Новы выгляд нашага горада. У Шчучыне працягваецца капітальны рамонт жылфонду

Камфортнае жытло – важны складнік агульнага дабрабыту насельніцтва. Пра гэта, як ніхто іншы, ведаюць будаўнікі. Так, кожны год у нашым раёне і па ўсёй краіне каля трох адсоткаў жылфонду падлягае капітальнаму рамонту.

 

Зараз у Шчучыне праходзіць капітальны рамонт шматкватэрнага дома № 42 па вуліцы Зялёнай, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўжо ў маі. Работамі на аб’екце займаюцца будаўнічыя брыгады генеральнай падраднай арганізацыі РУП ЖКГ, нагляд за выкананнем рамонту ажыццяўляе ДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна”.

 

 

Рамонт фінансуецца з дзвюх крыніц. Першая – штомесячныя адлічэнні грамадзян на капітальны рамонт, якія накіроўваюцца на самыя праблемныя дамы. Дадатковае фінансаванне праекта ажыццяўляецца з дапамогай сродкаў раённага бюджэту. Графікі капітальнага рамонту фарміруюцца ў адпаведнасці з датай пабудовы дамоў і патрэбы ў іхнім абнаўленні.

 

– Пры капітальным рамонце будынка праводзіцца стандартны аб’ём будаўнічых работ на канструктыўных элементах і месцах агульнага карыстання, – адзначае галоўны інжынер ДП “УКБ Шчучынскага раёна” Аляксандр Малышка. – У першую чаргу абнаўленню падлягае дах дома і адмостка вакол яго. Вялікая частка работ праводзіцца ў падвалах, бо менавіта там сканцэнтраваны важныя камунікацыі, такія як цеплавыя і вадамерныя вузлы, шчытавыя падстанцыі, разводкі каналізацыі. Усе гэтыя элементы грунтоўна абследуюцца спецыялістамі і ў залежнасці ад стану абсталявання замяняюцца. Тое ж адносіцца да электрычных шчыткоў у пад’ездах і вентыляцыйных шахтаў.

 

 

Важнай часткай капітальнага рамонту з’яўляецца прывядзенне да ладу знешняга выгляду будынка. З гэтай мэтай удасканальваюцца элементы ўваходнай групы, балконы, парапеты, фарбуюцца фасады.

 

– Часта ў працэсе рамонту фасады прыходзіцца абнаўляць, – дадае Аляксандр Міхайлавіч. – Справа ў тым, што швы ў кладцы савецкіх часоў могуць выветрыцца, а раствор выкрышыцца. Жыльцы, асабліва тарцавых кватэр, пачынаюць скардзіцца на холад. У такіх выпадках асобныя фасады фрагментарна ўмацоўваюцца і ўцяпляюцца, што дазваляе пазбегнуць сырасці ў кватэрах.

 

 

Добраўпарадкаванне прылягаючай да дому тэрыторыі – мінімальнае. Яно праводзіцца толькі ў тых выпадках, калі парушаецца першапачатковы выгляд гэтай тэрыторыі.

 

Асобная ўвага надаецца мерам бяспекі жыльцоў падчас капітальнага рамонту. Так, зоны правядзення актыўных будаўнічых работ агароджваюцца, а над уваходамі ў пад’езд і месцамі праходу людзей усталёўваюцца ахоўныя казыркі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!