У Шчучыне прайшоў першы раённы фестываль творчасці выхаванцаў дашкольных устаноў

Сёння з самага ранку ў РЦКіНТ панавала святочная атмасфера. Гарэзлівыя клоўны сустракалі гасцей, праводзілі па лесвіцы ўбранай шарамі, падбадзёрвалі ўдзельнікаў, якія, канешне, хваляваліся, бо ўпершыню выступалі на вялікай сцэне. У фестывалі дзіцячай творчасці “Мы развіваем таленты” бралі ўдзел шэсць гарадскіх дзіцячых садкоў, кожны з якіх прапанаваў на суд гледачоў арыгінальныя канцэртныя нумары.

 – Мы пастаянна ўдасканальваем сістэму мастацка-эстэтычнага развіцця выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў, і гэта мерапрыемства яшчэ адно таму пацвярджэнне, -- гаворыць метадыст ДУ “Шчучынскі вучэбна-метадычны кабінет” Г.І. Новікава. – Да таго ж фестывальная атмасфера спрыяе нефармальным стасункам і абмену вопытам паміж педагогамі, падтрымцы творчых кантактаў паміж калектывамі.

Ах, у якое яркае шоу выліўся паказ мод юнымі мадэлямі! А як цудоўна выконвалі дзіцячыя песні маленькія выканаўцы, як артыстычна чыталі вершы беларускіх класікаў! Дынамічныя танцы – ад “Рок-эн-рола” да “Полькі-Янкі” – зачароўвалі сваёй дынамікай і прымушалі залу пляскаць у далоні, падпяваць і нават кідацца ў скокі. Балазе вясёлыя клоўны падтрымлівалі хлопчыкаў і дзяўчынак у іх імкненні далучыцца да сваіх таленавітых сяброў, што выступалі на сцэне. Феерверк эмоцый захопліваў і дарослых – педагогаў, татаў і мам, бабуль і дзядуль, якія таксама прыйшлі ў цэнтр культуры і народнай творчасці, каб парадавацца за сваіх малышоў.

Прыемна, што тэматыка выступленняў юных артыстаў была самай разнастайнай – ад забаўляльна-лёгкіх нумароў да выступленняў, што пранікнуты патрыятызмам, нацыянальным каларытам, клопатам аб прыродным асяроддзі. Інтэрактыўныя гульні, жарты, дыялогі вядучых з залай ператваралі фестываль у незабыўнае свята дзяцінства.

Напрыканцы фестывалю намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ж.І. Мяцько ўручыла калектывам дзіцячых садкоў дыпломы за творчы падыход у развіцці выхаванцаў, а юныя артысты атрымалі салодкія пачастункі.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!