Цёплыя ўспаміны застануцца надоўга. Удзельніца праекта “Цягнік Памяці” Дар’я Барыш падзялілася ўражаннямі ад падарожжа

 

З 20 чэрвеня па 6 ліпеня быў рэалізаваны маладзёжны патрыятычны праект “Цягнік Памяці”. Ініцыятыва аб’яднала 200 школьнікаў з Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана.

 

Разам школьнікі з чатырох краін наведалі 14 гарадоў Беларусі і Расіі. Маршрут цягніка распачаўся з сімвалічнай даты і месца – 22 чэрвеня ў Брэсце. На працягу ўсяго падарожжа цягнік рабіў прыпынкі ў гарадах, гісторыя якіх цесна звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Так, хлопцы і дзяўчаты змаглі наведаць музеі, рэканструкцыі ваенных падзей, сустрэчы з ветэранамі і жалобныя мітынгі ў месцах смутку.

 

Урачыстае закрыццё праекта адбылося ў Маскве, дзе пасажыры “Цягніка Памяці” ўсклалі кветкі ля Вечнага агню ў Аляксандраўскім садзе і наведалі знакамітыя славутасці сталіцы суседняй краіны.

 

Сёлета ўдзел у праекце “Цягнік Памяці” ўзяла і наша зямлячка, вучаніца гімназіі горада Шчучына Дар’я Барыш. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад падарожжа:

 

– За 16 дзён мы праехалі 14 гарадоў, 9375 кіламетраў на цягніку. Кожная лічба тут нясе ў сабе эмоцыі, хваляванні і адчуванне яднання школьнікаў з чатырох краін. Мы ўсе розныя, але нас звязвае агульная гісторыя, страты і перамогі. Без мінулага няма будучыні! І кожны ўдзельнік праекта змог гэта зразумець. Было шмат эмоцый… Слёзы ў мемарыяльным комплексе “Чырвоны Бераг”, радаснае захапленне ў Пецярбургу на “Пунсовых Ветразях”, цікавыя дыялогі з сенатарамі і арганізатарамі праекта, новыя знаёмствы, сяброўства, якое мы ўсе пастараемся пранесці праз жыццё. У нашых краінах столькі ўсяго цікавага! Хацелася хутчэй падзяліцца гэтымі ўражаннямі дома. Таксама “Цягнік Памяці” даў магчымасць паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, я, напрыклад, здымала відэаролікі для тэлеграм-канала праекта. Мы ўжо вярнуліся ў свае гарады і краіны, паміж намі вялікія адлегласці. Але нягледзячы на гэта, сяброўства, набытае на праекце, дае адчуванне блізкасці. “Цягнік Памяці” – гэта не проста культурна-адукацыйны праект, а цэлая гісторыя! Гісторыя, якая пішацца проста зараз і, што немалаважна, спрыяе развіццю патрыятызму сярод моладзі. Цягнік ужо завяршыў свой маршрут, і я ўпэўнена, што гэты праект падарыў кожнаму ўдзельніку не толькі мноства эмоцый, новых знаёмстваў, але і цікавы жыццёвы досвед.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва Дар’і БАРЫШ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!