"ШчучынСпецПашыў": заўсёды запатрабаваныя паслугі
"А вы фартушок з вышыўкай паглядзіце. Ці вось гэты блакітны халацік . Як на вас шыта…", – наперабой прапаноўваюць-раяць мне ў магазіне, ці як тут кажуць – гандлёвым аб'екце, "ШчучынСпецПашыву", што на вуліцы Горкага, 4, у райцэнтры. І гэта актыўнасць работнікаў прадпрыемства зразумелая: рэчы скроены і пашыты іх жа рукамі. А сваё заўжды сэрцу мілае. Зрэшты, на паліцах ёсць і іншы тавар, які зацікавіць пакупніка. Гэта рабочыя касцюмы, пасцельная бялізна, ручнікі, падушкі і коўдры, тэнты і чахлы для аўтамабіляў, цюлі і вуалі з ламбрыкенамі…
– Але галоўная наша спецыялізацыя – пашыў спецадзення, – тлумачыць дырэктар ВГУП "ШчучынСпецПашыў" Наталля Міхайлаўна Дзяніска. – Цяпер, да прыкладу, выконваем заказ ад ваўкавыскага "Беллакта" на 175 рабочых касцюмаў і кепкі з лагатыпам. – А самы буйны і пастаянны заказчык – "Гроднажылбуд". Шыем для будаўнікоў спецадзенне, зімовыя курткі, галаўныя ўборы. У кліенцкай базе таксама лясгас, масласырзавод, "Аўтапровад", "Логал-біо", іншыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Аднолькава ахвотна пашыем і партыю з некалькіх соцень вырабаў, і адну-адзіную рэч. Можам прапанаваць сваю мадэль абноўкі ці прыняць да выканання ўзор заказчыка.
Прадпрыемства стараецца ісці ў нагу з часам: крэатыўны малады дырэктар цікавіцца вытворчымі навінкамі і сучаснай модай. Тая ж куртка на плячах рабочага не павінна мець выгляд мяшка, а быць зручнай, прыгожай і нават стыльнай, лічыць яна. Спытала ў Наталлі Міхайлаўны пра самы запамінальны заказ, які, як кажуць, лёг на сэрца. Аказваецца, летась яны "апраналі" новы дзіцячы садок. Пасцельныя бялізна і прылады для ложкаў, беларускія ўборы для святочных мерапрыемстваў, "прафесійныя" касцюмы для гульняў, фартушкі для юных гаспадынек, цюлевыя вырабы на вокны – гэта справа рук швачак-майстрых са "ШчучынСпецПашыву".
Самы пік заказаў ад прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў прыйшоўся на два папярэднія гады, сцвярджае Н.М. Дзяніска. Сёлета ж больш індывідуальных заказаў. Ад насельніцтва іх прымаюць як на вытворчасці, так і праз сацыяльныя сеткі: у "ШчучынСпецПашыву" свае старонкі ў "Аднакласніках" і "УКантакце", дзе можна даведацца пра паступленне новых тканін, разгледзець іх колеры і ўзоры і, што зручна, адразу ж замовіць неабходнае. Прытым і па стандартных, і па індывідуальных памерах. Так, для пасцельнай бялізны кліенты найчасцей выбіраюць бязь: рэчы з яе добра носяцца, ды і цана прымальная. "Каму падабаецца спаць на прасціне з паркалю ці саціну – калі ласка, выканаем і такі заказ", – гаворыць дырэктар. І расказвае, што цяпер ёсць попыт на падарункавыя наборы ў эксклюзіўным выкананні – да імянін, юбілеяў, свят. "Па жаданні заказчыка можам пашыць рэч з лагатыпам вашай арганізацыі, з надпісам, з фотаілюстрацыяй – у нас у партнёрах" Фота-хаус", – запэўнівае Н.М. Дзяніска. – І ўсё гэта, паверце, будзе насіцца".
А яшчэ жыхароў горада і раёна вельмі запатрабаваны паслугі па рамонце абутку – майстэрня працуе ў будынку былога Дома быту, і адзення – заказы прымаюць на асноўнай вытворчасці.
Каб быць канкурэнтаздольнымі, тут пастаянна дбаюць пра мадэрнізацыю вытворчасці. Так, зусім нядаўна зманціравалі новы спецыяльны стол для раскрою тканін. Гэты прыгажун даўжынёй шэсць метраў ужо апрабаваны ў рабоце.
Трэба сказаць, што "ШчучынСпецПашыў" знаходзіцца пад патранатам грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў", таму гэта сацыяльна арыентаванае прадпрыемства.
– Больш за палову нашага калектыву, а ўсіх 55 чалавек, – людзі з інваліднасцю. Тут яны знайшлі прымяненне сваім здольнасцям і прафесійным навыкам, – расказвае Н.М. Дзяніска. – Адны працуюць пад дахам будынка на вуліцы Горкага, хтосьці на даму – выконваюць заказ "Аўтапровада". Для людзей вельмі важна адчуваць сваю запатрабаванасць. А яшчэ мы практычна штогод ствараем рабочыя месцы для інвалідаў, сродкі на гэта выдзяляе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, і прымаем па 2-3 чалавекі на працоўную адаптацыю. Многія так і застаюцца ў калектыве.
Дырэктар правяла для мяне невялічкую экскурсію па "уладаннях", пазнаёміла з работнікамі. Нечаканым было ўбачыць… яркія шары і букеты кветак на стале ў адной са швачак. Як высветлілася, перад пачаткам рабочага дня калектыў і прафаюзная "пярвічка" павіншавалі калегу з днём нараджэння. Адзначаць разам святы, адпачываць тут увайшло ў традыцыю.
– Людзі ў нас самыя лепшыя! – шчыра хваліць падначаленых Наталля Міхайлаўна. – Ужо другі год запар праводзім конкурс, які так і назвалі: "Лепшы з лепшых": раз на квартал вызначаем тройку швачак, якія папрацавалі найбольш прадукцыйна, а па заканчэнні года – аднаго лідара. Работнікам уручаем падарункі і сертыфікаты.
Дарэчы, у наступным годзе гэтаму прадпрыемству будзе 30 год. Столькі ці амаль столькі на працоўнай вахце майстар цэха Ірына Мар'янаўна Жук, швачкі Галіна Анатольеўна Лабанок, Эры Васільеўна Найбіч, Ларыса Пятроўна Ярмолава, Тарэса Станіславаўна Цывінская, Вольга Васільеўна Нежнік, Аліна Браніславаўна Куроўская. Побач з ветэранамі працы дастойная маладая змена – Аксана Майорава, Анастасія Шоцік і іншыя калегі. А значыць, працяг будзе!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.