“Праз сэрца прапускаю гісторыю сваіх мясцін”. Стараста вёскі Вялікае Сяло Тэрэза Скерсь дапамагае аднавяскоўцам вырашаць сацыяльныя пытанні і запісвае ўспаміны старажылаў

 

Старастай вёскі ў Вялікім Сяле ўжо больш за дзясятак год аднавяскоўцы выбіраюць Тэрэзу Скерсь – чалавека нераўнадушнага, добразычлівага, надзвычай адказнага. Прафесія педагога як найлепш наклала свой адбітак і на характар жанчыны, і на яе манеры -- тактоўныя, паважлівыя да людзей.

 

-- Якое б пытанне ні ўздымалі землякі, адразу выходжу на сельвыканкам. Тэлефаную старшыні Тамары Іванаўне Зубрыцкай або кіраўніку спраў Марыі Іванаўне Бобрык, -- адзначае Тэрэза Вацлаваўна. – Трэба сказаць, ні адзін зварот не замоўчваецца. Нам заўжды стараюцца дапамагчы.
Асабліва радуюцца людзі, што пасля такіх зваротаў прыведзена ў належны парадак дарога ад Карабкоў да Вялікага Сяла.

 

-- Мы ўдзячны нашаму аднавяскоўцу, начальніку ДРБУ-161 Мечыславу Сцельмашку за тое, што рамонтныя работы праведзены сапраўды на сумленне. Дарогу ўзнялі на пэўную вышыню: цяпер яе не замятае снег, выраўнялі. Самае галоўнае, што стала камфортна і бяспечна рухацца нашаму школьнаму аўтобусу, -- заўважае настаўніца.

 

Дарэчы, менавіта з падачы вялікасельцаў і іх старасты сёлета энергетыкі знялі праблемы на электралініі: працавалі ў населеным пункце каля двух тыдняў, затое зараз бесперабойна функцыянуе вулічнае асвятленне. Людзі задаволены.

 

-- На жаль, жыхароў у нашай некалі вялікай вёсцы, што пазначана нават у яе назве, становіцца ўсё меней, а хат пустых усё болей, -- з горыччу заўважае стараста. – Аднак дзякуючы ініцыятыве сельвыканкама ў гэтым годзе былі знесены чатыры закінутыя безгаспадарныя пабудовы, а ладны гектар зямлі мясцовая гаспадарка засеяла травамі. Зусім іншы выгляд набыла вуліца! Вось зараз з нашымі актывістамі дабіліся зносу ў цэнтры Вялікага Сяла даўно незапатрабаванага будынка, дзе калісь аказвалі насельніцтву бытавыя паслугі. Як нам патлумачылі ў сельвыканкаме, ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам ААТ “Васілішкі”, што адразу па вясне старая пабудова будзе знесена, а тэрыторыю расчысцяць і добраўпарадкуюць. Гэта вельмі добра, што да нашых сігналаў прыслухоўваецца мясцовая ўлада, што існуе дзейсная зваротная сувязь.

 

Тэрэза Вацлаваўна разам са сваімі вучнямі здавён даглядае помнік расстраляным бандытамі настаўнікам Камінскім, якія ў пасляваенны час прыехалі ў Вялікае Сяло ўздымаць адукацыю. Гісторыя гэта ёй вельмі блізкая, бо ў тым жа 1947 годзе (толькі не летам, а восенню) тэрарысты забілі брата яе бацькі. Гэты боль заўжды жыў у сям’і побач з расказамі пра маладога, прыгожага актывіста-камсамольца Івана Арабчыка, якога напаткала бандыцкая куля з засады, калі ён па лясной дарозе вяртаўся на веласіпедзе ў Вялікае Сяло.

 

-- Мне цікава было пагутарыць са старэйшымі людзьмі і падрабязна даведацца, як насамрэч усё адбывалася. У Вялікім Сяле жывуць рэальныя сведкі тых трагічных падзей, -- дзеліцца Т.В. Скерсь. – Разам з вучнямі Галавічпольскай СШ мы пішам даследчыя работы на гэту тэму, дапаўняем здымкамі і рарытэтнымі рэчамі экспазіцыі школьнага музея.

 

Тэрэза Вацлаваўна – настаўніца малодшых класаў, але да ўсяго і краязнаўца адмысловы. Яе веды, уменне “разгаварыць” аднавяскоўцаў, адкрыць іх душы, пераканаць, што іх успаміны вельмі патрэбныя і каштоўныя для маладых сучаснікаў, выклікаюць захапленне. Вось такая стараста вёскі жыве ў Вялікім Сяле.  

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.  
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!