57 работнікаў ДУА “Яслі-сад №4 г. Шчучына” далучыліся да "Белай Русі"
Днямі старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ю.Т. Пашук завітаў у гэту ўстанову з прыемнай місіяй – уручыць пасведчанне аб пастаноўцы на ўлік новай арганізацыйнай структуры.
Дарэчы, цяпер на Шчучыншчыне дзейнічаюць 57 пярвічак, у складзе якіх 1160 чалавек. Як адзначыў Юрый Тадэвушавіч, раённая арганізацыя “Белай Русі” зацікаўлена папоўніць свае рады ініцыятыўнымі людзьмі.
– Мы ўзаемадзейнічаем з прафсаюзамі (Ю.Т. Пашук узначальвае таксама раённае аб’яднанне прафсаюзаў. – Заўв. аўтара), раённымі арганізацыямі БРСМ, Беларускага саюза жанчын, з ветэранскай суполкай і іншымі грамадскімі структурамі, стараемся развівацца і расці разам з імі, – падкрэсліў ён.
Кіраўнік РА РГА “Белая Русь” цёпла прывітаў усіх новых членаў грамадскай структуры, а таксама прынародна ўручыў членскія білеты і значкі загадчыцы ясляў-сада № 4 А.А. Федасеевай і выхавацелю І.І. Бекіш, якая абрана старшынёй маладой арганізацыі.
Дарэчы, лідар пярвічкі Ірына Іванаўна Бекіш – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і талентам арганізатара. Гэта вельмі важна ў калектыве, які прыкладна год таму абнавіўся і імкнецца стаць адной дружнай сям’ёй.
– Нашаму калектыву, які працуе ў такім цудоўным дзіцячым садзе, аб’яднаў творчых, адказных, ініцыятыўных людзей, трэба быць у гушчыні грамадскага жыцця і адназначна першым, – лічыць Алена Аляксандраўна Федасеева. – Мяркую, нам будзе цікава працаваць разам з “Белай Руссю”, у арсенале якой шмат карысных спраў.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.