Квэст-гульня для піянераў прайшла на базе ДУА “Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі”

Ура! Вось і дачакаліся сваёй чаргі... Так, як і акцябраты, піянеры таксама прынялі ўдзел у раённым этапе рэспубліканскай патрыятычнай квэст-гульні “Па слядах Перамогі…”.

 

23 лістапада на базе ДУА “Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі” піянеры “праходзілі” па слядах Перамогі – выконвалі заданні на 5 станцыях маршруту: “Кастровая”, “Вялікія палкаводцы”, “Песня салдацкая”, “Піянерскі КВІЗ “Ведай нашых”. Самай цікавай станцыяй аказалася апошняя: са знойдзеных фрагментаў пазла ўдзельнікі склалі Q-код і прасканіравалі яго. Пасля гэтага з’явілася відэа з заданнем ад Цэнтральнага савета БРПА – зрабіць фота ў выглядзе зоркі і запусціць чэлендж у сацыяльныя сеткі пад #паслядахПерамогі.

 

Пераможцамі квэст-гульні стала каманда “Сталкер” з піянерскай дружыны імя У. Дубініна (гімназія г. Шчучына). З другім месцам павіншавалі каманду з піянерскай дружыны імя М.Казея “Факел” (Галавічпольскі д/с-СШ). Трэцяе месца заняла каманда “Перамога” з піянерскай дружыны імя З. Касмадзям’янскай (СШ №2 г. Шчучына).

 

Усяго ў квэст-гульні прынялі ўдзел 12 каманд.

 

Пасля падвядзення вынікаў удзельнікаў гульні павіншавалі творчымі нумарамі піянеры-лідары Данііл Чарнавокі і Наталля Гарбіна з СШ №3 г. Шчучына. А пераможцы атрымалі сувеніры ад ГА “БРСМ”.

 

Вікторыя ШЫЛКО, старшыня РС ГА “БРПА”.
Фота Людмілы НЕМНА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!