“Час першых” настаў!

У аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Час першых”, які дзейнічае ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі, я трапіла ў … Сусветны дзень шакаладу. Вось-вось павінна была пачацца дыскатэка “Усе ў шакаладзе” з жартамі, гульнямі, розыгрышамі. Як вядома, дзеці любяць не толькі салодкае, але і адпачываць, і весяліцца пад рытмы сучаснай музыкі. Такую магчымасць ім і прадаставілі крэатыўныя педагогі палаца.

– Наш лагер – гэта лагер для пяцідзесяці самых актыўных і пазітыўных рабят Шчучынскага раёна, – расказвае педагог-арганізатар Таццяна Сяргееўна Трахімчык. – Тут сабраліся лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў – БРПО, БРСМ і маладзёжнага парламента Шчучыншчыны самага рознага ўзросту – ад 11 да 17 год. У двух атрадах – «Д.О.М.» (Детство – особая миссия) и «Экстрым» працуюць шэсць творчых педагогаў, сярод якіх студэнты практыканты.

Усе наведвальнікі лагера жывуць у таямнічым горадзе N, загадкі і тайны якога ім давядзецца раскрыць.

– Напрыклад, учора мы шукалі ў нашым горадзе таленты, – працягвае Таццяна Сяргееўна. – Падчас конкурснай праграмы “Лідар-шоу “Зорны час” былі вызначаны пераможцы вакальнага, танцавальнага і інструментальнага жанраў. Рабяты не толькі атрымалі прызы і граматы РК ГА “БРСМ” за цудоўныя выступленні, якія ім ўручыла в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Анастасія Андрэеўна Цынгалёва, але і былі ўзнагароджаны шквалам апладысментаў.

У лагеры “Час першых” часта бываюць госці: прадстаўнікі Шчучынскага РАНС і Дзяржаўтаінспекцыі, медыкі, псіхолагі, валанцёры Чырвонага Крыжа і іншыя.

– Каб зацікавіць рабят, разнастаіць іх адпачынак, мы выкарыстоўваем самыя розныя формы работы, – гаворыць Таццяна Сяргееўна. – Заўтра ў нас пройдзе квэст-гульня “Шчучыншчына легендарная”, падчас якой школьнікі пры дапамозе розных падказак будуць вывучаць гісторыю нашага горада. Плануюцца розныя тэатральныя і кіна-шоу, флэшмоб, а таксама іншыя мерапрыемствы. Такім чынам рабяты змогуць прадэманстраваць усе свае здольнасці і развівацца ў розных накірунках: спартыўным, інтэлектуальным, творчым. Акрамя гэтага, кожны дзень у нас працуе хобі-цэнтр “Крэатыў”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць выбраць для сябе занятак па душы і наведваць аб’яднанні па інтарэсах, якіх у нас дзевяць. Плануецца, што вынікам адпачынку стане цікавая ініцыятыва нашых лідараў для горада або для палаца. Пакуль мы знаходзімся ў пошуку. Хачу адзначыць, што мы, дарослыя, стараемся ісці ў нагу з нашымі выхаванцамі і знаходзіцца на іх маладзёжнай сучаснай хвалі. Калі ў іх узнікае якая-небудзь прапанова, абавязкова падтрымліваем, накіроўваем і разам рэалізуем.

У чаканні дыскатэкі рабяты рыхтаваліся да будучых мерапрыемстваў. У атрадзе “Д.О.М” рэалізоўвалі сумесную ідэю для конкурсу “Крэатыў-фота”. І атрымлівалася, скажу я вам, сапраўды крэатыўна!

– У лагеры вельмі здорава! – лічыць шасцікласнік СШ №2 г. Шчучына Данік Няцецкі. – Сумаваць мы тут проста не паспяваем. Мне падабаецца ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах: у творчых, спартыўных і іншых. З рабятамі заўсёды весела.

Што цікава, хлопчыкаў у лагеры больш, і яны сапраўдныя актывісты. Але не адстаюць ад іх і дзяўчаты і гатовы падхапіць любую ідэю.

– Я з вялікім задавальненнем прыходжу кожны дзень у лагер, – расказвае Ліза Малюгіна, якая прыехала на канікулы да бабулі з Мінска і вырашыла адпачыць разам са шчучынскімі рабятамі. – Тут – крута, класна! Кожны дзень праводзяцца розныя мерапрыемствы, не падобныя адно на другое. Учора ў лідар-шоу наш атрад заняў адразу тры першыя месцы! А сёння мы весела правядзём час на дыскатэцы. Мне ўсё гэта вельмі цікава, таму што я займаюся вакалам і танцамі, вывучаю акцёрскае майстэрства і наведваю мадэльнае агенцтва.

…Дыскатэка пачалася! Усе насельнікі таямнічага горада накіраваліся танцаваць у хол палаца, дзе для іх арганізавалі сапраўдны танцпол са святламузыкай і спецэфектамі. А пасля дыскатэкі – абед у гімназіі. Менавіта там для іх арганізавана трохразовае збалансаванае смачна-вітаміннае харчаванне. Дзецям падабаецца!

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара і Людмілы НЕМНЫ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!