Ладзілася свята ў Куляшах

Свята вёскі Куляшы, якое адбылося на тэрыторыі Куляшоўскай сельскай бібліятэкі-музея, сабрала многа ўдзельнікаў. Паглядзець віншавальную праграму, падрыхтаваную бібліятэкарам Людмілай Мікалаеўнай Павядайка  сумесна з работнікамі Першамайскага Дома культуры, сабраліся не толькі жыхары вёскі, але і яе госці.

Агляд музейных экспанатаў і майстар-клас па рамёствах правяла Лідзія Уладзіміраўна Малмыга.

Старшыня Першамайскага сельвыканкама Наталля Мікалаеўна Сідлярэвіч звярнулася да жыхароў в. Куляшы з віншавальным словам і ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла памятныя падарункі галоўнаму аграному мясцовага сельгаспрадпрыемства Сяргею Уладзіміравічу Сідлярэвічу і лепшым працаўнікам сельскай гаспадаркі, а таксама шматдзетным маці і сем’ям, у якіх муж з жонкай больш за 50 год крочаць разам па жыцці, старэйшым жыхарам вёскі, народным умельцам, вырабы якіх можна пабачыць на выставе народнай творчасці, і самым маленькім вяскоўцам.

Мерапрыемства праходзіла ў рамках раённага семінара “Бібліятэка – цэнтр адраджэння нацыянальных традыцый” для супрацоўнікаў ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”, якія не засталіся ў баку і прымалі ўдзел у конкурсе на лепшую нацыянальную страву “Бабуліны прысмакі”. Сярод жыхароў вёскі быў арганізаваны конкурс на лепшы падворак, пераможцы якога таксама былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі.

На мерапрыемстве прагучалі песні ў выкананні вакальнага калектыву “Куляшоўскія сяброўкі”, Іны і Яўгена Карэйва, Вікторыі і Дзмітрыя Сідлярэвіч.

Вёска жыве, пакуль жывы яе карані і нацыянальныя традыцыі, значнасць і самабытнасць якіх з’яўляліся асновай гэтага ліпеньскага свята.

Кацярына КІСЕЛАР,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!