Шчучынскія юніёры сталі героямі праекта “Гульні “на выраст” тэлеканала “Беларусь 5”

Першы спартыўны клас у нашым раёне з’явіўся ў 2015-м на базе СШ №1
г. Шчучына. І вельмі хутка яго выхаванцы (а гэта рабяты 2004-2005 гадоў нараджэння, якіх адбіралі спецыялісты па пэўных крытэрыях) гучна заявілі пра сябе. Аднак перамогі і дасягненні не даюцца проста так. Замест урокаў фізкультуры ў гэтых юнакоў і дзяўчат больш чым 2-гадзінныя заняткі ў вучэбна-трэніровачных групах, прычым шэсць дзён на тыдзень!

– Тады ж, у 2015 годзе, у рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва фінішыраваў праект “Спорт – магчымасць здаровага ладу жыцця ў Варэнскім і Шчучынскім раёнах”, дзякуючы якому быў рэканструяваны спарткомплекс па вуліцы Авіятараў у Шчучыне. У выніку ў нас з’явілася выдатныя база для трэніровак, – узгадвае дырэктар ДЮСШ В.Ю. Шымановіч. – Наша спартыўная зала практычна адпавядае міжнародным стандартам, і што самае галоўнае – яна ніколі не пустуе.


Сапраўды, у той дзень, як мы наведалі “дзюшку”, у будынку валадарыла ажыўленне. Юныя спартсмены і іх трэнеры, здаецца, вылучалі нейкую асаблівую энергетыку. Цікава, што ў госці да рабят завіталі яшчэ і карэспандэнт Андрэй Іўлеў ды аператар Аляксандр Вавілаў са знакамітага спартыўнага тэлеканала “Беларусь 5”:

– Мы ў сваім творчым праекце “Гульні “на выраст” расказваем аб развіцці дзіцячага і юнацкага спорту ў нашай краіне. Не сакрэт, што менавіта ў такіх невялікіх гарадках, як Шчучын, падрастаюць будучыя чэмпіёны. Таму нам хочацца пазнаёміць тэлегледачоў з юнымі шчучынскімі спартсменамі і іх настаўнікамі.
А расказаць ёсць пра што. Юныя гандбалісты, вучні таго самага спартыўнага класа першай гарадской школы, ужо чатыры гады запар займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў абласной спартакіядзе школьнікаў. Вось і апошнім разам яны занялі другое месца сярод васьмі каманд, абыграўшы ўсіх, акрамя выхаванцаў Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

– Мы ганарымся нашымі чэмпіёнамі – Максімам Станеўскім, Аляксандрам Авадком, Паўлам Парфенчыкам, якія ўвайшлі ў зборную вобласці і на спаборніцтвах па гандболе абараняюць гонар усяго Прынёманскага краю, – расказвае намеснік дырэктара ДЮСШ В.В. Байчарова. – А вось Арцём Красочка з гэтага навучальнага года займаецца ў вышэйшым звяне спартыўнай падрыхтоўкі – школе алімпійскага рэзерву г. Мінска. Сярод дзяўчынак найбольшых поспехаў дабіліся сёстры Крысціна і Карына Бакун, Арына Богдан. Аднак спартыўны азарт і добры патэнцыял прысутнічаюць літаральна ў кожнага з нашых выхаванцаў.
Варта адзначыць, што з гандбалістамі працуюць таленавітыя трэнеры – Герман Асланавіч Байчароў і Анастасія Віктараўна Патапчык, якія ўкладваюць у сваіх падапечных усю душу, вучаць не проста бліскучай тэхніцы гульні, а “куюць” характар, волю, мэтанакіраванасць.


Юнакі-гандбалісты ўваходзяць у Рэспубліканскую дзіцяча-юнацкую спартыўную лігу, удзельнічаюць у спартыўных баталіях, на якія збіраюцца іх равеснікі з усёй Беларусі. Дзякуючы гэтаму дзевяцікласнікі спартыўнага класа СШ №1 ужо аб’ездзілі многія гарады нашай краіны, дзе не толькі з поспехам удзельнічалі ў прэстыжных спаборніцтвах, але і мелі магчымасць далучыцца да культурнай і духоўнай спадчыны. Дарэчы, адзін з тураў Лігі праходзіў у Шчучыне, і ўжо нашы рабяты з гонарам паказвалі равеснікам славутасці сваёй малой радзімы.

Няма сумнення, што нашы юныя спартсмены сваімі дасягненнямі і далей будуць услаўляць родны край. Так, у адну з бліжэйшых нядзель (па папярэдніх дадзеных – 26 студзеня) на канале “Беларусь 5” у “Гульнях “на выраст” мы ўбачым, з чаго складаюцца кропкі росту шчучынскіх гандбалістаў, пачуем гісторыі з першых вуснаў аб шляхах у спорт дзяцей і дарослых – выхаванцаў і трэнераў.
Балеем за нашых! Ганарымся сваімі…

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!