“Касмадром” рыхтуецца да юбілейнага сезона

Ужо менш чым праз два месяцы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Касмадром” зноў зазвіняць дзіцячыя галасы. З усяе Шчучыншчыны і не толькі прыедуць сюды хлопчыкі і дзяўчынкі, каб адпачыць пасля вучэбнага года, набрацца сіл і ўмацаваць здароўе. Дарэчы, сёлетні аздараўленчы сезон будзе для “Касмадрома” юбілейным – пяцідзясятым! Таму і адпачынак у гэтым годзе павінен быць асаблівым. А гэта ўжо – задача дарослых.
– Аддзел адукацыі, спорту і турызму распрацаваў план мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы лагера і навядзенні парадку на яго тэрыторыі, – расказвае дырэктар ДАЛ “Касмадром” Уладзімір Лявонцьевіч Фамко. 


Кожны дзень у лагер накіроўваецца працоўны дэсант з устаноў адукацыі раёна. Напрыклад, у чацвер, калі мы пабывалі ў “Касмадроме”, там працавалі прадстаўнікі трох школ – Дэмбраўскай, Ражанкаўскай і СШ №1 г. Шчучына. Работа кіпела ва ўсю. У карпусах жанчыны чысцілі вокны, дзе неабходна – абдзіралі старую фарбу. На вуліцы падграбалі мінулагодняе лісце і хвою, прыводзілі ў парадак кветнікі. 
– Наш участак работы – корпус №4, – гаворыць намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце СШ №1 г. Шчучына Ірына Віктараўна Палуян. – За сёння паспелі зрабіць ужо даволі многа. Першы паверх корпуса поўнасцю прывялі ў парадак, засталося толькі пафарбаваць праблемныя месцы. Ачышчаем і прылеглую тэрыторыю. 


А работнікі Ражанкаўскага дз/с-СШ завяршалі перакопку кветніка. Працавалі на сумленне – нідзе ні зялінкі, усё акуратна і прыгожа. 
– Прывесці ў парадак “Касмадром” – гэта ж такая важная і адказная справа, – разважае намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Ражанкаўскага дз/с-СШ Алена Аляксандраўна Матавая. – Мы ж стараемся для дзяцей, каб ім было ўтульна і камфортна. 
Безумоўна, тут яшчэ ёсць дзе прыкласці рукі. Але ўсім разам гэта па сілах. 
– У хуткім часе пачнём бягучы рамонт будынкаў, – гаворыць Уладзімір Лявонцьевіч. – Сёлета на рамонт і добраўпарадкаванне выдзелена значная сума – 37 тысяч рублёў. Фарба і іншыя неабходныя матэрыялы ўжо закуплены. Што тычыцца ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, на сённяшні дзень у лагеры ўжо ўстаноўлена сістэма відэаназірання, набыты халадзільны манаблок, бензакаса, сістэма апавяшчэння аб пажары “Маланка”. Плануецца купіць адзінаццаць новых ложкаў, столькі ж тумбачак, 4-5 шаф. 
Летась аддзел адукацыі спорту і турызму аб’явіў раённую акцыю “МОЛАДЗЬ у дзеянні: РАЗАМ уладкуем “Касмадром”, у выніку якой у лагеры з’явіліся прыгожыя паробкі, малыя архітэктурныя формы. Дзякуючы гэтым рукатворным маленькім шэдэўрам тэрыторыя набыла свой асаблівы каларыт. 


– Сёлета гэта добрая справа атрымала працяг, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Вольга Пятроўна Чыжык. – Акцыя “МОЛАДЗЬ у дзеянні: РАЗАМ уладкуем “Касмадром” стартавала 6 красавіка і прадоўжыцца да 20 мая. І за гэты час кожны жыхар нашага раёна можа прыняць у ёй удзел. А трэба зусім нямнога: толькі прыдумаць крэатыўную ідэю добраўпарадкавання тэрыторыі лагера і намаляваць яе або начарціць. Прымаюцца любыя цікавыя прапановы! Больш падрабязна пра правядзенні акцыі можна даведацца на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Дарэчы, сёлета ў лагеры будуць арганізаваны пяць змен, а першая стартуе адразу ў першы дзень лета. 
Плануйце свой адпачынак, рабяты! І абавязкова ў аздараўленчым лагеры “Касмадром”, які ўжо стаў своеасаблівым сімвалам нашага раёна і аб’ядноўвае многія пакаленні. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!