Каменскі сельсавет: тэрыторыя для жыцця і плённай працы

Пазнаёміцца з вопытам работы па забеспячэнні належнага ўзроўню жыццядзейнасці насельніцтва і навядзенні парадку на зямлі – такую мэту ставілі перад сабой арганізатары і ўдзельнікі Дня Каменскага сельсавета. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, дырэктар сельскагаспадарчага вытворчага ўпраўлення “Пратасаўшчына” В.А. Семяновіч.

 

 

Гасцей, а гэта былі адказныя службовыя асобы і прадстаўнікі ключавых службаў раёна, старшыні сельвыканкамаў, пазнаёміў з рэгіёнам і яго адметнасцямі старшыня Каменскага сельскага Савета дэпутатаў С.А. Панас. 

 

– Наша тэрыторыя адрозніваецца кампактнасцю і займае ўсяго 8050 га. Тут, у 19 населеных пунктах, жывуць 795 чалавек, – канстатаваў Сяргей Анатольевіч. – Сваю задачу мы бачым у павышэнні эфектыўнасці работы з насельніцтвам, вывучэнні пытанняў занятасці, быту, адпачынку моладзі і маладых сямей, выяўленні праблем і вызначэнні шляхоў іх рашэння, прафілактыцы негатыўных з’яў.

 

 

С.А. Панас адзначыў, што на тэрыторыі сельсавета адзінокія састарэлыя людзі і інваліды ніколі не застаюцца па-за ўвагай мясцовай улады, сацыяльнай службы, школьнікаў-валанцёраў. Вялікая ўвага ўдзяляецца і навядзенню парадку на зямлі.

 

Сапраўды, у аграгарадку чыста і ўтульна, ландшафт упрыгожваюць клумбы і маладыя дрэўцы. Яшчэ некалькі год таму, лічы, у цэнтры аграгарадка, на месцы старых хацін з’явіліся сучасныя катэджы, што істотна змяніла да лепшага твар Каменкі. У гэтыя дні тут актыўна ідзе пафарбоўка тыпавых агароджаў ля дамоў, заменены пашкоджаныя канструкцыі плоту, адрамантаваны школьныя брамкі, аўтобусны прыпынак, адноўлена дзейнасць лазні. Вялікую работу ў сваіх населеных пунктах праводзяць старасты вёсак Пілеўсі, Глыбокае, Каменка І.У. Бадак, Г.І. Калеснік, Я.І. Кургун і іншыя. А вывучэнне вопыту Алены Антонаўны Шэўчык – старасты вёскі Грамавічы – нават было вынесена на парадак дня гэтага мерапрыемства. 
 

З цікавасцю наведалі госці вучэбна-педагагічны комплекс “Каменскі д/с-СШ”. Гэта навучальная ўстанова заняла першае месца ў конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторыі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вучні пазнаёмілі са школьнымі традыцыямі, правялі цікавую экскурсію па гісторыка-краязнаўчым музеі. Дырэктар Віктар Леанідавіч Розмысл ганарыцца, што толькі па выніках апошняга навучальнага года на рахунку таленавітых каменскіх школьнікаў 16 перамог у інтэлектуальных і творчых конкурсах, 8 спартыўных узнагарод, у тым ліку і абласная. Тут ёсць кім і чым ганарыцца. 

 

Знаёмства з духоўнай спадчынай рэгіёна працягвалася ў Антоніеўскім касцёле, дзе краязнаўца Соф’я Баляславаўна Кахновіч адкрыла гасцям мноства гістарычных фактаў, якімі цікавяцца навукоўцы і замежныя турысты, школьнікі і экскурсанты з усяе Гродзеншчыны. Гэта і архітэктурныя асаблівасці неагатычнага храма, і сляды шляхецкага роду Паўлоўскіх, з якога выйшла знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка, і неардынарныя біяграфіі святароў ды мецэнатаў касцёла.

 

 

Дарэчы, дабрачынныя традыцыі ў Каменцы і сёння маюць свой высакародны працяг. У гэтым удзельнікі Дня сельсавета ўвачавідкі пераканаліся, наведаўшы новы будынак манаскай абшчыны “Сясцёр Маці міласэрнасці”, настаяцельніца якой Марыя Лявонаўна Цыдзік расказала аб партнёрстве з мясцовай уладай і далейшым развіцці распачатай справы.

 

Сапраўдны гонар Каменскага сельсавета – мясцовая гаспадарка СВУ “Пратасаўшчына”. Дырэктар прадпрыемства Віктар Анджэевіч Семяновіч не без гонару канстатаваў, што ўраджайнасць зерневых сёлета склала 70,6 цэнтнера з гектара, а вытворчасць зерня павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 48 працэнтаў! Значна прырасла гаспадарка і ў вытворчасці малака, 94 працэнты якога тут здаюць сортам “экстра”. А гэта рэальныя даходы, якія дазволяць у наступным годзе выйсці на сярэдні заробак у памеры 1 тысяча рублёў.

 

Тэхнічнае пераўзбраенне і перадавыя тэхналогіі, няўрымслівы шлях наватарства – “канёк” гэтага аграпрадпрыемства і яго кіраўніка. Віктар Анджэевіч з агеньчыкам у вачах расказваў пра развіццё сістэмы дакладнага земляробства, інавацыі ў племянной жывёлагадоўлі, раскрываў “сакрэты”, як можна істотна зменшыць затраты, аўтаматызаваць працу, аптымізаваць кадры.

 

 

Тут рацыянальна выкарыстоўваюць як магутную энерганасычаную тэхніку, так і сродкі малой механізацыі. На сучасным зернесушыльным комплексе і камбікормавым заводзе, мехдвары і на нядаўна рэканструяванай ферме “Грамавічы” можна было ўвачавідкі ўбачыць, што словы не разыходзяцца з канкрэтнымі справамі. Цяпер у СВУ “Пратасаўшчына” прыступілі да рэалізацыі чарговага праекта – рэканструкцыі фермы “Залесна”.

 

Нягледзячы на такую насычаную вытворчую дзейнасць, у гаспадарцы зроблена каласальная работа па навядзенні парадку на зямлі: былі дэманціраваны і ўтылізаваны ўсе ўстарэлыя і непатрэбныя вытворчыя збудаванні, рэкультываваны міні-палігоны бытавых адходаў, уцягнуты ў севазварот пусткі і зямельныя ўчасткі пасля разбору старых і незапатрабаваных хацін у вёсках сельсавета…

 

А яшчэ ў СВУ “Пратасаўшчына” вялікую ўвагу надаюць замацаванню кадраў, даражаць маладымі спецыялістамі, будуюць жыллё па новых тэхналогіях. Ужо ў лістападзе будуць здадзены ў эксплуатацыю чатыры каркасна-шчытавыя дамы. У наступным годзе плануецца ўзвядзенне яшчэ васьмі кватэр. 

 

Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў яшчэ адным знакавым месцы – на тэрыторыі паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі “Каменскае”. Тут чатыры гады таму завод “Аўтапровад” узвёў турыстычны комплекс з гасцявымі домікамі, лазняй, канюшняй, заасадам. Гэта месца цяпер вабіць аматараў актыўнага адпачынку. Жыхары раёна (і не толькі!) аблюбавалі яго і для правядзення сямейных урачыстасцей. Сёлета ў “Каменскім” адгулялі ўжо 33 вяселлі!

 

У канферэнц-зале турыстычнага комплексу старшыні сельвыканкамаў мелі магчымасць задаць актуальныя пытанні кіраўнікам РУП ЖКХ, ДРБУ-161, сацыяльнай службы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і інш. Былі абмеркаваны злабадзённыя тэмы і шляхі вырашэння праблем. У цэлым жа калегі ў сваіх выступленнях высока ацанілі тую паслядоўную работу, якая праводзіцца ў Каменскім сельсавеце для паляпшэння якасці жыцця вяскоўцаў і навядзення парадку на зямлі.

 

Вынікі сустрэчы падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!