​​​​​​​Дабрачыннае свята для дзяцей-сірот адбылося ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі

Дабрачыннае свята для дзяцей-сірот, выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу, дзетак з апякунскіх і прыёмных сем'яў адбылося сёння ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Спачатку педагогі і выхаванцы палаца запрасілі гасцей на тэатралізаванае прадстаўленне  «У пошуках чароўнай зоркі, або Неверагодныя прыгоды Снягурачкі пад Новы год». Разам са Снягурачкай рабяты пабывалі ў Шамаханскім царстве, сустрэліся з разбойнікамі, накіраваліся на  Паўночны полюс і нават зляталі ў космас. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, што сустрэліся на шляху, ім удалося сабраць кавалачкі чароўнай зоркі, якія па ўсім свеце раскідалі Баба Яга і Кікімара.

Павіншаваць рабят і дарослых з самымі цудоўнымі і казачнымі святамі прыйшла старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк. Яна ад усёй душы пажадала усім толькі дабра, каб надыходзячы год прынёс многа радасці і шчасця, яркіх эмоцый і цікавых падзей, здароўя і дабрабыту.

А затым хлопчыкі і дзяўчынкі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай, а таксама іншымі казачнымі героямі вадзілі вакол ёлкі карагод, танцавалі і весяліліся. Мяккая цацка з салодкімі падарункамі ад Беларускага дзіцячага фонду стала прыемным сюрпрызам для рабят.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.