Георгій Іосіфавіч і Валянціна Мяфодзьеўна Панасевічы: “Заходзьце ў наш дом – нашы дзверы адкрыты”

Ёсць такія дамы, зайшоўшы ў якія, хочацца пабыць даўжэй. І не з-за бытавога камфорту ці прыгожага інтэр’ера. Прыцяжэннем служаць гаспадары дома – прыязныя, тактоўныя, з асаблівым душэўным шармам, з важкім багажом вопыту і ведаў, мудрыя ў сваіх развагах людзі. З такой кагорты Георгій Іосіфавіч і Валянціна Мяфодзьеўна Панасевічы з Жалудка.

 

Гаспадар стыльнай і дагледжанай сядзібы галантна сустракае ля весніцаў, а на парозе ўжо чакае прыветлівая гаспадыня. “Заходзьце ў наш дом – нашы дзверы адкрыты”, – крыху перафразіраваўшы словы вядомай песні, запрашае Валянціна Мяфодзьеўна. І адчуванне такое, быццам сустрэла даўно знаёмых людзей. Зрэшты, нітачку, якая можа аб’ядноўваць, знаходзім адразу: мясціны, дзе нарадзіліся мае суразмоўцы, недалёка ад маёй малой радзімы.

 

Дарога ад роднага парога

 

Бацькаўшчына Георгія Іосіфавіча ў Стукалах на Мастоўшчыне, а Валянціны Мяфодзьеўны – на гэты бок Нёмана, у вёсцы Прэціма. Абое з сялянскіх сем’яў. Увабралі ў сябе ад бацькоў мудрасць, ад роднай зямлі – моц і надзейнасць. “Я так удзячны сваёй маме, – не хавае эмоцый гаспадар дома. – Бацька мой, тэхнік лясгаса, загінуў у 1942 годзе за сувязь з партызанамі, калі мне было 9 месяцаў ад роду. Мама мяне, адзінага сына, любіла і аберагала, але не патурала, трымала дысцыпліну, прывучала да працы. У дзесяць год я ўжо касіў…”.

 

У сям’і Валянціны Мяфодзьеўны было трое дзяцей. “Я ж яе ўпершыню яшчэ дзяўчом убачыў, – усміхаецца Георгій Іосіфавіч. – Сам ужо браўся на кавалера і прыходзіў да яе бацькі – вядомага ў акрузе гарманіста, каб дамовіцца наконт вячорак для мясцовай моладзі”. А пазней, калі Валя вырасла і па-дзявочы расцвіла, гэтыя двое сустрэліся на… збожжаскладзе. Яна, тады студэнтка Гродзенскага педінстытута, будучы біёлаг-хімік, падмяняла на рабоце маці, а ён – студэнт Гродзенскага сельгасінстытута, за плячамі якога была ўжо служба ў арміі, праходзіў практыку ў калгасе імя Калініна з цэнтрам у Ліпічне. Маладыя людзі год сябравалі, а потым злучылі свае лёсы. “Дзяржаўныя экзамены я здавала ўжо з дачкой Светай на руках”, – усміхаецца Валянціна Мяфодзьеўна. Потым у сям’і нарадзіліся Оля і Саша.

 

Разам Панасевічы ўжо 50 год. Залаты юбілей усёй дружнай і вялікай радзінай адзначылі 14 верасня. Між іншым, у гэты дзень імяніны і ў Георгія Іосіфавіча. “У адзін дзень спадобіўся і нарадзіцца, і ажаніцца”, – жартуе ён.

 

Працоўная доблесць

 

За плячамі ў мужа і жонкі – важкі і насычаны падзеямі пласт жыцця. У абодвух стаж звыш 40 год. Пасля заканчэння сельгасінстытута Георгій Іосіфавіч займаў пасаду намесніка старшыні калгаса імя Калініна. Прыгадвае, як днём рассякаў на матацыкле з каляскай па гаспадарцы, а вечарам імчаў на танцы ў Орлю. Але не паспеў прыжыцца ў адным месцы, як у 1969 годзе адправіўся на працу ў процілеглы бок раёна. “Выклікае мяне сакратар райкама партыі Іван Піліпавіч Сільвановіч і кажа: “Накіроўваем цябе ў Першамайск аграномам, але будзь гатовы прыняць саўгас. Я прыязджаю туды. Сустракаюць душэўна. “Спрацуемся”, – кажа аграном. “ Нарэшце дачакаўся спецыяліста”, – задаволены дырэктар. А ўжо праз два дні іх выклікалі ў Мінск. Адзін паехаў на “казле”, а другі на… бензавозе. І вярнуліся адтуль… без пасад”, – прыгадвае былое Георгій Іосіфавіч.

 

Пасля такіх рэзкіх змен Г.І. Панасевіч паўгода выконваў абавязкі галоўнага агранома і кіраўніка. А калі здарылася бяда – загінуў у ДТЗ дырэктар “Вялікай Нявішы”, ён узначаліў гэты саўгас. “Там і прайшла мая дзявятая пяцігодка”, – кажа субяседнік. Дарэчы, у той час пазнаёміўся і пасябраваў з былым рэдактарам раённай газеты А.Д. Змудзяком, які як член райкама партыі быў замацаваны за гаспадаркай. “Увогуле мне заўжды шанцавала на людзей”, – заўважае ветэран працы. 

 

“Мы каранямі ў Жалудку”

 

Гэтымі словамі галава сям’і падкрэслівае: у пасёлку іх сям’я свая сярод сваіх. А пераехалі сюды ў 1975 годзе. Г.І. Панасевіч быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні калгаса “Зара камунізму”. Тады якраз узводзілі свінакомплекс. Начальства з раёна часта праводзіла планёркі, і І.Р. Машко даручыў яму адказваць за якасць будаўніцтва і аснашчэнне новага аб’екта. “Ворагаў тады сабе нажыў, бо хібы ў рабоце прымушаў выпраўляць”, – прызнаецца ён. Выпадалі частыя камандзіроўкі. Ездзіў у сталіцу ўзгадняць пытанні з адвядзеннем зямлі, а па 300 кубоў дошак давялося адправіцца ажно ў Архангельск. Пакуль дабраўся праз Маскву, нарад на матэрыял… абнулілі. Стаў прасіць: “ Дапамажыце, я ж з Беларусіі прыехаў…”. І праз два тыдні два вагоны дошак прыбылі на станцыю.

 

 

– Я цяпер яго ў такую далеч не адпусціла б, – заўважае Валянціна Мяфодзьеўна. – Як расказаў, у якое месца патрапіў, за галаву ўзялася.

 

На календары быў 1990-ы, калі Г.І. Панасевіча абралі старшынёй Жалудоцкага пасялковага Савета. У паветры пахла пераменамі. А ўвогуле вырашаць пытанні жыццядзейнасці жыхароў 18 вёсак у стасусе кіраўніка пассавета давялося да 2003 года, да выхаду на пенсію.

 

І гэта ўсё пра яе

 

– Гэты дом сваімі рукамі ўзводзіў – ад першага цвіка да апошняга, – пераводзіць размову гаспадар дома. – У 1977 годзе пачалі будоўлю, у 1982 засяліліся. Жонка дапамагала. 

 

Яны і цяпер многае робяць разам: нядаўна вось абшылі дом сайдынгам. Муж займаецца пчальніком, а жонка – агародам і кветнікам. Апошняе для яе, так бы мовіць, прафесійная спецыялізацыя. Валянціна Мяфодзьеўна больш за 40 год настаўнічала – выкладала біялогію і хімію. А які ж біёлаг без прышкольнага ўчастка?! Вызначылася з прафесіяй з дзяцінства. Вучачы ўрокі, любіла пераказваць матэрыял уголас. “Быць табе настаўніцай”, – сказала тады матуля. “Ніколі не пашкадавала, што стала педагогам”, – запэўнівае Валянціна Мяфодзьеўна. Яна працавала ў Барэйшышкаўскай васьмігодцы, а з 1975-га па 2005-ы ў Жалудоцкай СШ. Потым яшчэ 6 год у Ашмянцах і год у сваім пасёлку, на пенсію пайшла ў 2013 годзе. Памятае, як давала ўрок біялогіі сямікласнікам у прысутнасці чыноўніка з міністэрства, тагачаснага загадчыка райана Э.С. Дзікевіча і дырэктара школы А.А. Дрыка. Хвалявалася неймаверна. Аднак заслужыла высокую пахвалу і ад сталічнага госця, і ад свайго кіраўніцтва. Урокі і сёння сняцца, прызнаецца жанчына.

 

Галоўнае багацце

 

Што ўласныя дзеці Панасевічаў выраслі дастойнымі людзьмі, атрымалі добрую адукацыю і знайшлі свае месцы ў жыцці, заслуга іх маці і яго жонкі, лічыць Георгій Іосіфавіч. Дочкі і сын скончылі школу з сярэбранымі медалямі, дарэчы, як і сама Валянціна Мяфодзьеўна, а таксама ВНУ. Старэйшая Святлана – урач-неанатолаг, працуе намеснікам галоўнага ўрача па дзяцінстве, акушэрстве і родадапамозе Лідскай ЦРБ. Вольга педагог па адукацыі, цяпер – намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. А сын Аляксандр служыць на мытным пункце пропуску “Беняконі”. Іх працяг – дзеці: Аляксей, Аляксандр, Мікалай, Яўген і Іван. Пяцёра ўнукаў-хлопцаў – гэта сіла!

 

“Доволен я своей судьбой, которая свела меня с тобой. Пошел бы я дорогою другой – и жизнь, наверно, была б другой”, – цытуе Георгій Іосіфавіч вершы ўласнага сачынення, прысвечаныя сваёй прыгожай, вернай і разумнай спадарожніцы жыцця. І такая цеплыня ў голасе, што становіцца зразумелым: гэты сямейны юбілей сапраўды з залатым адлівам.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!