Дзень сельсавета -- мерапрыемства, якое трывала ўвайшло ў практыку работы органаў раённай улады

Гаспадарыць эфектыўна, забяспечыць дастойны ўзровень жыццядзейнасці насельніцтва, падтрымліваць належны парадак на зямлі – гэта галоўныя арыенціры, агульная мэта для ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія размешчаны і працуюць на тэрыторыі Лядскага сельсавета. Такія высновы зрабілі ўдзельнікі чарговага Дня сельсавета – мерапрыемства, што трывала ўвайшло ў практыку работы органаў раённай улады. Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснікі старшыні райвыканкама А.В. Пасюта і Я.Б. Майсей, кіраўнік спраў – начальнік кіраўніцтва справамі А.В. Шкіндзерава, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў і раённай арганізацыі "Белай Русі" Ю.Т. Пашук, кіраўнікі арганізацый і службаў, старшыні сельвыканкамаў, старасты населеных пунктаў.

І на гэты раз не сталі здраджваць традыцыі – наведалі вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, пазнаёміліся з практыкай іх работы, а потым падчас пленарнага пасяджэння абмяняліся ўражаннямі. Знаёмства з лядскім рэгіёнам дазволіла ўбачыць не толькі мясцовыя, але і агульныя праблемы, вырашэнне якіх патрабуе дадатковай увагі.

 Не напаказ, а для людзей

Дзень сельсавета – своеасаблівы экзамен для прымаючага боку. Безумоўна, да мерапрыемства тут рыхтаваліся. Але самы каштоўны вопыт лядскага рэгіёна -- планамерная работа і сістэмны падыход да развіцця і добраўпарадкавання гэтага прыгожага кутка шчучынскай зямлі, цеснае супрацоўніцтва органа ўлады пярвічнага ўзроўню, суб’ектаў гаспадарання і людзей, якія тут жывуць. Пацвярджэнне гэтага можна было ўбачыць па ўсім маршруце.

Вось міні-маркет “Родны кут” у Тапілішках. Прывабная знешне крама абноўлена і ўнутры. Гэта вынік рэбрэндынгу, які, дарэчы, закрануў у раёне 7 гандлёвых аб’ектаў. Цяпер магазін для 740 жыхароў аграгарадка -- тэрыторыя прыемных цэн.

Калі аўтобус узяў накірунак на Ляшчанку, старшыня Лядскага сельвыканкама П.А. Літавар ахвотна расказваў пра тое, што работнікі лясгаса прыбралі ўсе дрэвы, якія навісалі над гэтай дарогай. Пастараліся і дарожнікі: асфальт да вёскі Красная праклалі яшчэ летась. Вёска гэта адпавядае сваёй назве – красная вугламі і слаўная гаспадарамі: сядзібы адна прыгажэй за другую. А два старыя дамы, якія псавалі від, разабралі. “Паглядзіце на культуру земляробства! -- аглядваючы наваколле, захаплялася Г.С. Хвядзюк. – Меліярацыйныя каналы абкошаны, убраныя палеткі ўзараны і засеяны. І гэта зроблена не напаказ, а для людзей”.

Свой стыль у развіцці вытворчасці, навядзенні парадку на зямлі – у кіраўніцтва ААТ “Дэмбрава”. Дарэчы, гэта сельгаспрадпрыемства ўзяло пад сваё крыло частку тэрыторыі і аб’ектаў мясцовай птушкафабрыкі. “Спадчына” была не з лепшых і ў вытворчым плане, і ў сацыяльным: адных толькі будынкаў, якія не выкарыстоўваліся, налічылі ажно 40. Каманда прафесіяналаў на чале з А.В. Туля распрацавала сваю стратэгію і тактыку абнаўлення і перамен. І рэзультат бачны ўжо сёння. Намеснік дырэктара Ю.А. Сакута, іншыя кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў (у дэмбраўскай камандзе многа маладых, ініцыятыўных людзей) з веданнем справы расказалі пра працэсы мадэрнізацыі і аптымізацыі, дзяліліся планамі на будучыню. Так, новае аблічча цяпер у мехмайстэрні ў Амбілеўцах. Тут раскарчавалі стары сад, аптымізавалі і агарадзілі тэрыторыю, зрабілі новую запраўку, прывялі ў парадак пляцоўку для захоўвання тэхнікі і гаражы, распачалі рамонт мехмайстэрні… Па словах галоўнага інжынера Д.І. Ёдчыка, эфект адчулі ўжо на пасяўной. Што немалаважна, людзі заўважылі па сваіх кашальках, як дзейнічаюць новыя прагрэсіўныя расцэнкі за сумленна выкананую работу.

У гэты ж дзень удзельнікі Дня сельсавета ацанілі арганізацыю вытворчых працэсаў на МТФ “Мураўеўка”, дзе ўтрымліваецца 2158 галоў буйной рагатай жывёлы. ААТ “Дэмбрава” ўклала сюды 230 тысяч рублёў. Рэканструяваны сянажна-сіласныя траншэі, узведзены новы цялятнік... Цяпер адсюль штодзень адпраўляюць звыш 14 тон малака, 99,7 працэнта якога -- сортам “экстра”. Калектыў фермы -- маладыя і, як было адзначана, амбіцыйныя кадры.

У нагу з часам імкнуцца ісці і ў ААТ “Шчучынаграхімсервіс”. Прадпрыемства акрамя аўтамабільных грузаперавозак сур'ёзна займаецца дрэваапрацоўкай: за 9 месяцаў на лініі, устаноўленай на вытворчай базе ў Ляшчанцы, распілавана больш за 25000 м.куб. лесу, рэалізавана піламатэрыялаў больш чым на мільён еўра. Галоўныя плюсы – валютная выручка і занятасць людзей (на гэтым участку працуе 70 чалавек). Па словах генеральнага дырэктара С.А. Коўчыка, тут маюць намер давесці аб’ём дрэваапрацоўкі да 50 працэнтаў.

Развіццё вытворчасці, клопат пра людзей – простыя рэчы, на якіх трымаецца ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”. Летась на пляцоўцы ў Тапілішках аднавілі будынак кармацэха і птушнік, зрабілі аптымізацыю тэрыторыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца эканоміцы, якасці прадукцыі і пашырэнню гандлёвай сеткі.

          Гандлёвы павільён “Бярозка” ў Ляшчанцы – прыклад таго, як можна арганізаваць сваю справу, так бы мовіць, без адрыву ад уласнага жылля: невялікая крама прытулілася да дома ІП Р.К. Якусік. На рынку гандлёвых паслуг жанчына-прадпрымальнік ужо з 2005 года. Дарэчы, у краму любяць забягаць і вучні Ляшчанскага дзіцячага сада-СШ, размешчанага непадалёку. Дырэктар, дэпутат раённага і сельскага Саветаў Ф.В. Арабчык задаволены: сёлета іх установа ўключылася ў праект “Школа будучага”. Добрыя ўражанні засталіся ад наведвання майстэрні тэхнічных відаў працы і краязнаўчага музея.

На маршруце аказаўся таксама Шчучынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе пасля рэканструкцыі аддзяленняў створаны камфортныя ўмовы для 275 насельнікаў. Прайшліся ўдзельнікі Дня сельсавета і па Лядску. Вёска сустрэла восеньскімі фарбамі, позірк спыніўся на акуратна заараным лапіку зямлі, дзе яшчэ нядаўна стаяла старая сядзіба, і падсыпаным участку дарогі. Тут, як і ў іншых месцах, адчувалася рука дапамогі галоўнага партнёра сельсавецкай улады – ААТ “Дэмбрава”. “Аб такім садзейнічанні можна толькі марыць”, -- заўважылі калегі П.А. Літавара. Між іншым, і сам кіраўнік органа ўлады пярвічнага ўзроўню ўмее працаваць з людзьмі, выстройваць адносіны з кіраўніцтвам суб’ектаў гаспадарання.

Дарэчы, у касцёле святога Станіслава ў Лядску цяпер новы настаяцель – ксёндз Уладзімір Аксенцьеў, які да гэтага нёс служэнне ў Грузіі. Святар ужо ведае багатую гісторыю духоўнай святыні і паведаў яе гасцям. Непадалёку ад храма – могілкі, дзе парадак падтрымліваюць і самі людзі, і РУП ЖКГ, сіламі якога знесена многа старых дрэў, абсталявана кантэйнерная пляцоўка, арганізаваны вываз смецця.

Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў адміністрацыйным будынку Лядскага сельскага Савета і выканкама. Пад адным дахам з ім месціцца ФАП і храм кнігі, які задавальняе чытацкі попыт жыхароў 14 вёсак, многіх – на даму.

Камандная работа

Усе зацікаўленыя бакі адказна падышлі да вырашэння пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва, адзначыла на пленарным пасяджэнні старшыня райсавета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. Пацвердзіў гэта і начальнік РАНС А.Д. Малюгін: арганізацыі і ўстановы сельсавета ліквідавалі практычна ўсе недахопы, выяўленыя падчас маніторынгу стану пажарнай бяспекі. Прыслухаліся тут і да рэкамендацый узмацніць кантроль за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, лічыць галоўны ўрач Шчучынскага ЦГіЭ П.С. Волчак. А вось праблема п’янства і крадзяжоў застаецца для лядскага рэгіёна актуальнай, адзначыў намеснік начальніка ААПП РАУС У.І. Гваздоўскі. Зрэшты, як і для іншых. Узаемадзеянне пры аказанні сацыяльнай дапамогі маючым патрэбу людзям лічыць важным начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі. Ён жа расказаў аб рабоце, накіраванай на садзейнічанне занятасці насельніцтва.

Падчас сур'ёзнай размовы нагадалі пра неабходнасць у перыяд халадоў праявіць павышаную ўвагу да бяспекі жыцця людзей. Нефармальны падыход і дапамога грамадскасці патрэбны найперш у адносінах да адзінокіх, пажылых і нямоглых, сопаўскіх сем’яў, падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта.

 Былі названы і адрасы прыкладання сіл. Так, чакае рамонту дарога ў Ляшчанцы, трэба замяніць дарожныя знакі, працягваць работы па зносе пустуючых дамоў. Зацікаўленая аўдыторыя таксама абмеркавала арганізацыю лазневага абслугоўвання, іншыя надзённыя пытанні, актуальныя для Шчучыншчыны.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!