасцініцы “Прэзідэнт-Атэль”. Цікавыя факты пра іх незвычайную прафесію, дзейнасць, арганізаваную на борце Міжнароднай касмічнай станцыі, выхадах у адкрыты космас, пра экстрэмальныя сітуацыі і пра многае іншае расказалі госці сваім цікаўным юным слухачам. 
Памятны падарунак з выявай Шчучына ўручылі рабяты Аляксандру Аляксандраву. А ў адказ усе атрымалі аўтографы людзей гэтай незвычайнай прафесіі. 


Самыя прыемныя ўражанні ад паездкі засталіся ў гімназістаў. 
– Для мяне сустрэча была вельмі цікавай і пазнавальнай, – расказвае Ягор Хільмановіч. – Я лічу, што за касманаўтыкай – будучыня, і таму даўно цікаўлюся гэтай тэмай. Мы даведаліся, што Джон Фабіян пабываў у космасе двойчы і правёў там 13 дзён, а Аляксандр Аляксандраў таксама лятаў у космас два разы, толькі прабыў там каля года. 
– Аказваецца, падрыхтоўка касманаўтаў доўжыцца цэлых пяць год, – дадае Анастасія Трахімчык. – А самападрыхтоўка павінна пачынацца задоўга да паступлення ў ВНУ. Людзі, якія абралі прафесію касманаўта, павінны быць фізічна і інтэлектуальна развітымі, умець хутка прымаць правільнае рашэнне. Таму цікава было даведацца, з якімі складанасцямі прыходзілася сутыкацца нашым суразмоўцам падчас касмічных палётаў, і як яны іх пераадольвалі. 


– А я заўсёды марыў стаць касманаўтам, – гаворыць гімназіст Аляксей Пабягуц. – Таму вельмі хацелася сустрэцца з прадстаўнікамі гэтай прафесіі. Мы пераканаліся, што гэта людзі мужныя, мэтанакіраваныя, адказныя, адданыя сваёй справе. Цікава было таксама паглядзець мастацкі фільм “Салют-7” пра выратаванне аднайменнай арбітальнай станцыі.
Незвычайная сустрэча застанецца ў памяці рабят. І хто ведае, можа праз некалькі год хтосьці са шчучынскіх школьнікаў вырашыць прысвяціць сваё жыццё касманаўтыцы. 
Ганна РУДСКАЯ.