Калі ў спадчыну сыну – прафесія. У Дзень энергетыка раскажам пра сям'ю Бондаравых, якія паспяхова працуюць поплеч у Шчучынскім РЭС
Цяпер ужо нават цяжка сказаць, дзе гэтыя двое сустракаюцца часцей – у кругу сям’і ці на рабоце. Уладзімір Мікалаевіч Бондараў у раёне электрычных сетак працуе 33 гады: з дыспетчара вырас да намесніка галоўнага інжынера, а прадпрыемства стала для яго па-сапраўднаму родным. Зразумела, што будучае свайго сына Дзмітрыя таксама хацеў бачыць звязаным з энергетычнай галіной, тым больш, што юнак сярод школьных прадметаў аддаваў перавагу фізіцы і матэматыцы.
Да бацькоўскіх парад, трэба сказаць, Бондараў-малодшы прыслухаўся, паступіў і паспяхова закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, атрымаў спецыяльнасць “энергетычныя сістэмы і сеткі”. Сёння, набыўшы практычны вопыт і аўтарытэт у калектыве, малады чалавек упэўнены, што ў свой час зрабіў правільны выбар.
– Уладкоўвацца на працу ў РЭС прыйшоў на наступны ж дзень пасля ўручэння дыплома, – смяецца Дзмітрый Уладзіміравіч. – Хацелася хутчэй паспрабаваць сябе ў справе. Тое, што тата быў побач, з аднаго боку ўсяляла пачуццё надзейнасці, а з другога – гіперадказнасць, жаданне не падвесці і … даказаць, што і сам па сабе, без бацькоўскай падтрымкі, ты як спецыяліст чагосьці варты.
Тады, у 2008 годзе, Дзмітрыя Бондарава назначылі майстрам вытворчага ўчастка па рамонце паветраных ліній 10 кВ. Гэта вельмі сур’ёзная работа, якая патрабуе і глыбокіх тэхнічных ведаў, і практычных навыкаў, а яшчэ – адказнасці за людзей, за іх бяспеку.
Малады спецыяліст працаваў на сумленне, рос прафесійна і ўжо праз два гады Д.У. Бондараву даручылі падрыхтаваць каманду энергетыкаў для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах “Лепшы па прафесіі”, а пасля дастойнага выступлення шчучынцаў Дзмітрыя назначылі старшым майстрам. У ліпені 2017 года Бондараву-малодшаму даверылі пасаду галоўнага інжынера РЭС.
– А нічога, што Вы аказаліся ў падначаленні ўласнага сына? – звяртаюся да намесніка галоўнага інжынера У.М. Бондарава.
– Тое, што нашы дарослыя дзеці на спіральны віток вышэй за нас – і ёсць залог развіцця цывілізацыі, – парыруе Уладзімір Мікалаевіч. – Ну, а калі без высокіх матэрый, то перад кожным стаяць свае задачы ў працоўным калектыве. Сын займаецца арганізацыяй вытворчасці, курыруе дзейнасць 13-ці брыгад, што абслугоўваюць наш вялікі раён, на тэрыторыі якога, акрамя трох гарадскіх, 425 сельскіх населеных пунктаў! І ўсюды патрэбна электраэнергія, ад якой, як вядома, напрамую залежыць наш камфорт, дабрабыт і развіццё эканомікі.
А ў маёй кампетэнцыі – работа з персаналам, падрыхтоўка спецыялістаў, іх кваліфікацыя. На прадпрыемства ў апошні час прыходзіць моладзь, важна абучыць яе. У нас небяспечная вытворчасць, высокая рызыка, а значыць, ахова працы на першым месцы, – перакананы Уладзімір Мікалаевіч.
Тое, што ў Шчучынскім РЭС працуюць Прафесіяналы з вялікай літары, красамоўна гавораць перамогі нашых энергетыкаў на спаборніцтвах усіх узроўняў: ад абласнога і рэспубліканскага да міжнароднага паміж краінамі СНД і еўрапейскага. Свой уклад у падрыхтоўку шчучынскай каманды, якая сёлета пераможна прадстаўляла ўсю энергасістэму Беларусі ў Латвіі і Казахстане, унёс і “інжынерны альянс” Бондаравых.
Зразумела, што ў бацькі і сына шмат агульных інтарэсаў і па-за работай. Самы глабальны і шматгадовы сямейны праект, які нядаўна ўдалося паспяхова рэалізаваць, – будаўніцтва дома. Літаральна ўсё рабілі сваімі рукамі – бацька і сын! А цяпер маладая сям’я Дзмітрыя і Таццяны Бондаравых, у якіх падрастаюць сын-гімназіст і маленькая дачушка, з задавальненнем чакаюць бацькоў у госці ў новым прыгожым катэджы з мансардай.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць работнікаў энергетычнай галіны з прафесійным святам, выказваюць словы падзякі за адказную і добрасумленную працу, жадаюць усім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, кіпучай жыццёвай энергіі для выканання ўсіх вызначаных планаў.