Студэнты-археолагі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы правялі раскопкі на Шчучыншчыне

 

Знойдзеныя на Шчучыншчыне артэфакты могуць перапісаць уяўленне пра засяленне Панямоння. Замест прывычнага сярэднявечча – бронзавы і нават каменны век. Гэта – галоўны вынік археалагічнай экспедыцыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якая днямі завяршылася ля вёскі Кульбачына.

 

Два тыдні на тэрыторыі сядзібы “Бабровая даліна” ўздоўж берага Астрынкі працаваў археалагічны лагер і віравала археалагічнае жыццё. Студэнты-першакурснікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія навучаюцца па профілях “гісторыя” і “археалогія”, і валанцёры даследавалі міжрэчча Котры і Дзітвы.

 

 

Навуковы кіраўнік экспедыцыі – кандыдат гістарычных навук, дацэнт, выконваючы абавязкі загадчыка кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алесь Гаршкоў раскрывае галоўную інтрыгу:

 

– Мы даследавалі тэрыторыю вакол вядомага Кульбачынскага гарадзішча, якое навукоўцы вывучалі яшчэ напрыканцы 80-х - напачатку 90-х гадоў. Перад намі стаяла задача высветліць: ці толькі гарадзішча знаходзіцца тут, ці цэлы комплекс разам з селішчам і могільнікамі? У выніку … адшукалі селішча і высветлілі, што людзі з’явіліся тут значна раней, чым мы думалі – дзесьці ў бронзавым веку, а магчыма, і ў каменным. А на тэрыторыі сядзібы “Бабровая даліна” знайшлі вельмі цікавыя рэчы XVI-XVII стагоддзяў: унікальную кафлю, рэшткі посуду, косткі жывёл, што гаворыць пра існаванне тут багатага двара.

 

Раскопкі праводзіліся ў межах гранта Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Усе знойдзеныя прадметы (рэшткі посуду, косткі жывёл, кафлю, кавалкі керамікі, крэмень, цвікі, металічныя вырабы і іншае) удзельнікі экспедыцыі старанна зачысцілі, зафіксавалі, пашпартызавалі, прывязаўшы свае даследаванні да спадарожніка. Дзякуючы тэхналагічным навацыям, той жа геалакацыі, цяпер прасцей адсочваць сістэму засялення чалавека ў розныя перыяды. Усе знаходкі папоўняць фонды археалагічных матэрыялаў факультэта, каб надалей выкарыстоўвацца ў навуковых даследаваннях і студэнцкіх працах.

 

 

Чаму менавіта тут і чаму гэта так важна? Доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Піваварчык тлумачыць феномен “малых рэк”:

 

 

– Мы прывыклі, што вялікія гістарычныя адкрыцці робяцца на Нёмане. Але менавіта малыя рэкі часта хаваюць не менш ашаламляльныя таямніцы. У розныя гістарычныя перыяды рэкі былі галоўнымі артэрыямі, па якіх сяліліся людзі, якія пакінулі пасля сябе багатую духоўную і матэрыяльную культуру. Шчучыншчына – унікальны гістарычны рэгіён, багаты рознымі помнікамі, у тым ліку археалагічнымі, прычым, пагранічны рэгіён, дзе калісьці сустрэліся балцкія і славянскія плямёны. Трыццаць гадоў таму Кульбачынскае гарадзішча ўжо дало нам матэрыялы, звязаныя з варагамі X–XI стагоддзяў. Неабходна працягваць вывучэнне ўжо адкрытых археалагічных помнікаў і адкрываць новыя. Дзеля гэтага і працуе наша экспедыцыя, дзеля гэтага праводзім маніторынг на мясцовасці, шукаем новыя аб’екты, якія дазволяць больш шырока вывучаць гістарычныя працэсы. Работа гэта комплексная, сумесная з органамі дзяржаўнага кіравання, бо гэта наша агульная задача – фарміраваць гістарычную памяць, шанаваць спадчыну, каб разумець унікальнасць нашай беларускай гісторыі ў кантэксце вялікай еўрапейскай гісторыі.

 

 

… Вечары ў лагеры праходзілі не толькі за размовамі каля вогнішча, але і за вывучэннем гістарычнай літаратуры. Галоўны скарб гэтай экспедыцыі – не толькі знойдзеныя рэчы, але і фарміраванне новага пакалення гісторыкаў-археолагаў, якія вучацца быць захавальнікамі спадчыны роднага краю.
Мінулае не знікае бясследна. Яно беражліва захоўваецца ў зямлі, чакаючы тых, хто ўмее яго ўбачыць…

 

 

Ала БІБІКАВА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!