Шчучынскаму раёну прысвячаецца. Аб чым пісала раёнка: юбілей доследнай станцыі, першыя тэлевізары і рэчы напракат
Што такое 80 гадоў для чалавека? Гэта цэлае жыццё, поўнае падзей, здзяйсненняў, надзей і расчараванняў, дасягненняў і правалаў. Вялікі шлях, прайшоўшы які, кожны хацеў бы пакінуць след у памяці людзей. Што такое 80 гадоў для раёна? Гэта доўгі шлях - ад дзедаўскіх метадаў вядзення гаспадаркі да сучасных прагрэсіўных тэхналогій. Гэта шлях, які прайшло не адно пакаленне шчучынцаў. Якім ён быў, гэты шлях? Якімі ідэаламі жылі жыхары раёна, якія планы будавалі на будучыню? Давайце ўспомнім, прагартаўшы нумары нашай раённай газеты.
Сёння наш прыпынак – 1960 год, калі Шчучынскі раён адлічваў 20-гадовы юбілей з моманту свайго ўтварэння. Пра што ж пісала газета ў гэты год? Матэрыялы, якія публікаваліся ў ёй, былі аб розных нарадах, сходах, аб ходзе пасяўных і ўборачных кампаній, ну і, вядома ж, аб розных датах, якіх у савецкай дзяржавы было нямала. Ва ўсім адчувалася кіруючая і накіроўваючая рука партыі камуністаў. Вельмі часта матэрыялы насілі агітацыйны характар, і ў цэлым газета была даволі палітызаванай. Сяло тым часам змянялася на вачах, актыўна ішло будаўніцтва ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.
Газета “Чырвоны сцяг”, 1960 год
Папаўняецца кніжны фонд райбібліятэкі
Нядаўна кніжны фонд раённай бібліятэкі папоўніўся партыяй кніг мастацкай, палітычнай і навуковай літаратуры. У бібліятэку паступіла 300 кніг. Сярод іх творы Аляксандра Фадзеева, Валерыя Язвіцкага, зборнік сатыры і гумару. З палітычнай літаратуры атрымана: “Гісторыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза”, “Палітэканомія” і другія. Многа літаратуры маецца на медыцынскія тэмы. Паступіўшыя кнігі выстаўлены на паліцы для паслуг чытачоў.
Аб ліквідацыі некаторых раёнаў БССР
Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР пастанаўляе скасаваць наступныя раёны па Гродзенскай вобласці: Васілішкаўскі раён, перадаўшы яго сельскія Саветы - Бакштаўскі, Васілішкаўскі, Матыльскі, Першамайскі і Шастакоўскі – у склад Радунскага раёна; Касцянеўскі, Нарашанскі, Навадворскі, Астрынскі, Шайбакпольскі і гарадскі пасёлак Астрына – у склад Шчучынскага раёна.
Новыя дамы
За апошнія гады ў калгасе “Расія” адбыліся вялікія змены ў галіне жыллёвага будаўніцтва. Асабліва прыкметна гэта бачна на вёсцы Дэмбрава. За некалькі год тут поўнасцю пабудавана новая вуліца. Пабудавана звыш 20 хат. Зараз узводзіцца яшчэ больш за 10 будынкаў. Значную дапамогу ў будаўніцтве аказвае праўленне арцелі: адпускае будаўнічы матэрыял, транспарт і г.д.
Рэчы напракат
Для лепшага абслугоўвання насельніцтва ў Шчучынскім культмагу арганізаваны аддзел “Рэчы напракат”. У часовае карыстанне за невялікую плату тут можна ўзяць пральную машыну, гармонік, фотаапарат, швейную машыну і г.д. Жыхары Шчучына ахвотна карыстаюцца рэчамі напракат.
На новыя працоўныя подзвігі, моладзь!
Камсамольцы раёна будуць у гэтым годзе змагацца за атрыманне з кожнага гектара 11 цэнтнераў збожжавых, 300 цэнтнераў цукровых буракоў, 600 цэнтнераў кукурузы. Маладыя даяркі змагаюцца за надой ад адной каровы не менш за 2500 кілаграмаў, свінаркі за тое, каб адкарміць 6200 свіней сярэдняй вагой па 100 кілаграмаў. Камсамольцы і несаюзная моладзь узяліся нарыхтаваць і вывезці на палі 59000 тон торфу і 83000 тон гною, ачысціць ад каменняў і хмызнякоў 600 гектараў лугоў і пашы.
Новы клуб
У вёсцы Острава пабудаваны новы клуб на 300 месц. Нядаўна ён быў здадзены ў эксплуатацыю. Хлебаробы нашай сельгасарцелі вельмі задаволены гэтым. Яны маюць магчымасць культурна і весела адпачываць. Пры клубе адведзена памяшканне пад бібліятэку і кінабудку.
Прысваенне звання Героя Сацыялістычнай Працы
У азнаменаванне 50-годдзя Міжнароднага жаночага дня і за выдатныя дасягненні ў працы званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 253 савецкім жанчынам, у тым ліку Назаравай Ганне Піліпаўне – старшыні калгаса “1 Мая” Жалудоцкага раёна Гродзенскай вобласці.
На заводзе “Аўтапровад”
Завод “Аўтапровад” – новабудоўля сямігодкі. Ён пачаў выпуск асноўнай прадукцыі – электраправадоў для аснашчэння аўтамабіляў і трактароў – толькі ў пачатку бягучага года. Але на прадпрыемстве ўжо ёсць майстры сваёй справы, якія не толькі авалодалі складаным працэсам вырабу так званых пучкоў – камплектаў электраправадоў, але і навучаюць гэтай прафесіі маладых рабочых. У асноўным калектыў прадпрыемства – маладзёжны. Пераважная большасць рабочых – камсамольцы.
Для патрэб новабудоўляў
Кафельна-чарапічны завод “Догі” – адно з буйнейшых прадпрыемстваў райпрамкамбіната. Тут ужо закончаны работы да пачатку новага сезона. Днямі пачнецца выпуск першай прадукцыі. На заводзе поўнасцю рэканструяваны цэгла-вырабляючы агрэгат, устаноўлены транспарцёр з рэдуктарам. Для сушкі цэглы-сырцу пабудавана дадаткова сушыльная павець. У гэтым годзе завод дасць новабудоўлям раёна 1 мільён 100 тысяч штук цэглы – на паўмільёна штук больш, чым у мінулым годзе.
Тэлевізары ў Шчучыне
Радыё шырока ўвайшло ў быт савецкіх людзей. Цяжка ўявіць сучаснае жыццё без радыёперадач. На змену звычайнаму радыё прыходзяць тэлевізары. У апошні час тэлебачанне знайшло шырокае распаўсюджванне сярод сельскіх радыёаматараў раёна. Зараз у Шчучыне налічваецца звыш 10 тэлевізараў. Усе яны ўстаноўлены аматарамі радыё і прымаюць праграмы Вільнюскага тэлецэнтра.
Доследнай станцыі – 50 год
За апошнія гады калектыў доследнай станцыі правёў вялікую работу па вывядзенні новых гатункаў сельскагаспадарчых культур. Ад Балтыкі да Волгі атрымалі прызнанне Беняконскія гатункі жыта, лубіну, ячменю і іншых культур. Гатункі азімага жыта і лубіну, выведзеныя селекцыянерамі доследнай станцыі, раяніраваны ў 26 абласцях нашай краіны і займаюць пасяўную плошчу каля 400 тысяч гектараў. Доследныя палі станцыі зараз раскінуліся на 7100 гектарах, тут працуе 120 навуковых супрацоўнікаў і тэхнічнага персаналу.
Запаліліся “лямпачкі Ільіча”
Нядаўна ў калгасе імя Чапаева адбылася радасная падзея – у дамах калгаснікаў запаліліся “лямпачкі Ільіча”. Збылася даўняя мара – электрычнасць прыйшла на службу хлебаробу. Электрычнае святло запалілася адразу ў двухстах дамах калгаснікаў. Электрыфікаваны таксама ўсе жывёлагадоўчыя фермы і іншыя грамадскія пабудовы. У калгасе ўжо зараз працуе 10 матораў. Пры дапамозе электрычнай энергіі праводзіцца малацьба, здрабленне кармоў, ачыстка насення, распілоўка лесу. У хуткім часе намячаецца ўстанавіць на ферме электрадаільныя апараты. Да канца сямігодкі ўсе калгасы раёна будуць электрафікаваны.
Дзе купіць бензін?
“Як ні дзіўна, але ў Шчучыне нельга купіць некалькі літраў бензіну для запраўкі мотавеласіпеда. Я звярнуўся ў магазін, дзе павінны прадаваць бензін, машыннае масла, а мне там адказалі: пакуль не будзе абсталявана бензакалонка, мы бензін прадаваць не будзем. Цікава ведаць: а калі бензакалонкі зусім не паставяць, як быць тады ўладальнікам аўтамашын, матацыклаў і мапедаў?” У. Антонаў
Жыллёвае будаўніцтва
У Шчучыне з кожным годам шырыцца жыллёвае будаўніцтва. У розных канцах гарадскога пасёлка ўзвышаюцца новыя жылыя дамы. Сёлета здадзена ў эксплуатацыю каля дзесяці многакватэрных камунальных дамоў. Напярэдадні Кастрычніцкага свята будаўнікі закончылі ўзвядзенне жылога дома па вуліцы Камсамольскай. Тут атрымалі кватэры 16 сем’яў рабочых і служачых.
Расце сетка культасветустаноў
У сучасны момант у населеных пунктах раёна, акрамя калгасных клубаў і бібліятэк, працуюць 4 сельскія Дамы культуры, 65 сельскіх бібліятэк, 3 хаты-чытальні, 25 сельскіх клубаў, 2 раённыя і 2 дзіцячыя бібліятэкі. Насельніцтва раёна абслугоўваюць 16 кінаперасовак і 6 стацыянарных кінаўстановак. У культасветустановах працуюць звыш ста культасветработнікаў.
Шмат чаго адбылося за гэтыя 80 год. Але адно застаецца пастаянным: вернасць шчучынцаў сваёй роднай зямлі, іх добрасумленная праца і актыўная грамадзянская пазіцыя.
Сяргей КАСПЯРЧУК.