Моцныя сваім партнёрствам. На пасяджэнні прэзідыума падведзены вынікі работы раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

На пасяджэнні прэзідыума раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа была заслухана справаздача старшыні РА БТЧК Г.С. Мацюк аб рабоце, якая праводзілася на працягу мінулага года, і зацверджан план мерапрыемстваў на 2020 год.  За круглым сталом сабраліся не толькі члены прэзідыума, але і партнёры – прадстаўнікі валанцёрскіх атрадаў як сярод моладзі, так і пажылых людзей, актывісты раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, служба сясцёр міласэрнасці. Намаганнямі вельмі многіх падзвіжнікаў дзейнасць Чырвонага Крыжа ў нашым раёне стала па-сапраўднаму рэзультатыўнай.

 

 -- Мы цэнім Шчучынскую раённую арганізацыю за тое, што яна пастаянна развіваецца, “прырастае” новымі пярвічкамі, знаходзіць спонсараў для добрых спраў, -- гаворыць намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі БТЧК Іна Міхайлаўна Сіцько. – Важна, што стабільна паступаюць членскія ўзносы, дзякуючы чаму ёсць магчымасць аказваць дапамогу нямоглым людзям і тым, хто трапіў у цяжкія жыццёвыя абставіны. Вялікі дзякуй усяму насельніцтву Шчучыншчыны за актыўную грамадзянскую пазіцыю і неабыякавасць сэрцаў.

 

 

Словы ўдзячнасці падчас справаздачнага даклада, які суправаджаўся фотасюжэтамі рэальных спраў актывістаў Чырвонага Крыжа, не раз гучалі і з вуснаў Галіны Станіславаўны Мацюк – у адрас членаў арганізацыі, надзейных партнёраў з сацыяльнай службы і аховы здароўя, сферы адукацыі і вытворчых прадпрыемстваў. Сустрэчы ў працоўных калектывах, гутаркі, трэнінгі, шматлікія акцыі, майстар-класы па навыках аказання першай дапамогі ў экстрэмальнай сітуацыі – гэтымі і іншымі справамі напоўнены будні актывістаў Чырвонага Крыжа.

 

 

Надзвычай запатрабаванай у раёне становіцца медыка-сацыяльная дапамога на даму. Пад такую апеку Чырвоны Крыж узяў 19 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, тры з якіх – інваліды першай групы. Вялікую падтрымку пры гэтым аказваюць як сёстры міласэрнасці, так і актывісты ініцыятыўнай групы “Апора” з ліку “маладых” пенсіянераў, юныя валанцёры школьных атрадаў.

 

 

-- Я ўдзячна, што лёс падарыў мне сустрэчу з такім цудоўным чалавекам, як Алена Уладзіміраўна Крэчка, якая каардынуе работу атрада “Твой выбар” СШ №1 г. Шчучына, -- прызналася Г.С. Мацюк. – Гэта чалавек вялікай душы, таленавіты педагог, які ўмее зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак валанцёрскай справай, раскрыць іх сэрцы на дабрыню і дапамогу іншым.

 

 

  Лідар РА БТЧК нагадала, што па лініі Чырвонага Крыжа ўдалося накіраваць на аздараўленне ў інтаграцыйны лагер, што дзейнічаў у Гродне на базе адпачынку “Купалінка”, чатыры сям’і з дзецьмі-інвалідамі. Такая работа будзе працягвацца і далей, як і праектная дзейнасць па кансалідацыі вопыту здаровага ладу жыцця, гуманітарная дзейнасць, шэфства над падапечнымі аддзяленняў сястрынскага догляду Жалудоцкай і Васілішкаўскай бальніц.

 

 

 – У нас вялікі фронт работ, але і ёсць добрая каманда аднадумцаў ды партнёраў, з якімі па сіле ажыццявіць усё задуманае, -- запэўніла напрыканцы гэтай сустрэчы Галіна Станіславаўна Мацюк.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!