Дружба і брацтва – даражэй за любое багацце

На днях ва ўрочышчы ракі Котра адбылося ўрачыстае закрыццё летніх лагерных збораў праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба "Дружына"

Гэта мерапрыемства заўсёды праходзіць па-асабліваму кранальна: навабранцы клуба прымаюць урачыстае абяцанне быць дастойнымі яго членамі, выпускнікі развітваюцца са сваімі сябрамі, а той, хто вытрымлівае выпрабаванні на права насіць чорны берэт і дэманструе выдатныя вынікі пры пераадольванні паласы перашкод, – атрымлівае гэту самую дарагую рэліквію.

Раздзяліць з рабятамі такі ўрачысты момант сабраліся і дарослыя: намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама А.В. Пасюта, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама У.Р. Дубок, дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі І. П. Дзегцярова, намеснік ваеннага камісара, начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Шчучынскага раёна А.А. Сіўко і, канечне ж, іх самыя блізкія сябры – кіраўнік клуба “Дружына” маёр Г.П. Шышкін, камандзір П.П. Найда, благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк, а таксама іншыя.

Госці з цікавасцю знаёміліся з арганізаваным бытам “дружыннікаў”. Прадумана і прадугледжана ўсё да дробязей: рабяты размясціліся ў дзвюх сапраўдных ваенных палатках, якія ім прадаставілі пагранічнікі Гродзенскага пагранатрада. Трапіць на тэрыторыю лагера можна толькі праз прапускны пункт, дзе нясуць дзяжурства выхаванцы клуба. А вось харчуюцца юныя воіны ў лагеры “Касмадром”. За дзевяць дзён збораў рабяты добра адпачылі ў такім цудоўным месцы на самым беразе Котры, займаліся фізічнай і тэарэтычнай падрыхтоўкай.

…Настае хвалюючы момант: Павел Паўлавіч Найда адкрывае мерапрыемства. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь. Адзін за адным прымаюць урачыстае абяцанне навабранцы, сярод якіх і дзве дзяўчынкі. Яны клянуцца свята захоўваць традыцыі клуба і быць яго дастойнымі членамі. “Служу маці-царкве і Рэспубліцы Беларусь!” – гучна разносяцца па паляне іх галасы.

Да рабят звяртаецца намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта:

– Мне вельмі прыемна прысутнічаць на такой урачыстасці і раздзяліць агульную радасць. Спадзяюся, рабяты, вы з карысцю бавілі час на летніх зборах. Хочацца думаць, што заняткі ў клубе “Дружына” паўплываюць на ваша далейшае жыццё, і ў будучым многія выберуць прафесію ваеннага. А пакуль на вас ускладаецца асаблівая адказнасць – вы павінны заўсёды быць прыкладам для сваіх равеснікаў. Вялікі дзякуй дарослым за такую благую справу – выхаванне падрастаючага пакалення.

Словы падзякі кіраўнікам клуба выказаў таксама і намеснік ваеннага камісара, начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Шчучынскага раёна А.А. Сіўко. Ён падкрэсліў, што зборы рабят арганізаваны граматна, у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі. Аляксей Аляксандравіч пажадаў поспехаў выхаванцам клуба “Дружына” .

У адпаведнасці з падве­дзенымі вынікамі дастойныя выхаванцы клуба атрымалі чарговыя званні, многія былі ўзнагароджаны нагрудным знакам Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага ІІІ ступені. Рабяты былі адзначаны граматамі ў розных намінацыях за дасягнутыя поспехі.

І вось надыходзіць самы ўрачысты момант: адзін з выхаванцаў клуба Артур Тарас атрымлівае чорны берэт. Яго ўручае камандзір Павел Паўлавіч Найда.

– Чорны берэт – гэта не проста асаблівая рэліквія, – падкрэсліў Павел Паўлавіч. – Ён накладае пэўныя абавязкі. Той, хто яго носіць, павінен быць удвайне дысцыплінаваным і ва ўсім з’яўляцца прыкладам для іншых.

Сёлета трое выхаванцаў клуба заканчваюць абучэнне і развітваюцца з “Дружынай”. Памятныя знакі выхаванцам клуба “Дружына” разам са словамі на дарогу ўручыў рабятам Павел Паўлавіч. Упершыню сярод выпускнікоў была дзяўчына.

– Сёння для мяне асобы дзень, – гаворыць Даша Патапчык, якая пакідае клуб. – Я займалася тут тры гады. Было і весела, і цікава, а часам і цяжкавата. Але гэта мяне не палохала. Дзякуючы заняткам у “Дружыне” я вырашыла паступаць у інстытут МНС. Паспяхова прайшла медыцынскую камісію, паказала добрыя вынікі па фізічнай падрыхтоўцы, здала цэнтралізаванае тэсціраванне. Цяпер застаецца толькі чакаць. Спадзяюся, мая мара абавязкова спраўдзіцца.

Сярод сёлетніх навабранцаў – Андрэй Хільмончык. Хлопчык прыйшоў у “Дружыну” год таму.

– Я часта бачыў рабят-”дружыннікаў” на розных мерапрыемствах і мне таксама хацелася быць сярод іх у страі, – гаворыць Андрэй. – Сваё жыццё я планую звязаць з Узброенымі Сіламі, таму падрыхтоўка ў клубе будзе мне вельмі дарэчы. У будучым годзе буду старацца атрымаць чорны берэт і прыкладу для гэтага ўсе намаганні.

А вось былы выпускнік праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” Аляксей Мінько не мог не скарыстацца магчымасцю, каб не пабываць на зборах.

– Чатыры гады ў “Дружыне” моцна паўплывалі на мой выбар прафесіі, – гаворыць лейтэнант. – Цяпер я закончыў Ваенную акадэмію і буду служыць у 310 групе артылерыі 120-ай асобнай механізаванай брыгады ў г. Мінску. Падчас свайго водпуску вырашыў пабываць у родным клубе, які, можна сказаць, даў мне пуцёўку ў жыццё. Тая сіла духу, той унутраны стрыжань, упэўненасць, закладзеныя на занятках, заўсёды дапамагалі мне падчас абучэння ў акадэміі. І сёння я вельмі рады пабываць у “Дружыне”.

Лагерныя зборы завяршыліся. Апусцела лясная паляна. Праз год тут зноў сабяруцца выхаванцы клуба “Дружына”, каб у чарговы раз прайсці выпрабаванні, атрымаць запаветны чорны берэт…

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

​​​​​​​

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.