Дажынкавы “вянок”, або “Унукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны...”

Чарговы выпуск новага праекта “Фамільная каштоўнасць” мы вырашылі прысвяціць шчучынцам, якія носяць, так бы мовіць, “хлебныя прозвішчы”. Ды і момант, каб “расшыфраваць” падзеі з кнігі жыцця гэтых людзей, надзвычай спрыяльны: у лістападзе аграрыі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Вось чаму ў размове зрабіла акцэнт на родавую прыналежнасць субяседнікаў да зямлі-карміцелькі, распытала пра іх адносіны да хлебаробскай працы.

“Кожны да хлеба мае дачыненне”
Так небеспадстаўна лічыць Антаніна Станіславаўна Аўсяная з вёскі Лагады. Жанчына прызналася, што пазнаёміўшыся з першымі героямі новага праекта, і на сваё прозвішча глянула па-іншаму. Маўляў, таксама гучыць. Бо і сам хлеб, і ўсё, чым радуе ніва, для кожнага чалавека заўжды з’яўляліся святынямі, сімвалам жыцця і дабрабыту. Пра гэта Антаніна Станіславаўна, працуючы дырэктарам Пазнякоўскай базавай школы (цяпер ужо былой. – Заўвага аўтара), не раз даводзіла сваім вучням – вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам. “Аснова жыцця – хлеб”, – пераканана яна і цяпер. 
Сама ў дзяцінстве спазнала цяжкую сялянскую працу. Нарадзілася ў вёсцы на Лідчыне, у мнагадзетнай сям’і. Рана засталася без маці, самастойна станавілася на ногі. З мужам Канстанцінам Аркадзьевічам яны дзеляць сямейную лусту вось ужо 45 год. Малая радзіма гаспадара дома ў Іўеўскім раёне. Што адметна, там такое “хлебнае” прозвішча – адно на ўсю вёску, ды і ў суседніх не чуваць. “Затое на Урале ёсць цэлае сяло Аўсяных, – заўважае Антаніна Станіславаўна. – Па інтэрнэце я спісалася з расіянкай, яна і расказала”. 


Незвычайнае мужава прозвішча Антаніне Станіславаўне свае “дывідэнды” прыносіла. Адзін з выкладчыкаў універсітэта, дзе яна вучылася, сімпатызаваў студэнтцы Аўсянай, бо, па яго прызнанні, надта любіў аўсяную кашу і аўсянае пячэнне. А ў Пазнякоўскай дзевяцігодцы нават свой дажынкавы “вянок” утварыўся, бо геаграфію выкладала настаўніца Зоя Яўгенаўна Пшанічная, а фізкультуру – Алена Генрыхаўна Каравайская... 
Муж А.С. Аўсянай у сельскай гаспадарцы не працаваў: яго рабочым месцам чвэрць стагоддзя быў гарпаліўзбыт, а потым і школа. Дачка па прафесіі музыкант, развівае творчыя здольнасці дзетак у садку. Унук – эканаміст-праграміст, магістр эканамічных навук, унучка яшчэ школьніца. Між тым, як напісала Ларыса Геніюш: “Унукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны. З працы мы, з чалавечых адносін”. Як бачым, род Аўсяных – з вёскі, ды і ў Лагадах, дзе пражылі з 1971 года, беларучкамі іх не называлі: працы на ўласным участку заўжды хапала, у хлебаробскі стаж яе можна смела залічваць. 
Каравайскія – дружны род
– Памятаю, як даставала з печы бохан хлеба мая цёця. І сёння, здаецца, адчуваю яго смак. А які водар сыходзіў ад гэтага чорнага пласта, што на шырокай лапаце выплываў з нутра печы! – згадвае мая новая знаёмая, жыхарка Шчучына Галіна Нікандраўна Каравайская. – Мае бацькі жылі ў дастатку, я мела магчымасць ласавацца рознымі слодычамі, але адмовіцца ад лусты хатняга хлеба не было сіл. Хлеб – усяму галава!
Галіна Нікандраўна прызнаецца, што любіць паўтараць не толькі гэта народнае выслоўе. У яе моўным лексіконе ёсць і іншыя пазначаныя даўніной, але ўсё адно актуальныя выразы. “Народная мудрасць ніадкуль не бярэцца: яна спісана з самога жыцця, таму такая лаканічная па вымаўленні і глыбокія па сэнсе, – заўважае жанчына. – Толькі ўслухайцеся: “Жыццё пражыць – не поле перайсці”, “ Дзе дружна – там хлебна”...


А самая вялікая навука – бацькоўская, лічыць Галіна Нікандраўна. Яе мама і тата выхавалі дачку дастойнай грамадзянкай, патрыёткай сваёй зямлі, сумленнай, спагадлівай, разважнай і цярплівай. Як і ўсе бацькі, хацелі бачыць шчаслівай. Вучылі цаніць мір, бо абое прайшлі дарогамі вайны ў складзе фарміраванняў першага Беларускага фронту: тата быў сувязістам, мама – медыкам. На фронце яны і пазнаёміліся. Перамогу сустрэлі ў Кёнігсбергу, за адвагу і гераізм былі адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі. Гэта і іх заслуга, што на месцах былых баёў, на “параненых” палетках цяпер каласіцца збажына. 
Так атрымалася, што ўраджэнец Горкаўскай вобласці Расіі Нікандр Лукін і беларуска з-пад Салігорска Ксенія Хоміч знайшлі свой апошні спачын на могілках у Шчучыне. Менавіта ў гэты горад у 1978 годзе лёс прывёў іх дачку Галіну з сям’ёй. З будучым мужам Мікалаем яны пазнаёміліся ў Брэсце: хлопец набываў спецыяльнасць інжынера-будаўніка, а дзяўчына рыхтавалася стаць настаўніцай. Тыя маладыя гады і маладыя жаданні цяпер ва ўспамінах. За плячыма ў Галіны Нікандраўны – 38 год педагагічнага стажу, большасць з якіх яна выкладала хімію ў мясцовым вучылішчы, дзе рыхтуюць, дарэчы, будучых аграрыяў. Свой заўважны след на шчучынскай зямлі пакінуў і Мікалай Пятровіч. Між іншым, некалі ён, галоўны архі­тэктар, фармі­раваў воблік нашага райцэнтра.
 Сям’і старэйшых Каравайскіх ужо больш за чатыры дзясяткі год ад “нараджэння”. Даўно выраслі, стварылі свае сем’і сыны Сяргей і Аляксей. Адзін арганізаваў уласную справу, другі – інжынер-будаўнік, працуе у Астраўцы. Гонар і радасць бабулі і дзядулі унук – студэнт БНТУ – і ўнучкі – дзве гімназісткі і чацвёртакласніца СШ №3. “Галінкі” ад родавага дрэва Каравайскіх растуць прыгожымі і разумнымі.


– Наша сям’я вельмі дружная, – ганарыцца Галіна Нікандраўна Каравайская. – Усе вялікія святы і знакавыя падзеі адзначаем разам. Некалі я любіла пячы караваі і рулеты з начынкамі. Але, каб гэта смаката атрымалася, трэба было добра-такі цеста рукамі вымесіць. Цяпер сілы не тыя, таму перайшла на аблегчаны варыянт здобы – піражкі, торцікі... Унукі задаволены.
І хаця сярод знаёмых Галіны Нікандраўны ўсё больш гараджане, вясковыя карані ў яе нявестак – дзвюх Аленаў. Алена Станіславаўна – настаўніца, а Алена Рамуальдаўна – прадпрымальнік. Да іх родных, як і да ўсіх людзей, якія працуюць на зямлі, і хлебаробскай справы ўвогуле мая суразмоўца толькі з павагай: “Заўжды, калі на ніве багаты спее ўраджай, ганаруся краінай і яе людзьмі. Добры колас, значыць, будзем з хлебам. Летась палі залівала – хвалявалася. Зрэшты, як і ўсе беларусы. Зямны паклон, падзяка ўсім, хто свежым хлебам корміць нас!”.
Пшанічныя “прараслі” на Шчучыншчыне
– Па прафесіі я будаўнік, – распавядае адзін з носьбітаў класічнага “хлебнага” прозвішча – шчучынец Анатоль Васільевіч Пшанічны. – У будаўнічай галіне адпрацаваў звыш трыццаці год. Гэта былі розныя арганізацыі – з гарадской і сельскай прапіскай. Да прыкладу, у 1986 годзе маім месцам работы стаў калгас “Чырвоны сцяг”, які потым змяніў назву на СВК “Балічы”. Пасаду прараба я займаў каля паўтара дзясятка гадоў. Хто араў і засяваў поле, даглядаў грамадскую жывёлу, а наша брыгада клапацілася, каб аграрыі працавалі ў дастойных умовах, – абнаўляла старыя і ўзводзіла новыя вытворчыя памяшканні. 
Па словах субяседніка, будаўніцтва ў калгасе на задворках не знаходзілася. Тагачасны старшыня Эдуард Юльянавіч Зыбко быў чалавекам энергічным, з дзелавой хваткай, жыў не адным днём. У “Чырвоным сцягу” многа будавалі гаспадарчым спосабам. Справа рук масцеравых падначаленых Анатоля Васільевіча Пшанічнага – арачная майстэрня, зернесушылка ў Жданаўцах, добраўпарадкаванне мехдвара, іншых аб’ектаў. 
“Дык калі ж на шчучынскай зямлі з’явіліся Пшанічныя – носьбіты, трэба адзначыць, рэдкага ў нашых краях прозвішча?” – цікаўлюся ў субяседніка. Адказвае, што ў пасляваенны час лёс накіраваў сюды яго бацьку – ураджэнца вялікага ўкраінскага сяла Гарадкоўка, што ў Вінніцкай вобласці. “Там паўсяла з такім прозвішчам, – паўтарае пачутае ад бацькі Анатоль Васільевіч. – Дарэчы, у Шчучыне жыве мужчына, які родам з тых жа мясцін, што і мой тата”.
Хлеб – багацце ўсіх багаццяў. У пасляваенныя саракавыя і пяцідзясятыя гэта разумелі ўсе. Ва Украіне было асабліва голадна, а ў большасці беларускіх сем’яў бохан хлеба на стале ўсё ж ляжаў. Вось і вырашыў былы салдат Васіль Пшанічны застацца на Гродзеншчыне. Што да матулі Анатоля Васільевіча, то яе карані – у вёсцы Мігуны Воранаўскага раёна. Дзяды і прадзеды па мацярынскай лініі – патомныя хлебаробы. Ужо ў Шчучыне ў пары нарадзіліся сын і дачка. 
Анатоль Васільевіч таксама з задавальненнем паведаў, што любіць лес і грыбны сезон. Не супраць папрацаваць у агародзе. А яшчэ сэрца мужчыны сагравае той факт, што ў роду Пшанічных ёсць працяг – яго дзеці і ўнукі. 
* * *
Вось такія цікавыя знаёмствы падараваў новы праект “Фамільная каштоўнасць”. І ён будзе мець працяг. Магчыма, заўтра я прыйду да вас! 
Аўтар праекта Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.