На гарадскім стадыёне “Алімп” прайшлі фінальныя спаборніцтвы круглагадовай спартакіяды сярод каманд сельсаветаў Шчучыншчыны

У спартыўным свяце прынялі ўдзел каля 250 спартсменаў.

Аматараў актыўнага адпачынку вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк:

 -- Нядаўна ў нашай краіне шырока адзначылі Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Хочацца яшчэ раз павіншаваць усіх, хто звязаў сваё жыццё са спортам з прафесійным святам. Прыемна бачыць, што традыцыйная круглагадовая спартакіяда карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў раёна і аб’ядноўвае розныя пакаленні. Сёння ўсе, хто выйшаў “на старт” – ужо перамаглі, таму што прысвяцілі яшчэ адзін дзень свайму здароўю. Няхай вам спрыяе ўдача ў пакарэнні спартыўнага Алімпу.

Карыстаючыся момантам Ганна Станіславаўна ўручыла заслужаныя ўзнагароды настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Святлане Станіславаўне Шмігельскай (Жалудоцкая СШ), Алене Яўгеньеўне Фітцавай (Астрынская СШ) і Віктару Барысавічу Лісоўскаму (гімназія г. Шчучына), якія вызначыліся працай і робяць усё для папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця.

Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі зборнай каманды Васілішкаўскага сельсавета, якая летась стала пераможцай спартакіяды, узнялі сцяг, тым самым даўшы старт спаборніцтвам.

І вось закіпела ўпартая барацьба.

З асаблівым напалам праходзілі спаборніцтвы па міні-футболе, якія сабралі мноства балельшчыкаў. Чэмпіёнскі тытул паміж сабой аспрэчвалі каманды Шчучынскага, Васілішкаўскага, Ражанкаўскага, Каменскага і Лядскага сельсаветаў. Матчы праходзілі надзвычай напружана, з мноствам вострых момантаў і забітых галоў. У той дзень на полі не было роўных васілішкаўскім футбалістам, якія перамаглі ўсіх сваіх сапернікаў і заваявалі “золата”.

 

-- Я гуляю ў футбол з шасці гадоў, а з дванаццаці – выступаю за зборную Васілішкаўскага сельсавета, -- гаворыць Дзмітрый Вашчыла. – Мы шмат трэніраваліся перад спаборніцтвамі, таму выдатна праявілі сябе. Аднак і сапернікі былі вельмі дастойныя. Асабліва складана прайшоў матч з лядскай футбольнай дружынай, якую мы перамаглі з розніцай у адзін мяч – 2:1.

Не менш цікава праходзілі спаборніцтвы па падняцці 24-кілаграмовай гіры. У гэтым відзе спорту ў вагавой катэгорыі да 80 кг ужо ў каторы раз мацнейшым стаў дэмбраўскі асілак Юрый Будрэвіч. У вагавой катэгорыі звыш 80 кг не было роўных яго земляку – старшыні Дэмбраўскага сельсавета Міхаілу Жогла, які зрабіў 80 пад’ёмаў.

 Вельмі відовішчна спаборнічалі паміж сабой спартыўныя сем'і. Бацькі разам са сваімі дзецьмі пераадольвалі лёгкаатлетычную эстафету, кідалі мяч у кольца і гулялі ў дартс. У выніку больш усіх ачкоў набрала сям’я Новік з Каменкі, якая і стала пераможцай. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна сем’і Жэлезняк (Астрына) і Іаскевіч (Орля).

 -- У спартакіядзе мы прымаем удзел упершыню, -- прызнаецца Андрэй Тадэвушевіч Новік. – Прыехалі на спартыўнае свята ў поўным складзе – з жонкай Наталляй Іванаўнай, дачкой Веранікай і сынам Кірылам. Атрымалі шмат пазітыўных эмоцый! Лічу, што бацькі павінны паказваць прыклад сваім дзецям і весці актыўны лад жыцця. Мы ўсёй сям’ёй часта гуляем у футбол, любім ездзіць у велападарожжы. І гэта правільна, таму што ў здаровым целе – здаровы дух!

Кульмінацыяй свята сталі традыцыйныя спаборніцтвы па перацягванні каната. Вось дзе каманды мелі магчымасць прадэманстраваць сілу, вытрымку і вынослівасць! Балельшчыкі ўбачылі ўпартую барацьбу сапраўдных волатаў, і выявіць лідара было вельмі складана. У фінале сышліся дэмбраўскія і ражанкаўскія асілкі, і фартуна ў той дзень была на баку апошніх.

Дарэчы, менавіта спартсмены з Ражанкі сталі пераможцамі ў агульнакамандным заліку. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна зборныя Васілішкаўскага і Дэмбраўскага сельсаветаў. Мацнейшыя спартсмены былі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, кубкамі раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама каштоўнымі падарункамі ад раённых арганізацый “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” і “БРСМ”.

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!