Важна з людзьмі гутарку весці
Пагутарыць з людзьмі, выслухаць меркаванні і прапановы сваіх выбаршчыкаў, даць парады, дапамагчы ў вырашэнні праблем – з такой мэтай прыехаў у гарадскі пасёлак Астрына дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 Валерый Іосіфавіч Саўко. Да парламентарыя далучыліся старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, а таксама дэпутаты, якія прадстаўляюць інтарэсы жыхароў астрынскага рэгіёна ў абласным, раённым і сельскім Саветах дэпутатаў, – Ю.М. Аляксей, А.І. Кучынская і В.Г. Паўлюкевіч.
Сумесны прыём грамадзян праводзіўся ў Астрынскім сельвыканкаме і ў чарговы раз пацвердзіў эфектыўнасць такой формы работы. Да народных абраннікаў прыйшлі, каб выказацца па злабадзённых пытаннях грамадскага і асабістага характару, некалькі мясцовых жыхароў. Усе гэтыя людзі, што важна, неабыякавыя да тых сацыяльных і эканамічных працэсаў, якія сёння адбываюцца ў гэтым рэгіёне. Так, цэнтральнай тэмай у размове з дэпутатамі стала добраўпрадкаванне Астрыны, стварэнне належных умоў для жыццядзейнасці людзей. Па меркаванні жыхаркі пасёлка А.М. Баркоўскай, гэты прывабны куточак раёна заслугоўвае таго, каб стаць узорным у плане чысціні, парадку, камфортнай малой радзімай для амаль 1700 яго жыхароў. Дарэчы, менавіта такія мэты ставілі абласная і раённая ўлады, уключыўшы Астрыну ў План мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні пасёлкаў гарадскога тыпу на 2019- 2020 гады. Іх рэалізацыя дапаможа дасягнуць жаданага па павышэнні ўзроўню жыцця людзей. Жанчына пацвярджае: гэта навіна выклікала адабрэнне і падтрымку ў мясцовага насельніцтва. І цяпер астрынчане ў чаканні добрых перамен. Больш таго -- яны хочуць, каб работы ў гэтым напрамку вяліся больш актыўна.
Валерый Іосіфавіч Саўко і Ганна Станіславаўна Хвядзюк запэўнілі заяўніцу, што планы на абнаўленне Астрыны ніхто не мяняў, але на іх ажыццяўленне патрэбны час і сур'ёзныя сродкі.
Аляксандра Міхайлаўна Баркоўская таксама замовіла слова за вуліцу Першамайскую, дзе сама жыве. "Гэта вуліца вельмі запатрабаваная, па ёй людзі ідуць у магазіны, у аптэку, у храм, -- сцвярджала яна. – Ужо даўно чакаем, каб яе заасфальтавалі".
-- Гэтыя пытанні не новыя для раённай улады, -- заўважыла Г.С. Хвядзюк. – Добраўпарадкаванне Астрыны толькі сёлета двойчы абмяркоўвалася з удзелам улады і жыхароў гэтага населенага пункта. У адным з такіх мерапрыемстваў прымаў удзел і старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. У пасёлку найперш трэба правесці рамонт цэнтральнай вуліцы, што ў напрамку на Воранава. Важнымі аб'ектамі з'яўляюцца і школа (будынак патрабуе знешняга і ўнутранага абнаўлення, а прылеглая тэрыторыя –добраўпарадкавання), і бальніца, і сажалка, і іншыя аб'екты. Гэта і плануецца зрабіць.
Дарэчы, пасля заканчэння прыёму дэпутаты прайшліся па пасёлку, у тым ліку і па вуліцы Першамайскай, каб ацаніць яе стан.
За новую яву пасёлка, у тым ліку і ў вытворчай сферы, выказаліся і іншыя грамадзяне, якія прыйшлі на прыём. Так, прагучала пажаданне абуладкаваць пляцоўку з навесам для гандлю прадукцыяй, вырашчанай на ўласных агародах. Як патлумачыла старшыня Астрынскага сельвыканкама Н.І. Лебядзевіч, міні-рынак плануецца зрабіць на вуліцы Жукоўскага, ля гандлёвых аб'ектаў. Тут будзе зручна і, што важна, бяспечна.
"Астрына – далёка не горшы пасёлак", -- лічыць В.І. Саўко. А каб ён набыў новае аблічча, патрэбны намаганні не толькі ўлады, але і ўдзел людзей, якія тут жывуць. Сёння многія павінны задаць сабе пытанне: "А што я сам магу зрабіць для малой радзімы?", слушна лічаць дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Астрынскай выбарчай акрузе, загадчык гарпасялковай бальніцы А. І. Кучынская і прадстаўнік астрынчан у сельскім Савеце, дырэктар ААТ "АграГЖС" В.Г. Паўлюкевіч. Гэтых пазіцый прытрымліваецца і наш абласны дэпутат Ю.М. Аляксей.
Падчас дэпутацкага прыёму былі таксама агучаны іншыя пытанні, у тым ліку асабістага характару. "Разбярэмся. Калі патрабаваннні законныя, дапаможам іх вырашыць", -- запэўніў В.І. Саўко.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.