Дзе паветра пахне хлебам... Аграрыі ААТ “Орля” ўжо ўбралі каля 80% пасеваў зерневых і кожны дзень прыбаўляюць па 5-7%

Лідзіруе на жніве камбайнавы экіпаж у складзе механізатара Антона Осіпавіча Пятрашкі і яго сына Дзяніса, на рахунку якіх больш за 1200 тон намалочанага зерня новага ўраджаю.

 

Перадавікоў мы засталі на полі ля вёскі Ліпічанка, дзе тыя ўбіралі азімую пшаніцу.

 

 

– Вы паглядзіце, які неабсяжны абшар! – зазначае вопытны камбайнер Антон Осіпавіч Пятрашка. – Яго плошча – 240 гектараў. Гон тут складае 3 кіламетры, аднак мы падзялілі яго на тры часткі, каб вадзіцелям грузавых аўтамабіляў было прасцей загружацца і аператыўна адвозіць “залаты груз” на зернесушыльны комплекс. На зернеўборачным камбайне “Палессе” з сынам штодзень убіраем прыкладна 20 гектараў, намалочваем каля 80 тон зерня. 

 

– Працаваць з бацькам адно задавальненне, – уключаецца ў гутарку Дзяніс. – Разумеем адзін аднаго з паўслова. Аднак стомленасць усё роўна адчуваецца. Яно і зразумела: кожны дзень мы з пяці гадзін раніцы на нагах і пакідаем поле часцей за ўсё з уключанымі фарамі. Нават харчуемся ля свайго жалезнага каня.
Нягледзячы на высокую загружанасць на працы, малады механізатар не збіраецца шукаць “лёгкага хлеба” ў горадзе. 

 

– На сяле свая рамантыка, таму ў райцэнтр мяне зусім не цягне, – прызнаецца наш суразмоўца. – Не ўбачыш там такой прыгажосці. А тут нават паветра пахне хлебам. Ад гэтага на душы становіцца спакойна і радасна. Ды і заработная плата ў гаспадарцы дастойная.

 

Як высветлілася, Дзяніс Пятрашка прафесіянальны аграном – паспяхова скончыў Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж, а затым і Гродзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ўніверсітэт. Аднак пайшоў па слядах бацькі і ўжо некалькі гадоў працуе ў ААТ “Орля” механізатарам. Прычым дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў.

 

– Усе нашы механізатары добра ведаюць сваю справу і выкладваюцца на жніве па поўнай, – з гонарам зазначае кіраўнік ААТ “Орля” Аляксандр Уладзіміравіч Козіч. – Таму і справа спорыцца. Ужо паклалі ў засекі звыш 5 тысяч тон зерня новага ўраджаю. Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, закончым уборачную кампанію да сярэдзіны наступнага тыдня.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!